Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовая Эўропа зьнізіць кошт візаў для беларусаў?


Віталь Цыганкоў
“Кіраўніцтву Эўразьвязу мэтазгодна зьнізіць кошт візаў для грамадзянаў Беларусі без вылучэньня папярэдніх умоваў для гэтага кроку” — гэтак заявіў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік офісу АБСЭ ў Беларусі Ганс-Ёган Шміт. Спадар Шміт адзначыў, што такі крок паспрыяе разьвіцьцю кантактаў на чалавечым узроўні, што вельмі важна для дыялёгу Беларусь -Захад. Наколькі адзіная пазыцыя эўрапейскіх структураў у гэтым пытаньні? Ці гатовы Эўразьвяз ісьці насустрач Беларусі, не патрабуючы наперад рашучых крокаў з боку афіцыйнага Менску? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: “Наколькі гэтая ініцыятыву адлюстроўвае на сёньняшні момант агульную ініцыятыву эўрапейскіх структураў?”

Алесь Лагвінец
Лагвінец: “Пакуль нельга казаць, што гэтая прапанова адлюстроўвае пазыцыю ўсіх эўрапейскіх структураў, у прыватнасьці, Эўрапейскай камісіі альбо ўсіх краінаў Эўразьвязу. Таму вельмі хочацца спадзявацца, што гэтае выказваньне спадара Шміта здолее паўплываць на пазыцыю некаторых краін Зьвязу і яны пойдуць на гэты крок, які вельмі чакае беларускае грамадзтва. Бо зьніжэньне кошту візаў адпавядае інтарэсам і беларускай грамадзянскай супольнасьці і беларускіх уладаў”.

Цыганкоў: “Апошнія гады пасьля вылучэньня Эўразьвязам славутых „12-ці ўмоваў“ адносіны да Беларусі будаваліся паводле такой схемы — спачатку ў краіне павінны адбыцца пэўныя перамены ў бок дэмакратызацыі, потым нейкія крокі насустрач зробіць і Эўропа. Ці можна сказаць, што гэтая стратэгія ўжо памянялася, і цяпер Эўразьвяз гатовы зрабіць крокі насустрач першай, не патрабуючы наперад рашучых крокаў з боку афіцыйнага Менску?”

Лагвінец: “Відавочна, што гэтая стратэгія была перагледжаная. Вядома, што
Зьніжэньне кошту візаў адпавядае інтарэсам і беларускай грамадзянскай супольнасьці і беларускіх уладаў.
Эўразьвяз зьменшыў колькасьць патрабаваньняў, якія беларускі ўрад мусіць выканаць адразу. Пачаўся працэс дыялёгу, пачала дзейнічаць так званая пакрокавая стратэгія, паводле якой на кожны пазытыўны крок беларускіх уладаў будзе пазытыўны адказ Эўразьвязу. У выніку, напрыклад, у адказ на вызваленьне палітвязьняў былі на паўгода прыпыненыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.

Трэба сказаць, што папярэдняя стратэгія не дала вялікіх вынікаў, і Эўразьвяз вырашыў паспрабаваць новую тактыку ў дачыненьнях зь Менскам.

Тут варта адзначыць, што зьніжэньне кошту візаў вельмі чакаецца беларускім грамадзтвам. Такія дзеяньні Эўразьвязу маглі б даць вельмі вялікі эфэкт, бо яны б не былі накіраваныя супраць беларускіх уладаў. Яны паказалі б усяму беларускаму народу, што Эўропа чакае Беларусь. Такі крок выбіў бы глебу з-пад ног тых, хто кажа, што ў Эўропе, маўляў, беларусаў ніхто не чакае, што паўстала новая Бэрлінская сьцяна і што беларусы ня маюць іншага выйсьця, акрамя як глядзець на Ўсход“.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG