Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старшынёўскі стаж – два гады


За апошнія два гады ў сельскіх гаспадарках Беларусі, як цяпер называюць былыя калгасы да саўгасы, зьмяніўся кожны другі кіраўнік.

Нярэдкія выпадкі, калі чалавек, які не забясьпечыў выкананьне прагнозных паказьнікаў у адной гаспадарцы, пераводзіцца на аналягічную пасаду ў іншую. Гэткія факты прыводзіліся на апошнім паседжаньні калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі.


Васіль Сьцяпура, намесьнік старшыні аграрнай камісіі Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня, кажа “Свабодзе”, што такая частая зьмена кіраўніцтва шкодзіць справе. Але для Гарадзенскай вобласьці, дзе ён працаваў больш за чвэрць стагодзьдзя, гэта не характэрна, цьвердзіць спадар Сьцяпура. Паводле яго, на Гарадзеншчыне сытуацыя добрая таму, што там заўжды дбаюць пра зьмену:

“Калі я кіраваў гаспадаркай (а я там 17 гадоў адпрацаваў), я за кошт гаспадаркі вывучыў 50 спэцыялістаў. Я ўжо 10 гадоў там не працую, а ў маёй гаспадарцы па-ранейшаму ёсьць усе кадры. І яна стабільна працуе па сёньняшні дзень”.

Былы дырэктар саўгасу, што пад Менскам, кажа: раней кіраўнікоў адбіралі больш ўзважана. Цяпер жа кадры тасуюць кіраўнікі раённай вэртыкалі:

“А цяпер выклікае старшыня райвыканкаму, прызначае -- і ўсё. А яны паглядзяць, што няма пэрспэктывы ў сельскай гаспадарцы, і сыходзяць”.

А ў Петрыкаўскім раёне апошнім часам усё часьцей гаспадаркі ачольваюць жанчыны. І не ад добрага жыцьця, удакладняе мясцовы жыхар:

“Жанчын ставяць старшынямі. Але ж што яны могуць зрабіць? А мужчыны ня хочуць. Бо ім гэта не патрэбна”.

Аляксандар Ярашук не адзін год адпрацаваў на высокіх пасадах у аграпрамысловым комплексе. Паводле ягоных назіраньняў, ёсьць выпадкі, калі старшынём той самы чалавек ідзе аж за пятым разам. Спадар Ярашук тлумачыць, чаму так цяжка знайсьці цяпер добрага кіраўніка:

“Гэта зьвязана з тым, што лёгка могуць прыцягнуць нават да крымінальнай адказнасьці. Па-другое, аб чалавека элемэнтарна выціраюць ногі. І калі годны спэцыяліст праз гэта пройдзе, дык ён проста не пагаджаецца вяртацца альбо быць прызначаным упершыню”.

Аляксандар Ярашук лічыць: замена раз на два гады – праява глыбокага крызісу:

“Гэта дакладна сьведчыць пра тое, што немагчыма ў такіх умовах больш-менш эфэктыўна кіраваць сельскай гаспадаркай. Камандна-адміністрацыйны мэханізм кіраваньня эканомікай, прынамсі, сельскай гаспадаркай, цалкам сябе вычарпаў. І цяпер ён працуе супраць сыстэмы.

Магу нават зрабіць такі прагноз – ва ўмовах цяперашняга эканамічнага крызісу старшыняў будуць мяняць ня толькі раз на два гады, а штогод”.

На калегіі міністэрства адзначалася: пры прызначэньнях кіраўнікоў гаспадарак ігнаруюцца кваліфікацыйныя патрабаваньні – адукацыя, стаж, ранейшая праца.

XS
SM
MD
LG