Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Роўна 15 гадоў таму, 15 студзеня 1994 году, тагачасны прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Біл Клінтан наведаў з афіцыйным візытам Беларусь.

Для незалежнай беларускай краіны на той момант гэта была надзвычайная зьява – кіраўнік самай магутнай у сьвеце дзяржавы прыляцеў у Менск. Што памятаюць пра гэты візыт у Беларусі сёньня?

Юрась Беленькі быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІ скліканьня. Ён згадвае пра тую падзею:

Юрась Беленькі
“На той час ужо дастаткова выразны быў падзел. Была група “Беларусь”, якая фармавалася з прадстаўнікоў выканаўчай улады і падпарадкоўвалася Кебічу. З другога боку, яе дзейнасьць каардынаваў Генадзь Казлоў, які не хаваў, што яго курыруе Масква. І была апазыцыя БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком.

Мы – дэмакратычныя, нацыянальныя сілы – віталі прыезд прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі. Віталі яго шчырае, чалавечае рушаньне на нашую беларускую зямлю ад імя амэрыканскага народу. І мы адчувалі маральную падтрымку ад імя ўсяго амэрыканскага народу”.

А журналіста Леаніда Міндліна, які ў той час працаваў на Беларускім тэлебачаньні, найбольш уразіла, як прафэсійна працуюць амэрыканцы:

“Павінна была адбыцца сустрэча Клінтана зь беларускай інтэлігенцыяй– навукоўцамі, творцамі – у залі Акадэміі навук. І перад гэтым прыяжджаюць ягоныя іміджмэйкеры, такая магутная каманда. Яны агледзелі залю, пабачылі так званы заднік сцэны і запатрабавалі зьмяніць шэры фон. Яны патлумачылі – прэзыдэнт будзе ў блакітнай кашулі. І фон зьмянілі.

Ну і, безумоўна, памятаецца сустрэча Клінтана зь менчукамі на Плошчы Перамогі. Усе жадалі яму руку паціснуць, у абдымкі ўзяць. А сёньня я згадваю незразумелы мне антыамэрыканізм і адчуваю, наколькі існуе агромністая розьніца”.

Натуральна, што калі прэзыдэнт самай вялікай, самай магутнай дзяржавы прыехаў на гэта месца і на знак салідарнасьці зь беларусамі перадаў гэты памятны знак, то беларусы, якіх таксама можна назваць людзьмі добрай волі, прынялі гэта з удзячнасьцю
Падчас свайго наведваньня Беларусі амэрыканскі прэзыдэнт разам зь Зянонам Пазьняком наведаў Курапаты. Там ён ушанаваў памяць ахвяраў сталінізму і ўсталяваў спэцыяльную лаву -- мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”.

Вандалы неаднаразова зьнішчалі лаву. Але злачынцы ніводзін раз не панесьлі адказнасьці за свае дзеяньні з-за адсутнасьці адпаведнай аховы ўрочышча міжнароднага значэньня, дзе ад рук супрацоўнікаў НКВД гінулі палітзьняволеныя.

Намесьнік старшыні Партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі кажа, што сябры партыі ўжо больш за дзесяць разоў рамантавалі гэты памятны знак:

“Сярод цывілізаваных людзей існуюць нармальныя чалавечыя адносіны. Яны праяўляюцца ў розных формах. Калі Зянон Пазьняк адкрыў сьвету праўду пра Курапаты, то людзі добрай волі, натуральна, адгукнуліся. Яны выказалі свае пачуцьці, яны і сёньня прыяжджаюць сюды, каб аддаць павагу ахвярам бальшавікоў. І, натуральна, што калі прэзыдэнт самай вялікай, самай магутнай дзяржавы прыехаў на гэта месца і на знак салідарнасьці зь беларусамі перадаў гэты памятны знак, то беларусы, якіх таксама можна назваць людзьмі добрай волі, прынялі гэта з удзячнасьцю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG