Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту — сыгнал да зьменаў


Заля Эўрапарлямэнту ў Страстбургу

Заля Эўрапарлямэнту ў Страстбургу

Сёньня Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі. У дакумэнце гаворыцца, што дзеля таго, каб значна палепшыць стасункі з Эўразьвязам, Беларусь павінна выканаць пяць асноўных патрабаваньняў Брусэлю. У прыватнасьці, яна павінна заставацца краінай без палітвязьняў; улады мусяць забясьпечыць свабоду мэдыяў; працягваць супрацоўніцтва з АБСЭ ў справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства… Як ацэньваюць значэньне гэтай рэзалюцыі ў Беларусі?

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў, адказваючы “Свабодзе”, адзначыў, што для дэталёвага аналізу трэба дачакацца афіцыйнага тэксту гэтага дакумэнта:

“Што тычыцца працягу дыялёгу зь Беларусьсю, то гэта вельмі слушны ляйтматыў з боку нашых эўрапейскіх візаві. На дадзеным этапе дыялёг паміж Эўразьвязам і Беларусьсю працягваецца. І нам прыемна адзначыць, што ён усё больш набывае прагматычны, узаемавыгадны характар.

Мы ўжо ў некаторых сфэрах узаемнага інтарэсу шмат у чым прасунуліся з пункту гледжаньня канкрэтных вынікаў. Ужо ўсталяваныя даволі шчыльныя працоўныя кантакты паміж энэргетычнымі структурамі Беларусі і Эўразьвязу, у сельскай гаспадарцы таксама разгортваецца неблагая дынаміка. Таму будзем і надалей дамагацца, каб гэта супрацоўніцтва набывала яшчэ больш плённы характар“.

Вінцук Вячорка
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначае: калі казаць пра першае ўражаньне, то гэты дакумэнт падаецца канстатацыйным.

“Ён асьцярожны, ён ня ўтрымлівае ніякіх выразных ацэнак. І гэта яго безумоўны мінус. Я перакананы, што варта было б сказаць, ці ёсьць зрухі ў кірунку інстытуцыянальных, незваротных, заканадаўчых зьменаў. І калі ўжо заахвочваць да нечага, то менавіта да такіх зьменаў, а ня проста да пачатку дыялёгу з АБСЭ пра магчымыя зьмены выбарчага заканадаўства.

Мяне засмучае тое, што зноў сьцьвярджаецца, што няма палітычных вязьняў. Ну як жа няма, калі ёсьць.
Ну і, безумоўна, мяне засмучае тое, што зноў сьцьвярджаецца, што няма палітычных вязьняў. Ну як жа няма, калі ёсьць! І я зноў жа нагадваю імя Антона Кішкурны. Шкада, што ў дакумэнце не заўважаецца ніякім штрышком зьмена мэтодыкі рэпрэсіяў, для якіх цяпер выкарыстоўваюцца падатковыя інспэкцыі, фінансавыя органы, адміністрацыі прадпрыемстваў, якія звальняюць палітычна актыўных работнікаў. І, у рэшце рэшт, ваенкаматы і ваенна-мэдыцынскія ўстановы. Не хацелася б, каб гэты дакумэнт стаў вестуном такога ўсёдараваньня ў канцы паўгадавога тэставага пэрыяду“.

Палітоляг Алесь Лагвінец падкрэсьлівае: менавіта Эўрапарлямэнт увесь час цікавіцца сытуацыяй у Беларусі:

Алесь Лагвінец
“Ён зьяўляецца той эўрапейскай інстытуцыяй, якая найбольш дбае пра зьмены ў Беларусі. І гэта вельмі важна. А па-другое, мы знаходзімся ў сярэдзіне пэрыяду — тых шасьці месяцаў, якія прапанаваныя беларускім уладам, каб выправіць сытуацыю і пачаць сапраўднае супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам.

І хаця гэтая рэзалюцыя складзеная ў занадта пазытыўных для беларускіх уладаў выразах і ў ёй выказваюцца вялікія чаканьні, яна вельмі важная. Бо гэта тое, што будзе ствараць плятформу для далейшага прыняцьця рашэньня. І відавочна, што ад беларускіх уладаў чакаюць іншых пазытыўных крокаў“.

За рэзалюцыю прагаласаваў 551 дэпутат, супраць — 15, устрымаўся — 31.
XS
SM
MD
LG