Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вогнішча памяці абаронцаў свабоды ў Літоўскім пасольстве


13 студзеня Літоўская Рэспубліка адзначае Дзень абаронцаў свабоды. 18 гадоў таму, у студзені 1991 году, пры супраціве аднаўленьню савецкай ўлады ў Літве загінулі 14 чалавек, сотні былі параненыя. /img/icon-video.gif /img/icon-photogallary.gif


У 1991 годзе, пасьля прыняцьця парлямэнтам Літвы Дэклярацыі пра дзяржаўную незалежнасьць, кіраўніцтва СССР вырашыла ўтрымаць Літву пры дапамозе вайсковай сілы. Уначы з 12 на 13 студзеня савецкія вайскоўцы захапілі стратэгічна важныя аб’екты — парлямэнт, тэлевежу, будынкі радыё і тэлевізіі, Дом друку. Тысячы людзей бяззбройнымі выйшлі супраць савецкіх танкаў. Незалежнасьць Літвы была абароненая.

Эдмінас Багдонас
Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эдмінас Багдонас сказаў:

“Такая ўжо ў нас традыцыя — мы ўзгадваем 1991 год. Здаецца, што гэта было так даўно, і немагчыма было падумаць, што такое калісьці ў нейкай ступені дзе-небудзь можа паўтарыцца… Страшная справа — наша гісторыя, і мы гэта ўзгадваем. Але на сёньняшні дзень хто на 100% можа гарантаваць, што такое не паўторыцца? Ніхто! Вось дзе праблема…”



У амбасадзе паказалі дакумэнтальныя кадры тых падзеяў, зробленыя ў надзвычай складаных умовах кінааматарамі. Дарэчы, вайсковай апэрацыяй тады кіраваў генэрал Уладзімер Усхопчык, былы намесьнік міністра абароны Беларусі.


У студзеньскіх падзеях 1991 году змагароў за незалежнасьць Літвы падтрымала і шмат беларусаў, якія рызыкавалі жыцьцём разам зь іншымі ўдзельнікамі абароны літоўскага парлямэнту. Журналіст, літаратар Сяргей Дубавец разам з васьмю беларусамі быў узнагароджаны літоўскім мэдалём “За адвагу ў памяць пра 13 студзеня”.

Сяргей Дубавец
“Ёсьць такая велічэзная прыцягальнасьць паветра перамен, паветра свабоды. І тут неістотна: беларусы, літоўцы — хто заўгодна. І тыя, хто былі на Кастрычніцкай плошчы ў 2006 годзе, прыблізна тое самае перажывалі.

Ну якія могуць быць страхі, калі мы ўсе разам, і мы ёсьць народ? Тым больш, што ведалі, што гэтыя танкі — гэта савецкае войска, з савецкімі камандзірамі. Калі чужынцы, прышлыя людзі зьнішчаць людзей тутэйшых, значыць, зьнішчаць і ўвесь народ. А, як кажуць, разам з народам ня страшна быць зьнішчаным. Разам са сваім народам”.

Сёньня ўвечары ў дворыку амбасады Літвы ў Менску ў памяць аб трагічных і гераічных падзеях запалілі сымбалічнае вогнішча й сьвечкі…



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG