Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Дранчук: “Пушчаеды і пушчарубы хаваюцца за дэклярацыямі”


Грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня – адзін зь лідэраў беларускіх “зялёных”, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "TERRA-Канвенцыя" Валер Дранчук.


Сёньня, напярэдадні старога навагодзьдзя, падзеяй мінулага 2008 году
Валер Дранчук назваў прыпыненьне Дыплёма Эўропы для нацыянальнага парка “Белавеская пушча”, а 2009 год зьбіраецца пражыць пад знакам... зубра. Белавескага.

– Нагадаю, апроч таго, што пушча зьяўляецца асабліва ахоўным прыродным асяродкам Беларусі, яна яшчэ ганаравана статусам Усясьветнае прыроднае спадчыны, а з 1997 года – і прэстыжным Дыплёмам Савета Эўропы.

Лёс маразму і апустэльваньня, на жаль, не абнёс і гэтую цудоўную мясьціну. Як ні дзіўна і парадаксальна прагучыць, сёньня яе стан гаротны, пушча без вады, праз гэта экасыстэмы яе, нягледзячы на магутны запас і трывушчы патэнцыял, моцна падарваныя.

Вось, здавалася б, той блізкі краявід, які забясьпечаны ўсімі неабходнымі ахоўнымі мэханізмамі. Здавалася б, але, як бачым, гэта зусім ня так.

І ўсё ж. Апошнім часам зьявілася добрая навіна – няхай пакуль яшчэ кволая, але даволі рэальная, немітычная надзея на паратунак і лепшы дзень пушчы. І гэтая надзея непасрэдна звязаная з прыпыненнем тае самае ўзнагароды для Белавескае пушчы – летась экспэрты Рады Эўропы не пацьвердзілі адмысловы Дыплём на наступны трэці тэрмін так лёгка, як гэта яны рабілі раней, а падышлі больш недаверліва, больш прынцыпова і больш крытычна.

Перад нацыянальным паркам, перад кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта пастаўлена ўмова – дайце плян кіраваньня, пакажыце мэты, персьпектыву. Рабіце выбар: ці вы будзеце высякаць і прадаваць пушчу ці лячыць і захоўваць. У дыпляматычным рашэньні – ня толькі добры прыклад лякальнага ўзьдзеяньня заходняй структуры на кручкатворствы беларускага рэжыму, але таксама вынік шматгадовых зваротаў незалежнай беларускай грамадзкасьці да заснавальнікаў Дыплёма з прапановамі ўжыць адпаведныя санкцыі на ўратаваньне тытульнай запаведнай тэрыторыі нашай краіны.

У выніку мы маем дакумэнт – Плян кіраваньня пушчай. Гэта ўпарты факт, бо ў Пляне стаіць узнаўленьне экасыстэмаў (ці ня першае ўскоснае афіцыйнае прызнаньне, што ў выніку шматгадовай эксплюатацыі яны моцна падупалыя), і цяпер гэты Плян, згодна з умовай Рады Эўропы і прынцыпамі Орхускай канвэнцыі аб пашырэньні экалягічнай інфармацыі на прыняцьце рашэньняў, патрабуе абнародваньня і абмеркаваньня.

Важна толькі, каб і гэты Плян, і гэтыя дэкляраваныя бачаньні акадэмічнай навукі на Вялікі лес, на дзесяцігодзьдзі наперад ня выйшлі на чарговы блеф і падман з боку дзяржавы, каб за прыгожымі дэклярацыямі не схаваліся пушчаеды і пушчарубы рознага калібру – і тыя, што ашыліся ў пушчы, і тыя, што сядзяць у кабінэтах Кіраўніцтва спраў. Апошнія – трымальнікі парка, і менавіта яны адказныя за блізкі краявід Белавескае пушчы, якой бы вялікай па плошчы яна не была.

На сёньня гэта самае важнае і самае галоўнае, што можна сказаць пра наш Вялікі лес – Белавескую пушчу і яе ўсенародную абарону.

З Новым старым годам, з годам Зубра!



Экапаштоўка ад В.Дранчука “Год Быка – год Зубра”.


Сэрыя "Блізкі краявід". Сьмецьцезвалка ў Нясьвіскім раёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG