Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя людзі, якія на прызыўной камісіі ў ваенкамаце заяўляюць, што зьяўляюцца гомасэксуалістамі, атрымліваюць адтэрміноўку ад службы ў войску.

Мэдыкі ставяць ім дыягназ пра псыхічнае захворваньне, паводле якога ім нельга давяраць зброю. Такое днямі здарылася з рэдактарам сайту Gay.by Алесем.

Алесь, прозьвішча якога мы не называем, расказаў, што атрымаў адтэрміноўку на 5 месяцаў ад службы ў войску пасьля таго як заявіў у Мазырскім ваенкамаце пра сваю нетрадыцыйную арыентацыю. Ён не чакаў, што вайскоўцы паставяцца да яго вельмі ляяльна.

“Я прайшоў мэдкамісію і па выніках камісіі сказалі, што я прыдатны для службы й мушу пайсьці ў войска. На мэдкамісіі я заявіў, што зьяўляюся гомасэксуалістам і папрасіў, каб мне далі адтэрміноўку, альбо скасавалі службу наогул. Рэакцыя была нармальная. Гэта не было для іх шокам.

Камандзір спытаў, што са мной рабіць, і я прапанаваў яму накіраваць мяне на псыхіятрычную экспэртызу“.

Алесь лічыць, што ў выпадку, калі б ён трапіў на вайсковую службу, і там даведаліся пра тое, што ён гей, то ў яго былі б вялікія праблемы.

Калі нехта даведаецца пра ягоную сэксуальную арыентацыю, то ў яго будуць вялікія праблемы.
“Людзі ня толькі ў войску, а ў ва ўсім нашым грамадзтве нэгатыўна ставяцца да геяў. У войску з боку так званых “дзядоў” гэтаму чалавеку будзе цяжка. Калі нехта даведаецца пра ягоную сэксуальную арыентацыю, то ў яго будуць вялікія праблемы. Гэта можа быць фізычны гвалт, я ўжо не кажу пра псыхалягічны ўціск.

Могуць і абразіць чалавека, будуць нападкі на яго ўвесь час… Таму такому чалавеку будзе вельмі цяжка ў войску“.

Адзін зь лідэраў незарэгістраванай Лігі сэксуальных меншасьцяў “Лямбда” Сяргей Тарпачоў лічыць, што ва ўмовах сучаснага беларускага грамадзтва лепш альбо адразу казаць яшчэ падчас вайсковай камісіі пра сваю нетрадыцыйную арыентацыю, альбо потым, у войску, ні ў якім разе не прызнавацца ў гэтым.

“Пару гадоў таму гэта лічылася псыхічным адхіленьнем і можна было не ісьці ў войска. Калі ты казаў, што гей, то ў Навінках высьвятлялі, сапраўды гей, ці не. Потым толькі ставілі дыягназ. Была такая сыстэма. Цяпер ня ведаю, але, думаю, што, можа, ня так строга, бо ўжо ня так шмат людзей набіраюць у войска. Можа, цяпер дастаткова сказаць, што гей, і ўжо ня возьмуць.”

Такі дыягназ і пішуць: гомасэксуалізм, ці трансвэстызм.
Псыхіятар зь Менску Ігар Сарокін пацьвердзіў, што трэба высьвятляць амбуляторна, ці сапраўды чалавек зьяўляецца гомасэксуалістам.

“Такі дыягназ і пішуць: гомасэксуалізм, ці трансвэстызм. Гэта вырашаецца канкрэтна адносна кожнага чалавека. Паводле міжнароднай клясыфікацыі хваробаў дзесятага перагляду псыхічных парушэньняў гэта вылучана як адхіленьне ад псыхічнай нормы”.

Алесь, які атрымаў адтэрміноўку ад службы ў войску, праз 5 месяцаў мусіць зноў прайсьці мэдкамісію. Ён паведаміў, што днямі двое ягоных сяброў таксама сказалі ў ваенкамаце пра тое, што яны геі. Ім пасьля праверкі напісалі, што яны маюць псыхічныя адхіленьні, і далі адтэрміноўку ад вайсковай службы.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG