Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны рыхтуюць праект пэнсійнай рэформы, паводле якой могуць скараціць ці ўвогуле скасаваць пэнсіі пэнсіянэрам, якія працуюць.


Пра рэфармаваньне пэнсійнай сыстэмы як пра рэч непазьбежную заявіў дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БелТА міністар працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык. “Сёньня дзяржава ня можа дазволіць сабе выплачваць пэнсію людзям, якія паводле стану здароўя могуць працаваць”, — сказаў міністар Патупчык. Калі рэформа пачнецца, спадар міністар не паведаміў. Паводле зьвестак, праект новага закону аб пэнсійнай сыстэме яшчэ толькі рыхтуецца.

Ці сапраўды плянуецца адмяніць выплату пэнсій пэнсіянэрам, якія працуюць?

“Свабода” паспрабавала даведацца пра дэталі рэформы ў прэсавай службе міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Кіраўнік службы Галіна Трафіменка сказала:

“Больш нічога міністар дадаць да сказанага ня можа, бо праца толькі-толькі пачалася”.

У галоўнай управе пэнсійнага забесьпячэньня і страхаваньня ў міністэрстве прызналі, што радыкальныя захады будуць, хаця і абмежаваныя. “Мы проста хацелі б рэалізаваць іншы падыход да выплаты пэнсій падчас працы. Арыентавацца не на ранейшы заробак, як робіцца зараз, а браць пад увагу сёньняшні прыбытак. Разам з тым плянуецца ўвесьці больш істотныя абмежаваньні пэнсій пры высокіх заробках, нават зусім іх не выплачваць”, — сказала супрацоўніца ўправы Тацяна Пагонышава.
Сярэдняя пэнсія меншая за 150 даляраў .

Год таму сярэдняя пэнсія ў Беларусі складала 160 даляраў. Цягам году пэнсіі падвышалі на 7%, але 20%-я дэвальвацыя на пачатку 2009 году зьела гэтае падвышэньне, і цяпер сярэдняя пэнсія меншая за 150 даляраў.

Каб сказаць, як адаб’ецца навіна на прыбытках пэнсіянэраў, якія працуюць, трэба ведаць пра асаблівасьці пэнсійнай сыстэмы ў Беларусі, якая цалкам нагадвае былую савецкую сыстэму. Паводле былога міністра працы Аляксандра Саснова, пры налічэньні пэнсій дагэтуль улічваецца тое, як людзі ставіліся да дзейнай улады:

“Зараз сярэдняя пэнсія па ўзросьце складае прыкладна 42—43% ад сярэдняй заработнай платы ў краіне. А вось для тых, хто абслугоўвае рэжым Лукашэнкі на самых розных узроўнях, існуюць іншыя нарматывы. Самы маленькі — 65% ад заробку на пасадзе, самы вялікі — 75% для былога прэм’ер-міністра. Вось тут хай яны зэканомяць, бо для гэтых людзей яны вызначылі пэнсіі зусім ня тыя, як для астатніх”.

Паводле Аляксандра Саснова, каб атрымліваць падвышаную пэнсію, для былых начальнікаў існуе адно правіла: трэба, каб яны адпрацавалі на кіраўнічай пасадзе ня меней за 5 гадоў. Былы міністар Сасноў выказваецца за прынцыповую рэформу пэнсійнай сыстэмы па заходнеэўрапейскім прыкладзе: калі пэнсійны фонд складаецца з пэрсанальных адлічэньняў, якія кожны робіць для сябе, а потым, калі чалавек сыходзіць на пэнсію, грошы яму выплачваюцца з гэтага асабістага рахунку.

Некаторыя зь беларускіх пэнсіянэраў, якія працягваюць працоўную дзейнасьць, ужо практычна ня маюць пэнсіі. Гэтак сталася з былым старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам. Паводле адмысловага ўказу Аляксандра Лукашэнкі ягоная пэнсія зь сярэдзіны 1990-х гадоў не індэксуецца, і таму ў якасьці пэнсіі ён атрымлівае ўсяго некалькі тысяч рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG