Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто наперадзе – цэны ці вытворчасьць?


Пачатак сёлетняга году прынёс беларусам ня толькі дэвальвацыю рубля, але й рост цэнаў на прадукты харчаваньня. І назіраецца гэта пры нібыта нечувана высокіх выніках працы аграрнага сэктару краіны, асабліва ў мінулым годзе.

На запыты адмыслоўцы гомельскага дзяржаўнага гандлёвага прадпрыемства “Аблгандальсаюз” тлумачаць падаражаньне выключна новымі коштамі, якія запатрабавалі вытворцы хлеба, малака ды мяса. Апошнія, у сваю чаргу, спасылаюцца на плянамернае падвышэньне коштаў у межах так званага інфляцыйнага калідору – паўпрацэнта за месяц.

Гараджане, якія штодня ходзяць у крамы, толькі зьдзіўляюцца:

“Цяпер ў краму зойдзеш – і вочы на лоб: літар звычайнага малака тлустасьці 2,8 працэнта каштуе амаль паўтары тысячы рублёў. Каўбаса вэнджаная – пераваліла ўжо за 32 тысячы. Па цэнах не адчуваецца, што ў нас багацьце сельгаспрадукцыі. Інакш цэны так не кусаліся б”.

Паводле афіцыйных зьвестак, летась сельская гаспадарка сабрала рэкордны ўраджай збожжа – 9 мільёнаў тонаў, альбо на чвэрць больш, чым у папярэднім годзе.

Да найлепшых паказчыкаў савецкіх часоў даведзена вытворчасьць малака й мяса. Па малацэ на душу насельніцтва Беларусь – трэцяя ў сьвеце, па бульбе – наогул першая.

Рост валавых паказьнікаў, аднак, не прычыніўся да зьніжак цэнаў на прадукты харчаваньня. Даволі няўстойлівым застаецца фінансавы стан былых калгасаў і саўгасаў, якія называюцца цяпер вытворчымі сяльгаскааператывамі альбо камунальнымі ўнітарнымі сяльгаспрадпрыемствамі.

Былы кіраўнік калгасу, а цяпер адзін з моцных фэрмэраў у Жлобінскім раёне Міхаіл Пашук лічыць, што ў вёсцы згублена ”я”, згублены гаспадар. Няма належнай інтэнсыфікацыі вытворчасьці, аддачы ад грашовых і матэрыяльных рэсурсаў, якія даюць сяльгаспрадпрыемствам. Таму нават цяперашнія высокія цэны ў крамах на харчы не пакрываюць выдаткаў:

“Такія высокія цэны, яны нават не акупліваюць выдаткі. Пры ўраджайнасьці збожжа 80 цэнтнэраў на гектар і 25 – паглядзіце, колькі сродкаў патрэбна на вытворчасьць адной тоны збожжа. У Эўропе атрымліваюць 70-100 цэнтнэраў збожжа, таму й сабекошт яго ніжэйшы”.

Шараговаму грамадзяніну цяперашні рост валавых паказьнікаў душу ня грэе. Ён жыве, як можа:

“Цэны высокія, а заробкі малыя. Усё таннае купляем – і жывём, як можам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG