Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Макаў: Да Курапатаў такое стаўленьне дзяржавы, а не міліцыі


Госьць “Начной Свабоды” -- грамадзкі актывіст Алесь Макаў. Эфір 12 студзеня.


Разам зь іншым актывістам Алегам Сьвірыдавым 1 лістапада мінулага года Алесь Макаў затрымаў у Курапатах двух юнакоў каля зламаных крыжоў у мэмарыяле на месцы масавых расстрэлаў людзей карнікамі НКВД у 1930 гады. У лістападзе ж міліцыя распачала справу аб вандалізьме, але 12 студзеня справу спынілі.

Затрыманы ў Курапатах
Аляксей Знаткевіч:
Сёньня Вы хадзілі ў міліцыю, якія апошнія навіны?

Алесь Макаў: Сёньня выклікалі ў міліцыю, было сказана, што спыняецца крымінальны перасьлед гэтых двух мінакоў.

Знаткевіч: Нагадайце, калі ласка, як ўсё адбывалася летась 1 лістапада...

Макаў: Мы з Алегам дзяжурылі ва ўрочышчы Курапаты і недзе а палове на дзесятую заўважылі дваіх юнакоў, дзьве постаці, якія выйшлі з пераходу і рухаліся ў наш бок наверх да памятнага каменю. У нейкі момант яны падышлі да крыжоў і пачалі валіць іх. Тады мы падбеглі і іх затрымалі.

Знаткевіч: Вы бачылі, што менавіта гэтыя маладзёны ламалі крыжы?


Макаў:
Больш нікога не было. Вы ж разумееце, даволі позьні час, палова на дзясятую вечара.

Знаткевіч: Вы бачылі, як яны ламалі крыжы ці да таго бачылі паламаныя крыжы, а пасьля пабачылі, што хлопцы былі побач?

Макаў:
Не. Да таго мы бачылі, што крыжы не былі зламаныя, менавіта гэтыя. Таксама мы бачылі , як менавіта яны гэта рабілі. Больш нікога не было. Мы не выпускалі іх з поля зроку.

Знаткевіч: Якая была рэакцыя міліцыі, калі вы да іх зьвярнуліся, наколькі ахвоча яны ўзяліся за гэтую справу?

Макаў: Цяжка сказаць, наколькі ахвоча. Адразу прыехаў міліцэйскі нарад, які забраў гэтых хлопцаў. Пазьней прыехала дзяжурная сьледчая. Ёсьць такая ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі спадарыня Паўнавокава. Яна прыехала, зафіксавала тое, што там пабачыла, але ў прынцыпе яны на гэтым спыніліся. Толькі сфатаграфавалі месца здарэньня. Не былі ўзятыя адбіткі пальцаў, сьляды саміх крыжоў, не была праведзеная экспэртыза наконт алькагольнага ап’ьяненьня. Мы лічым, то яны былі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Нічога не было зроблена акрамя таго, што яна прыехала і сфатаграфавала.

Знаткевіч: Вам як патлумачылі, што гэтая справа пакуль не закрытыя, не прыпыненая, а толькі дзеяньні гэтых канкрэтных людзей, іх ужо не лічаць нават падазраванымі...

Макаў: Так, спынены крымінальны перасьлед канкрэтных двух людзей, канкрэтных двух маладзёнаў.

Знаткевіч: А вы заяўлялі, што гатовыя даць паказаньні ў судзе супраць гэтых людзей?

Макаў: Зразумела, заяўлялі.

Знаткевіч: І што на гэта адказалі прадстаўнікі міліцыі?

калі прыяжджаў прэзыдэнт Біл Клінтан, і калі ён падчас наведваньня Курапатаў запытаўся, чаму такое месца знаходзіцца ў такім занядбаным стане, то на гэта Зянон Пазьняк адказаў, што нашчадкі тых, хто тут страляў, зараз ва ўладзе
Макаў:
Нічога. Менавіта гэтую справу вяла іншая сьледчая. Увогуле склалася ўражаньне, што ў яе стаўленьне да справы даволі нармальнае. Але ж ад пачатку шмат чаго не было зроблена дзяжурнай сьледчай. Зараз яны тлумачаць, што спынена з прычыны недахопу доказаў.

Знаткевіч: Гэта ўжо трэці выпадак за апошнія некалькі гадоў . Падобнае адбывалася ў сьнежні 2005-га, у кастрычніку 2007-га, тады праўда, не было падазраваных, але былі распачатыя справы. Гэтым разам вам удалося кагосьці затрымаць. У выніку ўсё роўна ніхто не прыцягнуты да адказнасьці. На Вашую думку, пра што гэта сьведчыць? Ці сьведчыць гэта пра нежаданьне міліцыі займацца такімі справамі? І раскажыце, калі ласка, як цяпер ідзе патруляваньне Курапатаў менавіта грамадзкімі актывістамі?

Макаў:
Нават не стаўленьне міліцыі тут, а стаўленьне дзяржавы. Гэта пацьвярджае словы, якія былі сказаныя яшчэ ў 1994 годзе, калі прыяжджаў да нас прэзыдэнт Біл Клінтан, і калі ён падчас наведваньня Курапатаў запытаўся, чаму такое месца знаходзіцца ў такім занядбаным стане, то на гэта Зянон Пазьняк адказаў, што нашчадкі тых, хто тут страляў, зараз ва ўладзе. Больш дадаць няма чаго. Што да патруляваньня -- дакладна ня ведаю. Мы -- не.

XS
SM
MD
LG