Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ландсбэргіс: недапушчальна, каб грошы ЭЗ пайшлі на АЭС


Вітаўтас Ландсбергіс

Вітаўтас Ландсбергіс

Сёньня позна ўвечары на пленарным паседжаньні Эўрапейскага парлямэнту адбудзецца дыскусія па рэзалюцыі, якая тычыцца сытуацыі ў Беларусі. Чакаецца, што эўрапарлямэнтары канчаткова прымуць яе 15 студзеня.

Ініцыявала прыняцьце рэзалюцыі фракцыя сацыялістаў. Напярэдадні было прапанавана пяць яе варыянтаў. Паводле сябра фракцыі сацыялістаў літоўскага парлямэнтара Юстаса Палецкіса, прапанаваныя праекты мала чым адрозьніваюцца адзін ад аднаго.

“Будзе абмяркоўвацца гэтая рэзалюцыя, будзе абмяркоўвацца ўзровень стасункаў зь Беларусьсю і іх пэрспэктывы. Будуць і нейкія прапановы. Але ў прынцыпе рэзалюцыя ўжо падрыхтаваная. Гэта будзе адлюстраваньне думкі дэпутатаў і фракцый парлямэнту пра ўзровень стасункаў зь Беларусьсю і іх пэрспэктывы”.

Паводле спадара Палецкіса, ахвотных выступіць шмат і меркаваньні будуць гучаць розныя. Чаму Эўрапарлямэнт зноў вяртаецца да сытуацыі ў Беларусі?

“Сапраўды, такі адчувальны момант стасункаў. Якраз праз пару месяцаў парлямэнт павінен прыняць рашэньне і рэкамэндаваць і Радзе ЭЗ, і Эўракамісіі, як далей быць зь Беларусьсю. Але цяпер прамежкавы дакумэнт, каб яшчэ раз нагадаць і сабе, і Менску, што трэба скарыстаць магчымасьці, якія адкрыліся. Усё будзе залежаць ад далейшага руху, найперш з боку Менску. І я зьбіраюся выступіць, што шанец ёсьць і трэба выкарыстаць гэта для ўзаемнага выйгрышу”.

Паводле дэпутата Эўрапарлямэнту ад Літвы Вітаўтаса Ландсбэргіса (фракцыя хрысьціянскіх і эўрапейскіх дэмакратаў), да беларускага пытаньня вяртаюцца, каб паказаць, што Беларусь не забытая і ў яе ёсьць шанец. Вітаўтас Ландсбэргіс адзначыў пэўныя спробы навязаць больш пазытыўны кантакт зь беларускімі ўладамі, выказаць падтрымку, калі Беларусь захоча застацца “асобнай краінай і праводзіць сваю палітыку паміж Расеяй і Эўразьвязам”.

У іншых аспэктах ёсьць нават пагаршэньне. Як, да прыкладу, пачатак будаўніцтва атамнай электрастанцыі расейскага тыпу на мяжы з Эўразьвязам. Зь ліквідацыяй вёсак і пагрозай для вод ракі Нярыс (Вілія — рэд.), якая цячэ ў Літву, а гэта значыць — у Эўразьвяз
“Дапамога, якая выдзяляецца для Беларусі, таксама сьведчыць пра гэта. Хаця там істотна не памяняліся ўмовы ў сэнсе дэмакратыі і правоў чалавека, акрамя вызваленьня палітвязьняў — ня ведаю, усіх ці часткова. Але ў іншых аспэктах ёсьць нават пагаршэньне. Як, да прыкладу, пачатак будаўніцтва атамнай электрастанцыі расейскага тыпу на мяжы з Эўразьвязам. Зь ліквідацыяй вёсак і пагрозай для вод ракі Нярыс (Вілія — рэд.), якая цячэ ў Літву, а гэта значыць — у Эўразьвяз. Гэта, чамусьці, пакуль не разглядаецца”.

Спадар Ландсбэргіс унёс у праект рэзалюцыі адмысловую праўку, бо, як ён адзначае, “адначасова зь вялікай фінансавай падтрымкай немагчыма было б уявіць, каб гэтыя грошы выкарыстоўваліся для такога небясьпечнага праекту”.

Звычайна, калі прымаюцца рэзалюцыі па Беларусі, у Эўрапарлямэнт запрашаюць прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Паводле эўрадэпутатаў, гэтая рэзалюцыя прамежкавая, і запрашэньне будзе праз пару месяцаў, калі Эўрапарлямэнт будзе абмяркоўваць, ці варта скасоўваць візавыя санкцыі адносна афіцыйнага Менску.

Апошняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі прынятая ў кастрычніку мінулага году, пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады парлямэнтары заклікалі прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгода, каб за гэты час у Беларусі былі зробленыя крокі ў бок дэмакратызацыі. Таксама Эўрапарлямэнт заклікаў выканаўчыя органы Эўразьвязу спрасьціць працэдуру атрыманьня эўрапейскіх візаў для грамадзян Беларусі.

Цяпер эўрадэпутаты нагадваюць пяць умоваў, пры выкананьні якіх афіцыйным Менскам істотна палепшацца стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. У Беларусі не павінна быць палітзьняволеных, павінна быць гарантавана свабода мэдыяў і працягнута супрацоўніцтва з АБСЭ ў рэфармаваньні выбарчага заканадаўства. Таксама неабходна палепшыць умовы працы няўрадавых арганізацый і гарантаваць свабоду сходаў і палітычных асацыяцый. Эўрапарлямэнтары спадзяюцца на новыя пазытыўныя крокі з боку афіцыйнага Менску. Да прыкладу, яны прапануюць зарэгістраваць праваабарончы цэнтар “Вясна” і стварыць умовы для вяртаньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту зь Вільні ў Менск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG