Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыжывецца ў Беларусі хрысьціянская дэмакратыя?


Міхась Скобла

Міхась Скобла

Ужо чатыры гады ў Беларусі дзейнічае аргкамітэт па стварэньні Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі. Сёлета плянуецца яе афіцыйнае рэгістрацыя ў Міністэрстве юстыцыі і выхад на поле палітычнай дзейнасьці. Ці могуць дапамагчы ў палітыцы хрысьціянскія каштоўнасьці? Пра гэта ды іншае мы гутарым з сустаршынём аргкамітэту па стварэньні БХД Паўлам Севярынцам.

Міхась Скобла: “Павал, на чым грунтуецца вашая ўпэўненасьць, што Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная партыя прыжывецца ў Беларусі, стане зь цягам часу масавай ды ўплывовай?”

Павал Севярынец
Павал Севярынец:
“Нашая ўпэўненасьць грунтуецца на тым, што цягам усёй тысячагадовай гісторыі Беларусі беларусаў як нацыю адрозьнівалі моцнае імкненьне да дэмакратызму і глыбокая хрысьціянская аснова. Вазьміце любы гістарычны пэрыяд – часы Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай ці апошняга адраджэньня. І заўсёды плынь нацыянальнага адраджэньня і сапраўды нацыянальнай палітыкі трымалася якраз на сымбіёзе хрысьціянскага і дэмакратычнага. Таму, на наш погляд, гэта глыбокае патрабаваньне часу – каб у Беларусі зьявілася хрысьціянска-дэмакратычная партыя. І каб яна ня проста была, але і вяла рэй у беларускім нацыянальным адраджэньні”.

Скобла: “У Беларусі ў свой час ужо існавала партыя хрысьціянскіх дэмакратаў – з 1917 па 1940 год. Ва ўмовах Заходняй Беларусі яе дзейнасьць абмяжоўвалася польскай уладай. І што тады прыдумалі яе кіраўнікі? У 1926 годзе ў Вільні яны стварылі Інстытут гаспадаркі і культуры, які выдаваў грашовыя пазыкі, дапамагаў сельскагаспадарчым каапэратывам. А вы якім чынам шукаеце паплечнікаў?”

Севярынец: “Мы ставім сабе за мэту абаперціся, як на грунт, на беларускую царкву: на цэрквы, на касьцёлы, на пратэстанцкія грамады. Мы лічым, што менавіта там канцэнтруюцца сёньня тыя сілы, якія могуць даць штуршок да духоўнага, нацыянальнага і эканамічнага адраджэньня Беларусі. На наш погляд, менавіта адказныя і дысцыплінаваныя вернікі, людзі, якія ня хлусяць, ня п’юць, трымаюцца маральных каштоўнасьцяў, здольныя даць маральна-этычную базу для пераменаў. Безумоўна, складнік гаспадарчы тут таксама вельмі істотны. Таму праз месяц мы праводзім адмысловую канфэрэнцыю, прысьвечаную наступствам фінансавага крызісу, дзе мы паспрабуем сфармаваць эканамічную праграму БХД. І на нашым зьезьдзе, які плянуецца на 28 лютага, мы заявім пра сябе ня проста як ідэалягічная партыя, а як партыя, якая прэтэндуе даць беларусам цэласны сьветапогляд: эканамічны, культурны, палітычны, маральны.

Скобла: “Колькі за чатыры гады вы знайшлі аднадумцаў?”

Севярынец: “На дадзены момант у нашай базе дадзеных больш за дзьве тысячы чалавек. Мы будзем падаваць сьпіс з тысячы чалавек на рэгістрацыю палітычнай партыі. Ня ўсе з нашых сяброў гатовыя даваць зьвесткі пра сябе ў Міністэрства юстыцыі. Некаторыя працуюць у дзяржаўных структурах, шмат студэнцкай моладзі, яны асьцерагаюцца магчымых рэпрэсій. Таму яны гатовыя нам дапамагаць, але не “сьвяціцца”. І мы разумеем іх. Але тысяча сьмелых, каб прайсьці рэгістрацыю, у нас знойдзецца”.

Скобла: “Яшчэ адна спроба стварыць Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю была ў 1991 годзе – і праграма са статутам былі зацьверджаныя, і ажно пяцёра сустаршыняў былі абраныя. Дарэчы, яны лічылі сябе пераемнікамі тае, заходнебеларускае, БХД. А вы сябе чыімі пераемнікамі лічыце?”

Севярынец: “Кажучы агулам, мы лічым сябе пераемнікамі яшчэ тых людзей, якія будавалі Беларусь тысячу гадоў таму. І, безумоўна, – заснавальнікаў БХД 20-30-х гадоў і тых, хто спрабаваў аднавіць БХД у 90-я гады. Нам здаецца, гэта адна непарыўная традыцыя. Таму ў нашых плянах і выданьне газэты “Крыніца”, газэту з такой жа назвай выдавалі хрысьціянскія дэмакраты на пачатку 20 стагодзьдзя, потым “Крыніца” вынырнула ў сярэдзіне 90-х. Мы таксама хочам выдаць матэрыялы па гісторыі беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Бо гэта той грунт, на якім мы стаім. Можна сказаць, што мы не ствараем, а аднаўляем БХД”.

Скобла: “У сваёй кнізе “Люблю Беларусь” вы пішаце, што ў Беларусі пануе рэлігійная талеранцыя. Беларус, маўляў, усё сьцерпіць і прабачыцца ў 99 выпадках. Ня ведаю, адкуль вы ўзялі гэтыя 99 выпадкаў, але мне нярэдка даводзілася назіраць міжканфэсійныя спрэчкі. І гэта, прызнаем, даволі пашыраная ў нашым грамадзтве зьява”.

Севярынец: “Талеранцыя ў чалавеку праяўляецца роўна настолькі, наколькі ён блізкі да Бога. Калі мы проста геамэтрычна раскладзем гэтую сытуацыю і памесьцім у цэнтар Усясьвету Госпада, а вакол на пэўным аддаленьні – прадстаўнікоў розных канфэсій, дык стане абсалютна зразумела, што чым бліжэй кожны чалавек да Бога, тым ён бліжэй і да іншых. І чым далей ён ад Бога, тым далей ён і ад астатніх. Гэтыя людзі сыходзяцца ў адну кропку, калі яны ў Хрысьце, калі яны ёсьць сапраўднымі вернікамі. На мой погляд, галоўная прычына адсутнасьці ў нашым грамадзтве рэлігійнай талеранцыі палягае якраз у прынесеным бальшавікамі бязбожжы”.

Скобла: “Вы вінаваціце бальшавікоў, а я вам зацытую верш Алеся Гаруна “Спрэчка”, напісаны яшчэ да іх прыходу да ўлады: “Дзядзька Тодар, два Пранцішкі, / сват Гілерык, кум Тамаш, / раз ў мястэчку Зацьвілішкі / насьмяшылі ўвесь кірмаш, / як ад цэнаў, бульбы, меры, / што на рынку фальш дае, / зачапілі справы веры / ды й счапілісь за яе! / От і пляснуў Тодар ў вуха / па-суседзку Тамашу, / і паўcтала завіруха / у карчме на кірмашу…” Вось вам і ўся талеранцыя”.

Севярынец: “Падобныя сцэны і мне даводзілася назіраць. Але паўтару яшчэ раз: наколькі сёньня слабая ў Беларусі царква, наколькі слабыя вернікі, настолькі слабая і Боская якасьць талеранцыі. Але ў Беларусі (і ўся гісторыя пра гэта сьведчыць), у параўнаньні зь іншымі краінамі, ніколі не даходзіла да міжканфэсійнай разьні. Сутыкненьні былі, было нават, што палілі кнігі, але Барталамееўскай начы не было. Беларусь, дзякаваць Богу, масавага зьнішчэньня народу па рэлігійных прычынах ня ведала і ня ведае.

Скобла: “Але мела месца забойства людзей. Згадайма Язафата Кунцэвіча”.

Севярынец: “Гэта выключны выпадак. Таму пра яго і памятае наша гісторыя. Нагадаю, што рэха гэтай трагедыі трывала некалькі стагодзьдзяў – забіты адзін чалавек! А, прыкладам, у Нямеччыне былі пралітыя моры крыві. І, па вялікім рахунку, сёньня мала хто памятае тых людзей, якія там загінулі. У нас пра Кунцэвіча памятаюць. І гэта значыць, што выпадкі рэлігійнай варажнечы шакуюць беларусаў, што гэта менавіта адзінкавы выпадак, а ня правіла”.

Скобла: “Нядаўна мне давялося браць удзел у літаратурнай сустрэчы ў звычайнай школе, падчас якой ладзіўся і конкурс на лепшае веданьне беларускай гісторыі. Дык вось, адзін вучань у сваім сьпісе славутых асобаў напісаў: Ісус Хрэстос. Магчыма, ён ніколі ня бачыў, як правільна пішацца гэтае імя. У сувязі з гэтым, ці патрэбны ў нашых школах гэткі прадмет як рэлігіязнаўства?”

Севярынец: “Я думаю, што ў беларускіх школах патрэбна ўвесьці выкладаньне Закону Божага. Магчыма, спачатку ў выглядзе факультатыву. Увогуле, я за тое, каб у кожнай школе з улікам, вядома ж, канфэсійнай сытуацыі, выкладалася Біблія: праваслаўнымі сьвятарамі, ксяндзамі ці пратэстанцкімі пастарамі. Таму што большасьць сёньняшніх школьных прадметаў не даюць ні для сэрца, ні для розуму чалавека тых асноваў духоўнасьці, якія дае Біблія. Таму, безумоўна, такая адукацыя патрэбная. Ня толькі для таго, каб правільна пісалі імя Госпада, але і дзеля таго, каб трымаліся Ягонага вучэньня. Каб сапраўды мелі лучнасьць з гісторыяй Беларусі, якая – уся! – стаіць на хрысьціянстве”.

Скобла: “А ці не атрымаецца так, што ў беларускія школы пад выглядам вывучэньня Бібліі прыйдзе адна-адзіная Расейская праваслаўная царква, якая сёньня ў нашай краіне знаходзіцца на асаблівым становішчы?”

Севярынец: “Шчыра сказаць, і школы ў нас мала дзе сапраўды беларускія. Але ў вучня павінен быць выбар – пайсьці на факультатыў па Бібліі ці яшчэ куды. І тут яны прагаласуюць, як кажуць, нагамі.

Скобла: “Вучні нагамі прагаласуюць за футбол”.

Севярынец: “Не скажыце. Сёньня да руху БХД вельмі шмат далучаецца школьнікаў, студэнтаў, вучнёўскай моладзі. Можа быць, колькасна рэлігійны факультатыў прайграе футболу ці якому-небудзь Дню гораду, але маленькая закваска, як напісана ў Святым Пісьме, квасіць усё цеста. Таму дастаткова будзе некалькіх чалавек з аднае клясы, якія ходзяць на факультатыў да ксяндза, некалькіх, якія аддаюць перавагу праваслаўнаму сьвятару, і некалькіх, якія ходзяць да пратэстанцкага пастара. І тады будзе зразумела, якая з канфэсіяў найбольш эфэктыўная. Але, безумоўна, прапановы са школы павінны паступіць да прадстаўнікоў усіх канфэсій, каб яны змаглі працаваць са школьнікамі. І тады паглядзім, што атрымаецца”.

Скобла: “А ці магчымая ў Беларусі дэмакратыя без дадатку “хрысьціянская”?”

Севярынец: “Не, адназначна – не. Дэмакратыя без дадатку “хрысьціянская” – гэта тое, што мы сёньня маем у Беларусі. Таму што сёньняшняя дэмакратычная традыцыя не грунтуецца на глыбокім падмурку хрысьціянскай дэмакратыі, якая тысячу гадоў існавала ў Беларусі. Там – традыцыі мясцовага самакіраваньня, веча і магдэбургскае права, там – пэрсаналізм, увага да асобы, адна з асноваў хрысьціянскай дэмакратыі, там – маральнасьць у палітыцы. Паглядзіце на сёньняшнюю ўладу, на апазыцыю – там сваркі і скандады вылазяць адусюль. Гэта прыкмета сыстэмнага крызісу, гэта неразуменьне, чым ёсьць дэмакратыя без хрысьціянства. У Злучаных Штатах Амэрыкі дэмакратыя грунтуецца на шматсотгадовай хрысьціянскай традыцыі, там дэмакратыю і свабоду закладалі менавіта рэлігійныя дзеячы, часам пастары, якія былі лідэрамі грамадаў і цэлых штатаў. Усе бацькі-заснавальнікі ЗША – перакананыя хрысьціяне. Эўропа таксама стваралася на грунце хрысьціянскіх плыняў: пратэстанцкая, пераважна кальвінісцкая, поўнач і каталіцкі поўдзень. Што тычыцца Беларусі, то тут хрысьціянская традыцыя была перарваная доўгатрывалай акупацыяй, эпохай бальшавіцкага ваяўнічага атэізму, спробамі навязаць рэлігійную аднароднасьць, што ў Беларусі ніколі не прыжывецца. Без дадатку “хрысьціянская” дэмакратыю ў Беларусі пабудаваць немагчыма. Яна праваліцца, яна будзе амаральнай і вырадзіцца ці ў таталітарызм, ці ў анархію”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG