Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“14 лютага выйдзем на плошчу, нават калі не дазволяць”


Леташні Дзень сьвятога Валянціна ў Менску
Леташні Дзень сьвятога Валянціна ў Менску

Актывісты Маладога фронту падалі ў Менскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне традыцыйнай вулічнай акцыі да дня Сьвятога Валянціна 14 лютага.

У гэты дзень маладыя людзі плянуюць наведаць амбасады краін Эўразьвязу і ЗША, а ўвечары правесьці сьвяточнае шэсьце і імпрэзы з удзелам вядомых музыкаў. Арганізатары заяўляюць, што акцыя адбудзецца нават у выпадку забароны.

У аргкамітэт сьвяточнай акцыі сёлета, акрамя маладафронтаўцаў, увайшлі Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Арлоў, Піт Паўлаў, Алесь Пушкін і Павал Севярынец.

Маладафронтаўкі Кася Галіцкая, Наста Палажанка і Тацяна Шапуцька накіравалі ў Менгарвыканкам заяўку, у якой пазначылі маршрут шэсьця ад плошчы Якуба Коласа праз Кастрычніцкую плошчу да будынку ратушы, дзе плянуецца правесьці сьвяточную імпрэзу.

Зьміцер Дашкевіч
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў:

“Малады фронт” зьяўляецца ініцыятарам гэтай акцыі. Мы ніколі не гаварылі, што маем нейкую манаполію на нейкае мерапрыемства, намі ініцыяванае. З радасьцю заклікаем усіх, хто жадае, далучацца да тых акцый, якія мы будзем ладзіць, прымеркаваных да дня сьвятога Валянціна, да дня любові.

Маршрут зьменены для таго, каб прыцягнуць больш увагі да гэтай акцыі, надаць ёй больш выразнасьці, больш прыгажосьці, нешта новае ўнесьці ў яе. Перакананы, што акцыя атрымаецца яшчэ больш прыгожай і пасьпяховай“.

Нагадаем: першую вулічную акцыю ў дзень сьвятога Валянціна правялі актывісты “Маладога фронту” ў 1997 годзе. Толькі двойчы ўдзельнікам акцыі ўдалося пазьбегнуць жорсткага разгону і затрыманьняў. Супраць маладафронтаўца Яўгена Скочкі нават была распачатая крымінальная справа за запуск пэтарды. Традыцыйна маладыя людзі наведвалі 14 лютага амбасады краінаў Эўразьвязу і ЗША. Яны перадавалі ім свае віншавальныя паштоўкі.

Піт Паўлаў
Сябры аргкамітэту паведамілі, што падчас акцыі будуць сюрпрызы. У прыватнасьці, музыка Піт Паўлаў апавёў:

“Прыемная імпрэза. Я даў згоду на такую прыемную рэч. Сьвяткаваньне дня сьвятога Валянціна — больш зразумелае для мяне сьвята, чым тое парнае сьвята, якое нам засталося ад Савецкага Саюзу. Калі разглядаць пытаньне па сутнасьці, то абодва гэтыя сьвяты варожыя для Беларусі.

Уладзімер Цэсьлер зрабіў прыгожыя такія паштовачкі. Там 23 лютага — гэта дзень геяў, а 8 сакавіка — лесьбіянак. Сапраўды, ёсьць чым замяніць. Сапраўды, для мяне 14 лютага — больш прыемнае сьвята”.

Усю інфармацыю пра тое, як будзе адбывацца сьвяткаваньне Дня заканых, арганізатары акцыі разьмясьцілі на сайце 14by.info.

Арганізатары заявілі, што акцыя пачнецца нават калі Менгарвыканкам ня дасьць афіцыйнага дазволу. 14 лютага ўдзельнікі сьвяткаваньня мяркуюць сабрацца а 18-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG