Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета Беларусь заняла 167-е месца ў рэйтынгу эканамічнай свабоды, які з 1995 года вызначаюць амэрыканскі дасьледчы фонд “Heritage Foundation” і газэта “The Wall Street Journal”. Сёлетні рэйтынг Беларусі – найгоршы за ўсе папярэднія гады.

Індэкс эканамічнай свабоды параўноўвае ўмовы для эканамічнага разьвіцьця ў 179 краінах сьвету.

У рэйтынгу краіны ацэньваюцца паводле 10 паказьнікаў, якія адлюстроўваюць розныя аспэкты эканамічнага жыцьця: свабоду прадпрымальніцтва, гандаль, падатковую сыстэму, урадавыя выдаткі, цэнавую палітыку, свабоду інвэстыцый, банкаўскую сыстэму, гарантаванасьць прыватнай уласнасьці ад пасяганьняў дзяржавы, узровень карупцыі ў эканоміцы, рынак працы. Кожны з гэтых паказьнікаў, як і агульны індэкс эканамічнай свабоды, вымяраецца паводле стобальнай шкалы — 100 балаў адпавядаюць максымуму свабоды, 0 — мінімуму.

Мэтадалёгія вызначэньня гэтых паказьнікаў пададзеная на сайце http://www.heritage.org/. Вылічэньні, якія ўжываюцца дзеля вызначэньня індэксу эканамічнай свабоды, даволі элемэнтарныя і даступныя для чалавека з базавай матэматычнай адукацыяй.

Сёлета Беларусь атрымала агульную ацэнку 45 балаў, што дало ёй апошняе месца сярод эўрапейскіх краінаў. Дый сярод постсавецкіх краінаў горшае за Беларусь месца заняў толькі Туркмэністан –169-е, агульная ацэнка 44,2 бала.

А вось якія месцы занялі некаторыя постсавецкія краіны: Эстонія –13-е, Армэнія –31, Кыргызстан –74, Малдова –120, Расея –146, Украіна –152. Найбольш свабодная эканоміка, паводле “Heritage Foundation” і “The Wall Street Journal”, існуе ў Ганконгу (90 балаў), потым у Сынгапуры (87,1) і Аўстраліі (82,6).

Найвышэйшы індэкс эканамічнай свабоды ў Эўропе мае Ірляндыя (82,2), якая заняла 4-е месца ў гэтым рэйтынгу. Рэйтынг замыкаюць эканомікі Кубы, Зімбабвэ і Паўночнай Карэі.

Сёлетняя публікацыя індэксу эканамічнай свабоды суправаджаецца некалькімі артыкуламі экспэртаў “Heritage Foundation” і “The Wall Street Journal”, якія, аналізуючы 15-гадовую практыку вылічэньня гэтых індэксаў, робяць некаторыя агульныя сацыяльна-эканамічныя высновы.

Паводле Тэры Мілера, чым вышэйшы індэкс эканамічнай свабоды ў краіне, тым большая імавернасьць, што краіна ўтрымае эканамічны рост і паменшыць беднасьць насельніцтва.

А паводле Стывэна Мура, утрыманьне эканамічнага росту і дасягненьне заможнасьці — найбольш імаверныя тады, калі кіраўніцтва краіны ў змозе захаваць нізкія падаткі, утрымаць стабільную валюту, абмежаваць ўплыў чыноўнікаў на эканоміку, гарантаваць надзейную ахову прыватнай уласнасьці, адкрыць краіну для глябальнага рынку і фінансавых патокаў ды праводзіць “разумнае рэгуляваньне” эканомікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG