Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пабудуюць шахты ў Карэліцкім і Стаўпецкім раёнах?


Беларусь, магчыма, будзе здабываць сваю жалезную руду. Два радовішчы у Карэліцкім і суседнім Стаўпецкім раёнах урад мае прапанаваць інвэстарам у канцэсію. Асноўная надзея на замежныя кампаніі, паколькі пабудаваць шахты і ўзбагачальныя фабрыкі будзе каштаваць вельмі дорага. Умовы здачы ў канцэсію павінны быць распрацаваныя ў бліжэйшым часе.

У аддзеле эканомікі Карэліцкага райвыканкаму ведаюць пра пляны распрацоўкі Навасёлкаўскага радовішча жалезнай руды, але пакуль што канкрэтную размову пра гэта пачынаць зарана, сказалі мне, і вось чаму:

“Мы ведаем толькі, што створана камісія, якая павінна зрабіць прапановы адносна дамовы аб канцэсіі, наш намесьнік старшыні выканкаму ў гэтай камісіі. Потым будзе абвешчаны тэндэр для жадаючых узяць гэты аб’ект у канцэсію, і ці будуць яшчэ ахвотныя?”

А пакуль што канкрэтыкі вельмі мала, сказалі ў Карэліцкім райвыканкаме:

“Наколькі я ведаю, геолягі яшчэ да канца не далі свайго заключэньня, што зь сябе ўяўляе гэтае радовішча — аб запасах і якасьці руды. Бо гэта будзе асноўным пытаньнем пры здачы ў канцэсію, і ад яго будзе залежаць — на колькі гадоў здаваць і яго акупальнасьць. І яшчэ стаіць пытаньне — адзін узбагачальны камбінат на два радовішчы, ці ў кожным будаваць”.

У Дэпартамэнце геалёгіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя мне пацьвердзілі зьвесткі адносна абодвух радовішчаў жалезнай руды:

“Рашэньне прынята: яны прапанаваны ў пералік для канцэсіі — Аколаўскае і Навасёлкаўскае. Проста яшчэ ў адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў неабходна распрацаваць праекты канцэсійных дамоваў. І тады будзе паведамлена кампаніям, што адбудзецца конкурс, і будзе вызначана — калі”.

Тэхналягічныя дасьледаваньні беларускай жалезнай руды былі выкананыя ў Расеі:

“Руды, яны лёгкаўзбагачальныя, атрымліваюцца высокаякасныя мэталізаваныя акатышы, якімі карыстаецца таксама наш мэталюргічны завод. Карацей, яны могуць быць сыравінай для мэталюргічнай вытворчасьці.

Запасы ня вельмі вялікія, але дэтальна разьведана Аколаўскае і папярэдне — Навасёлкаўскае радовішча”.

Чаму дзяржава не бярэцца сама за гэты праект? Супрацоўнік міністэрства тлумачыць:

“Каб пабудаваць руднік, шахту, узбагачальны камбінат, плюс усе інфраструктуры, гэта для бюджэту вельмі цяжка, там аграмадныя грошы. Таму іх прапануецца аддаць у канцэсію. Мяркуецца здабыча шахтавым спосабам, як гэта робіца ў “Беларуськаліі”.

Пабудова шахты і ўзбагачальнага камбінату можа прыблізна каштаваць адзін мільярд даляраў… І апошняе пытаньне да супрацоўніка міністэрства прыродных рэсурсаў — наколькі глыбокія шахты спатрэбіцца выкапаць у Карэліцкім і Стаўпецкім раёнах, каб здабываць жалезную руду?

“Навасёлкі? Гэта дзьвесьце-чатырыста мэтраў. На Навасёлках рудныя пласты рэальна схаваныя на глыбінях ад 155 да 700 мэтраў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG