Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Івана Шылу салігорскія міліцыянты затрымалі каля дому і пад канвоем адвезьлі ў ваенкамат, дзе яго чакала здымачная група БТ. Днямі супрацоўнікі міліцыі завезьлі ў ваенкаматы яшчэ некалькі моладзевых актывістаў.

Іван Шыла
Іван Шыла паведаміў “Свабодзе”, што яго затрымалі ў той момант, калі ён выйшаў з пад’езду свайго дома, каб ісьці ў ваенкамат.

“Калі я трапіў у ваенкамат, то зразумеў, што асабіста для мяне падрыхтавалі комплекс захадаў, які хацелі менавіта сёньня рэалізаваць. Прыехала група зь Беларускага тэлебачаньня, і ў мяне былі праблемы з псыхолягамі, якія мелі сумневы наконт маёй прыдатнасьці да службы ў войску. Маладыя дзяўчаты, якія бачаць, што ў хлопца 80 пратаколаў і затрыманьняў, характарыстыкі, мільённыя штрафы, судзімасьці… Яны шчыра вагаліся наконт таго, ці можна такім служыць у войску. Не хацелі браць на сябе адказнасьць”. Казалі: “Ты здаровы чалавек, але з тваімі поглядамі гэта ўсё будзе праблематычна”.

Іван Шыла раней неаднаразова атрымліваў позвы ў ваенкамат і заўсёды яго наведваў. Ён лічыць, што сёньняшні прымусовы прывод — сьведчаньне палітычнага ціску з боку ўладаў.

“Я хачу, каб закон быў роўны для ўсіх. Ня толькі ў пытаньнях, як да яго ставяцца супрацоўнікі ваенкамату падчас прызыўной камісіі і мэдычнай. Тое самае тычыцца, напрыклад, справы Франка Вячоркі, якога ўсе ганяць за тое, што яго забіраюць у войска, а ён з гэтага робіць публічную справу. Але насамрэч у законе аб вайсковай службе няма такога тэрміну, як палітычны прызыў.

Але мы мусім разумець, што, умоўна кажучы, мой сусед Пеця, які сядзіць 15 сутак за п’янку па пратаколе за хуліганства, гэта ня бацька Франка Вячоркі, які сядзіць 15 сутак перад палітычнай акцыяй“.

15 студзеня Іван Шыла мусіць наведаць ваенкамат, дзе яму скажуць, у якіх войсках ён будзе служыць наступныя паўтара года.

Паводле заканадаўства, за ўхіленьне ад службы ў войску маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Вайскоўцы ж не зьвяртаюцца ў пракуратуру, а падаюць прозьвішчы актывістаў дэмакратычнага руху ў агульны сьпіс “невыязных” з тэрыторыі Беларусі альбо задзейнічаюць міліцыю, каб прымусова дастаўляць прызыўнікоў на мэдычную камісію.

Франак Вячорка
Старшыня моладзі БНФ Франак Вячорка цяпер знаходзіцца ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі. Мэдыкі маюць яшчэ раз праверыць, ці прыдатны ён для службы ў войску. Раней яму далі адтэрміноўку на паўгода ў зьвязку з апэрацыяй на вачах.

“Спэцслужбы сочаць за табой… Мяне затрымалі ў Ракаве, дзе я знаходзіўся ў доме сваёй знаёмай. У шпіталі мне адмаўляюцца паказваць вынікі мэдычнага абсьледаваньня. Нават калі мераюць ціск, лекар адмаўляецца паказаць лічбы.

У шпіталі мне адмаўляюцца паказваць вынікі мэдычнага абсьледаваньня.
Відавочна, ім трэба напісаць тыя лічбы, якія ім патрэбныя. Ім трэба прызнаць мяне прыдатным. Адзінае, што застаецца, — гэта патрабаваць годнага абсьледаваньня. Дзеля гэтага я пішу скаргі на імя начальніка шпіталя. А калі мае скаргі ня будуць задаволеныя, то я буду зьвяртацца ў суд“.

Цягам чатырох месяцаў пасьля прымусовага прыводу ў ваенкаматы ў войска трапілі актывісты моладзі БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка з Гомеля, Зьміцер Бяляеў са Смаргоні, Віталь Каратыш з Лунінца, Алесь Каліта з Магілёва, Андрэй Анташкевіч з Бабруйску, Юрась Дзяшук зь Ліды.

Актывістаў “Маладога фронту” пачалі прывозіць у ваенкаматы напрыканцы году. Паўла Кур’яновіча затрымалі дома і адвезьлі ў ваенкамат, дзе яго папярэдзілі пра адміністрацыйную адказнасьць, калі ён будзе ўдзельнічаць у акцыях апазыцыі. Днямі забралі служыць у войска кіраўніка “Маладога фронту” ў Лідзе Сержука Чайку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG