Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня шэраг расейскіх выданьняў праанансавалі прыезд у Маскву кіраўніка беларускага ўраду Сяргея Сідорскага. Паведамлялася, што на тле газавага канфлікту з Украінай Масква сьпяшаецца вызначыцца з кантрактам на пастаўку газу ў Беларусь на 2009 год. Аднак у апараце прэм’ер-міністра гэтую інфармацыю абверглі, удакладніўшы, што наступны візыт Сідорскага ў Расею заплянаваны толькі на канец студзеня.

За два тыдні эканамічная спрэчка паміж Масквой і Кіевам перайшла ў палітычную плоскасьць, два дзясяткі краінаў Эўропы ад 7 студзеня не атрымліваюць прыроднага газу.

Аднаўленьне транзыту газу эўрапейскім спажыўцам праз тэрыторыю Ўкраіны было заплянаванае на 13 студзеня. Аднак бакі так і не дамовіліся наконт нюансаў, зьвязаных зь перапампоўваньнем, і сытуацыя засталася на ранейшым узроўні — расейскі газ ва Ўкраіну не паступае, а эўрапейцы прызвычайваюцца да забытых спосабаў ацяпленьня дровамі і вугалем.

Як лічыць эканаміст Станіслаў Гусак, зацягнуты канфлікт паміж Масквой і Кіевам надзвычай паказальны і павінен стаць яскравым урокам для ўсіх зацікаўленых краінаў. Найперш — каб тыя зразумелі, што неабачліва быць да такой ступені залежным ад аднаго пастаўшчыка энэрганосьбітаў:


“Урокі трэба рабіць усім — і ўкраінцам, і беларусам, і эўрапейскім краінам, то бок Заходняй Эўропе. Беларусам найперш трэба думаць пра дывэрсыфікацыю паставак. І ня толькі газу: энэргетыку трэба пераводзіць на мазут і на вугаль, абавязкова. Трэба, каб Беларусь мела магчымасьць пастаўкі звадкаванага газу з Паўночнай Афрыкі. Тэрміналы для гэтага ёсьць. Прыкладам, тэрмінал у латыскім Вэнтсьпілсе не працуе ўжо чатыры гады, можна выкарыстаць яго. Дастаўка звадкаванага газу з Вэнтсьпілсу ў Беларусь вельмі простая: можна дзеля гэтага выкарыстаць чыгунку, іншы транспарт. Ёсьць прадуктаправоды, якія будаваліся яшчэ за савецкім часам. Думаю, што яны таксама ня ў дрэнным стане”.

Беларусь хоць і не падпісала кантракту з “Газпромам” на пастаўкі прыроднага газу ў 2009 годзе, аднак фармальна застаецца ўбаку ад канфлікту. Бяз збояў адбываецца і транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі ў напрамку Польшчы. Як сказаў прадстаўнік газатранспартнага прадпрыемства “Белтрансгаз” Уладзімер Чэкаў, ад пачатку году аб’ём перапампоўваньня газу павялічаны на 35 мільёнаў кубамэтраў штосуткі і цяпер складае 118 мільёнаў кубамэтраў:

“Апошнія суткі я не на месцы, у камандзіроўцы ў Асіповічах. Таму дакладных дадзеных ня маю. Ці адбыліся якія зьмены сёньня — сказаць не магу. Аднак на ўчорашні дзень паказьнікі заставаліся ранейшыя — 118 мільёнаў кубамэтраў транзытнага газу кожныя суткі”.

Як удакладняюць спэцыялісты, вялікіх дывідэндаў ад перапампоўваньня расейскага газу беларускі бюджэт ня мае: асноўная маса паліва ідзе праз участак газаправоду “Ямал-Эўропа”, які належыць “Газпрому”. А гэта значыць, прыбыткі Беларусі ад транзыту зьведзеныя да мінімуму. Прыкладам, з падвышаных 35 мільёнаў кубамэтраў газавага транзыту аб’ём беларускага перапампоўваньня складае толькі 10 мільёнаў.

Застаецца адкрытым і пытаньне кошту расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе. Сёньня некаторыя СМІ напісалі, што ў Маскве адбудуцца перамовы паміж прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім і кіраўніцтвам “Газпрому”. Аднак пазьней прэс-служба Савету міністраў гэтую інфармацыю абвергла. Таму эканамісты па-ранейшаму апэлююць да заяваў, зробленых Аляксандрам Лукашэнкам: маўляў, цягам году Беларусь выйдзе “на цалкам прымальны кошт”, хоць напачатку плаціць давядзецца нашмат больш, чым у другім паўгодзьдзі 2008-га (тады было 128 даляраў за тысячу кубамэтраў).

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Валянцін Мацкевіч заклікае беларускія ўлады зьвярнуць увагу на колішнія напрацоўкі ў галіне энэргетычнай палітыкі, якія вялі незалежныя спэцыялісты ўключна са Станіславам Гусакам:

“Тое, што, прыкладам, запісана — у канцы году кошт будзе ў 2,5—3 разы меншы — дык, можа, так яно і будзе. Але якая цана вызначаная на сёньня — можна толькі здагадвацца. Бо перамовы настолькі зараз зацямнілі, зрабілі іх абсалютна непразрыстымі, што трэба толькі з маленькіх фрагмэнтаў рабіць высновы. Але тут можна толькі варажыць. А ўвогуле, калі казаць пра нейкія варыянты, дык тое, што рабілі колісь эканамісты дэмакратычнага лягеру, цяпер цалкам актуальна. Былі прагнозы, магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў. Але тады ўладамі нічога ня ўлічвалася. Пасадзілі краіну на газавую іголку, і сёньня з такога кошту на газ Расея фактычна шантажуе Беларусь, якая намёртва прывязаная да коштаў газу. Ужо колькі гадоў запар адно і тое ж: як толькі надыходзіць студзень, пачынаецца нэрваваньне, усялякія заявы і г.д.”

Пры канцы гэтага тыдня заплянаваная сустрэча кіраўнікоў краінаў-спажыўцоў і транзытэраў расейскага прыроднага газу, ініцыяваная прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Бакі паспрабуюць выпрацаваць агульны падыход што да паставак газу з Расеі.

XS
SM
MD
LG