Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экалягічны каляндар ад Валера Дранчука


Грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня – адзін зь лідэраў беларускіх “зялёных”, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "TERRA-Канвенцыя" Валер Дранчук. Сёньня спадар Валер знаёміць слухачоў” Свабоды” зь беларускім экалягічным календаром.


Наперадзе цэлы год і сёньня я хачу пазнаёміць слухачоў "Свабоды" зь некаторымі датамі экалягічнага календара. Справа, лічу, гэта ня марная і не такая дзяжурная, як можа падацца. Хоць бы таму, што ў гэтыя дні, пазначаныя на ўсясьветна-міжнародных скрыжалях зялёным колерам, лягчэй знайсьці і прыдатную нагоду: каму – для трыюмфальных службовых справаздачаў, каму – для грамадзянскіх пратэстаў.

У нашай краіне, далёка не лагоднай да іншадумства, такія пратэсты як бы зьлёгку легалізуюцца, і ў кожным асобным выпадку дата як бы дадае магчымасьцяў заявіць пра свае правы на здаровае чыстае асяродзьдзе ў блізкім краявідзе паўней ды галасьней. Выбар тут шырокі: ад арганізацыі пікета ці шэсьця да напісаньня блогу, звароту, гучнай заявы.

Вось, напрыклад, зусім неўзабаве, 2 лютага – Усясьветны дзень водна-балотных угодзьдзяў. Маючы адпаведны сантымэнт ці грамадзянскую пазыцыю, можна ўжо сёньня пачынаць падрыхтоўку. А ў сакавіку, 22-га дня, – усясьветны дзень водных рэсурсаў. Душа так і просіць адзначыць гэты дзень удзячна, парадавацца, адказаць на выклікі, акунуцца ў чыстую палонку. У гэтым жа месяцы – 30 сакавіка – Дзень абароны Зямлі, а літаральна празь дзень – 1 красавіка – сьвет ушаноўвае птушак.

А вось дзень чарнобыльскай трагедыі – паводле беларускага календара, 26 красавіка, у сьвеце адзначаецца як Дзень памяці загінулых у радыяцыйных аварыях і катастрофах. Бадай, самы блізкі да нашай тэмы – Міжнародны дзень біялягічнай разнастайнасьці, які адзначаецца 22 траўня. Хочацца спадзявацца, што гэты дзень ня стане для нашых нашчадкаў сьвятам-успамінам...

Тут, на травеньскім улоньні, я перапынюся, бо на ўсе даты бракуе часу, і буду прасіць “Свабоду”, каб дні, у якія свет пазыцыянуе стаўленьне да прыродных каштоўнасьцяў, навакольнага асяродзьдзя, затрымаліся на сайце асобнай калёнкай і кожны з наведнікаў мог іх раздрукаваць ды па магчымасьці распаўсюдзіць.

Я вось што яшчэ падумаў: было б зусім няблага разьмеркаваць даты экалягічнага календара паміж вядомых аўтарытэтных людзей, грамадзкіх дзеячоў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці: якая бліжэй твайму сэрцу, за тую і бярыся, змагайся, адстойвай, вядзі за сабой – дапамажы прыродзе і блізкаму краявіду!


ЭКАЛЯГІЧНЫ КАЛЯНДАР:

ВЫБЯРЫ КОЖНЫ СВАЁ -- ДАПАМАЖЫ ПРЫРОДЗЕ І БЛІЗКАМУ КРАЯВІДУ!


2 лютага -- Усясьветны дзень водна-балотных угодзьдзяў

22 сакавіка -- Усясьветны дзень водных рэсурсаў

23 сакавіка -- Усясьветны метэаралягічны дзень

30 сакавіка -- Дзень абароны Зямлі

1 красавіка -- Міжнародны дзень птушак

1 красавіка -- Дзень геолага

7 красавіка -- Усясьветны дзень здароўя

22 красавіка -- Дзень Зямлі

26 красавіка -- Дзень памяці загіблых у радыяцыйных аварыях і
катастрофах

22 траўня -- Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасьці

31 траўня
-- Усясьветны дзень без тытуню

5 чэрвеня
-- Усясьветны дзень навакольнага асяродзьдзя

8 чэрвеня -- Дзень абароны акіянаў

17 чэрвеня -- Усясьветны дзень барацьбы з апустэльваньнем і
засухай

6 жніўня -- Усясьветны дзень дзеяньняў за забарону ядзернай
зброі

16 верасьня -- Міжнародны дзень аховы азонавага слою

27 верасьня -- Міжнародны дзень турызму

28 верасьня -- Усясьветны дзень мора

4 кастрычніка -- Усясьветны дзень жывёлаў

10 кастрычніка
-- Міжнародны дзень па зьмяншэньні небясьпекі
стыхійных бедстваў



Сэрыя “Блізкі краявід”. Возера Нарач. У дзясятках кілямэтраў плянуецца будаўніцтва АЭС.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG