Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША вітае выдзяленьне крэдыту МВФ і нагадвае пра неабходнасьць структурных эканамічных рэформаў у краіне.

У распаўсюджанай з нагоды ўчорашняга выдзяленьня Беларусі крэдыту МВФ ў памеры 2,46 мільярда даляраў заяве, амбасада ЗША ў Менску зазначыла аб сваёй падтрымцы “важных і пазытыўных крокаў Беларусі, зробленых ў кансультацыях з МВФ, накіраваных на пераадоленьне эканамічнага крызысу і ўмацаваньне беларускай эканомікі і фінансавай сыстэмы”.

“Беларусь павінна прайсьці праз гэтыя крытычныя рэформы і захоўваць шчыльныя кансультацыі з МВФ”,– зазначае амбасада ЗША і ў Менску і выказвае перакананьне, што “Беларусі патрэбныя дадатковыя структурныя рэформы”: далейшая цэнавая лібэралізацыя, празрыстая прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, зьмены ў заканадаўстве і працэдурах, якія рэгулююць разьвіцьцё прыватнага сэктару эканомікі, захады, якія б гарантавалі працу фінансавых інстытутаў на камэрцыйнай аснове.

“З нашага пункту гледжаньня, такія рэформы дапамогуць забясьпечыць доўгатэрміновы эканамічны рост, заахвоціць інвэстыцыі, забясьпечыць месца Беларусі ў глябальнай эканоміцы і на рэгіянальных рынках, а таксама пераадолець наступствы цяперашняга фінансавага крызысу”,– зазначаецца ў заяве амбасады ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG