Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлеб “Радзівілаўскі”, маянэз “Купалаўскі”, гарэлка “Шагал”... Ці дазволена выкарыстоўваць імёны славутых беларусаў у якасьці гандлёвых марак і як да падобнай пэрспэктывы ставяцца цяперашнія беларускія зоркі?

Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну набыў у краме маянэз “Купалаўскі” і, абураны, набраў нумар “Свабоды”:

“Лічу, трэба прыняць закон, каб імя Купалы не было ані на харчах, ані на жаночых пракладках. Відаць, не пра гэта марыў наш славуты пясьняр”.

Што да імені Купалы, яно сапраўды выкарыстоўваецца ўсё больш шырока: Купалаўскі тэатар, Купалаўская станцыя мэтро, фірма “Купала”… Наколькі закона выкарыстоўваць імя славутага паэта ў якасьці гандлёвай маркі ці назвы арганізацыі?

Кансультант Цэнтру інтэлектуальнай маёмасьці Людміла Шах на маю просьбу разьбіраецца з тым, ці зарэгістраваная назва “Купалаўскі” на маянэзе, які выпускае ў Барысаве вытворца “Зэро”.

“К-у-п-а-л-о-в-с-к-и-й… — уносім гэтае слова ў пошук і глядзім. Так, у маёй базе дадзеных такога няма. Такім чынам гандлёвая марка „Купалаўскі“ не зарэгістраваная”.

Паводле закону выкарыстоўваць пэўнае імя ў якасьці гандлёвага знаку не забаронена.
Людміла Шах патлумачыла, што паводле закону выкарыстоўваць пэўнае імя ў якасьці гандлёвага знаку не забаронена, аднак лепш мець на гэта дазвол яго самога ці ягоных сваякоў, калі пэўнага чалавека ня стала. У іншым выпадку пералічаныя асобы могуць зьвярнуцца ў суд, абгрунтаваць страты і — выйграць працэс.

Вось канкрэтны прыклад.Некалькі гадоў таму ў Беларусі спрабавалі вырабляць гарэлку “Шагал”. Сваякі абурыліся. Спачатку фонд імя славутага мастака спрабаваў аспрэчыць такую назву, але яму адмовілі. Потым у судовую спрэчку ўступіла пляменьніца Шагала, і ў выніку гонар мастака ўдалося адстаяць.

Ці гэта сорам, калі славутым імем назавуць маянэз, печыва, гарэлку, іншыя хадавыя спажывецкія тавары?

“Гледзячы якое імя”, — кажа кіраўнік управы таварных знакаў Яўген Зінкевіч. Паводле яго,
Дзейнічае забарона на выкарыстаньне сьвятых прозьвішчаў у якасьці брэндаў.
дзейнічае забарона на выкарыстаньне сьвятых прозьвішчаў у якасьці брэндаў. Таму, у прыватнасьці, у Беларусі адмовілі ў выкарыстаньні імя Аляксандра Неўскага для назвы гарэлкі — расейскі князь прылічаны да сьвятых праваслаўнай царквы.

Яўген Зінкевіч называе яшчэ адно правіла: імя чалавека трэба абараніць ад патэнцыйнага нэгатыўнага адценьня пэўнага тавару. Прыкладам, гандляры спрабавалі зарэгістраваць гарэлку “Чайкоўская”. Але экспэртная камісія палічыла, што на іміджы славутага кампазытара гэта можа адбіцца адмоўна — ўсё ж гарэлка можа прынесьці і вялікую шкоду. А вось ў суседняй Польшчы ёсьць гарэлка “Шапэн” — згадвае сам жа Яўген Зінкевіч і тлумачыць, чаму.

“Уяўляеце, што для Польшчы імя Шапэна? Але дзяржава там што робіць? Яна кажа: вы будзеце выкарыстоўваць гэта імя, але частку прыбытку пералічыце ў фонд імя Шапэна. Гэтак і робіцца.

Што да імя “Купалаўскі”… Так, у нас Янка Купала — славуты паэт. Але ж і ён нарадзіўся з прозьвішчам Луцэвіч, гэта ён творчы псэўданім ўзяў такі — Купала. А Іван Купала — гэта сьвята народнае. Таму тут спрэчнае пытаньне, ці можна іншым выкарыстоўваць гэта імя“.

Выкарыстаньне імён гістарычных асобаў — яшчэ адна важная праблема. У беларускіх законах існуе паняцьце: імя, якое стала ўласнасьцю грамадзтва. На гэтай падставе адна зь вялікіх крамаў у
За даўніной часу ў Вітаўта проста не засталося нашчадкаў, але як быць з рэстаранам “Радзівілаўскі”?
Магілёве носіць назву “Пушкінскай” ніколькі не баючыся, што нашчадкі вялікага расейскага паэта пададуць на ўласьніка крамы ў суд. Гэтак сама без рызыкі могуць прадаваць свой напой вытворцы шампанскага “Князь Вітаўт” — за даўніной часу ў Вітаўта проста не засталося нашчадкаў. Але як быць з рэстаранам “Радзівілаўскі”?

Менскі журналіст Глеб Лабадзенка, які сустракаўся ў Варшаве з нашчадкамі Радзівілаў, пацьвярджае: пэрспэктыва судовай спрэчкі цалкам рэальная.

“Калі я прывёў пані Эльжбэце прыклады, што ў нас ёсьць у Беларусі хлеб „Радзівілаўскі“, было шампанскае „Радзівілаўскае“, ёсьць бар „Радзівіл“, то яна прыемна зьдзівілася, што ў Беларусі гэтак памятаюць яе продкаў. А вось яе пляменьнік пан Мікалай паставіўся да гэтага больш сучасна. Ён сказаў, што калі б гэта здарылася ў Польшчы, то пачаў бы разьбіральніцтва, чаму нехта зарабляе грошы на гэтым імені”.

Нашчадкі Радзівілаў дзейнічалі б не адны — у Польшчы дзяржава абараняе правы асобаў, якія лічацца нацыянальнай каштоўнасьцю. Падобнага стаўленьня ад дзяржавы чакаюць і сваякі Янкі Купалы адносна памяці паэта. Кажа Вадзім Дапкюнас, чыя жонка ёсьць сваячніцай паэта.

“Мая думка такая: пярэчыць гэтаму ніхто ня будзе, але каб гэта было прыстойна, трэба каб за гэтым назірала дзяржава. Маянэз „Купалаўскі“ — ну прабачце, гэтак і іншым якім таварам можна надаць гэта імя. Не, гэта ўсё ж трэба наглядаць, раіцца, дапамагаць”.

А ці хацелі сёньняшнія зоркі, каб іхным імем назвалі шампанскае, гарэлку або хаця б той самы маянэз? Пытаюся ў паэта і пісьменьніка Ўладзімера Някляева, ці быў бы ён ня супраць зьяўленьня ў гастраноме маянэзу “Някляеўскі”?

“Абсалютна ня супраць. Быў бы маянэз добры, галоўнае — які прадукт. Можна напісаць „Вайну і мір“, некалькі частак, якія дагэтуль не састарэюць. А можна і пра маянэз напісаць гэтак, што ўсе будуць чытаць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG