Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейска-ўкраінскі газавы канфлікт, крэдыт для Беларусі ад МВФ, дэвальвацыя беларускага рубля, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Расейская кампанія “Газпром” паведаміла, што пастаўкі газу ва Ўкраіну адноўленыя. Эўракамісія заяўляе, што газ у Эўропу амаль не ідзе ці не ідзе наагул. На тэму расейска-ўкраінскага газавага канфлікту наступнае выказваньне:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Украіна яшчэ раз паказала ўсяму сьвету, у якой залежнасьці ад расейскай трубы знаходзіцца ўся Эўропа”.

Міжнародны валютны фонд пастанавіў выдзеліць Беларусі стабілізацыйны крэдыт больш як на два мільярды даляраў на пераадоленьне наступстваў фінансавага крызісу. Камэнтар слухача:

Спадар: “Колькі б дэмакратычныя краіны таталітарнаму рэжыму ні давалі, дэмакратызацыі ў Беларусі не адбудзецца. У 1941—1945 гадах ЗША далі крэдыт-выратаваньне Савецкаму Саюзу. А якую падзяку атрымалі? Халодную вайну”.

Зьніжэньне курсу беларускага рубля на 20% — тэма наступнага тэлефанаваньня:

Спадар: “Гледзячы тэлебачаньне, бачу, як апраўдваюцца Пракаповіч і Лукашэнка. Як шкадлівыя каты апраўдваюцца. А слухачам я б пажадаў, каб ва ўсіх быў сындром Шуры Балаганава, то бок каб кожны ведаў, колькі чалавеку патрэбна на ўсё жыцьцё, каб потым ня страціць гэта ўсё каля абменнага пункту, калі прыйдзе міліцыянт”.

Міліцыя Менскага раёну спыніла расьсьледаваньне справы аб вандалізьме ў Курапатах. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Чуў, што справу пра курапацкіх вандалаў, што ламалі крыжы і былі спайманыя на месцы злачынства, закрылі празь недахоп сьведкаў. Дык гэта ж сьмешна! Калі б гэтыя хлопцы павалілі помнік Леніну, Дзяржынскаму ці яшчэ нейкаму камуністычнаму дзеячу, то ніхто б і не шукаў сьведкаў, а гэтыя хлопцы даўно б сядзелі ў турме. Гэта яшчэ раз пацьвярджае тое, што наш суд цалкам залежыць ад улады, асабліва ў справах, зьвязаных з палітыкай”.

У наступным тэлефанаваньні слухачка задае пытаньне:

Спадарыня: “Мой сын навучаецца ў Мазыры ў ПТВ хімікаў № 226. Ён мне паведаміў, што падчас заняткаў да іх у групу прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і ўзялі літаральна ва ўсёй групы адбіткі пальцаў. Вядома, усе былі супраць, але ніхто ня выступіў, бо хлопцы баяліся, што іх адлічаць з вучылішча. Выяўляецца, што гэтая практыка павальнае дактыляскапіі зноў працягваецца. Законных падстаў для гэтага няма, але гэта ўжо набывае масавы характар. І што з гэтым рабіць?”

На пытаньне адказвае палітык і юрыст Уладзімер Лабковіч:

“Гэта грубае парушэньне дзейнага заканадаўства. Дзяржаўныя органы паказваюць, наколькі нашыя грамадзяне бяспраўныя. Адзінае, што я магу параіць, гэта абавязкова такія дзеяньні абскарджваць і абавязкова адмаўляцца. Бо інакш — гэта паказьнік нашай нізкай прававой культуры, дзе можна чыніць любую сваволю адносна грамадзян”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Я хачу спыніцца на хакеі, які праводзіць Лукашэнка. За кошт пэнсіянэраў пазьбіраў хакеістаў з усяго сьвету. Толькі хваляцца і хлусяць”.

Зіноўеў: “Хачу падзякаваць журналісткам і журналістам “Свабоды” за добрую беларускую мову”.

Спадарыня: “Хачу павіншаваць супрацоўнікаў Радыё Свабода са старым Новым годам і пажадаць шчасьлівага новага году для ўсіх”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG