Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стымуляваць нараджальнасьць у Беларусі больш ня будуць


Абяцанага ўрадам падвышэньня памеру дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросьце да 3 гадоў ня будзе.


З Новага году так і не павысілі заробкі пэдагогам. Чаму так адбываецца, колькі зараз атрымоўваюць жанчыны ў дэкрэтным адпачынку, ці плянуецца ў Беларусі выплачваць так званы мацярынскі капітал, як гэта зрабіла ў мэтах стымуляваньня нараджальнасьці Расея?

Беларускія ўлады абяцалі з 1 студзеня павысіць памер штомесячнай дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросьце да трох гадоў з 80% да 100% бюджэту пражытковага мінімуму (з 1 лістапада 2008 года так званы БПМ складае 223600 рублёў). Ну а пра памеры дапамогі даведаемся зь першых вуснаў. Настасься Губарэвіч нядаўна нарадзіла другое дзіця. Пытаюся ў яе, колькі зараз яна атрымлівае:

“Дзесьці каля 160 тысяч. На што гэтых грошай хапае? Ну, на пампэрсы хапае... Я, у прынцыпе, не лічу гэта за грошы...”

Начальнік упраўленьня палітыкі занятасьці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Шаметавец адказала так:

“Яна не павышаецца з 1 студзеня, як хоча народ, каб яно было павышана з Новага году. Але ў сувязі са складанай эканамічнай сытуацыяй рашэньне гэтага пытаньня адкладзена на няпэўны час. Разглядаць пытаньне павышэньня дапамогі мы будзем пазьней. Канкрэтна я вам сказаць не магу”.

Сталічныя маці маюць яшчэ магчымасьць атрымліваць дадатковыя выплаты з бюджэту Менгарвыканкаму. Гэта каля 60 тысяч рублёў, якія ў народзе называюць “пампэрсавыя грошы”. У рэгіёнах такіх даплат няма. Але каб аформіць атрыманьне гэтых выплат, трэба сабраць шмат даведак, кажа маладая маці Настасься Губарэвіч:

“Калі шчыра, у мяне проста не было магчымасьці і часу яшчэ дадаткова бегаць, каб аформіць гэтыя “пампэрсавыя грошы”, і таму я атрымліваю толькі дапамогу на дзіця. З малым дзіцем бегаць, афармляць паперы – не такая малая праца, бо то яны адну даведку патрабуюць, то другую, то трэцюю... Вельмі цяжка з двума малымі дзецьмі сядзець у чэргах службы сацыяльнай абароны. І таму, калі шчыра, у мяне ўжо сіл не хапіла... Хаця грошы ніколі не бываюць лішнімі... Я яшчэ хачу сказаць самае галоўнае: калі мы нараджалі другое дзіця, то не спадзяваліся, што нам дзяржава дапаможа яго гадаваць. У першую чаргу, разьлічвалі толькі на сябе”.

Раней у Беларусі вяліся размовы пра так званы “мацярынскі капітал”, які некалькі гадоў ужо выплачваюць у суседняй Расеі. У мэтах стымуляваньня нараджальнасьці пры нараджэньні другога дзіцяці сям’і налічваецца так званы мацярынскі капітал у памеры прыкладна 10 тысяч даляраў. Раней ім можна было распарадзіцца пасьля таго, як дзіцяці споўніцца 3 гады, а літаральна з 11 студзеня дазволена яго выкарыстоўваць і да таго, як дзіця дасягне трохгадовага ўзросту (да прыкладу, на пагашэньне крэдыту на жытло). Што да Беларусі, начальнік упраўленьня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Шаметавец патлумачыла:

“Пакуль у нас пра мацярынскі капітал гаворка не ідзе. У нас ёсьць іншыя меры падтрымкі сям’і, у прыватнасьці дапамога. Што тычыцца крэдытных пытаньняў, то гэта крэдыты для шматдзетных У Расеі з другога дзіцяці, у Беларусі – з трэцяга пачалі. Хаця, натуральна, мы разумеем, што трэба стымуляваць і другое дзіця, і нават першае. Але пакуль з улікам магчымасьцяў у нас сыстэма такая, якая ёсьць. У Расеі свае магчымасьці, у нас – свае магчымасьці”.

Такім чынам, як толькі скончыўся 2008 год, які ў Беларусі быў абвешчаны Годам сям’і, спыніліся нават размовы пра дапамогу і падтрымку сям’і.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG