Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя Менскага раёну спыніла расьсьледаваньне справы аб вандалізьме ў Курапатах, якую завялі пасьля затрыманьня двух юнакоў, што павалілі крыжы на месцы масавых расстрэлаў сталінскіх часоў.


Гэтага хлопца затрымалі ў Курапатах, калі ён валіў крыжы
Пра прыпыненьне справы аб вандалізьме паведамілі раніцай 12 студзеня ў Бараўлянскім аддзеле менскай раённай міліцыі са спасылкай на сьледчую Алену Хільчук. Пазьней супрацоўнік сьледчага аддзелу ўправы Менскай раённай міліцыі, які прасіў не называць ягонага імя, патлумачыў Радыё Свабода, чаму справа пакуль не патрапіць у суд.

“Справа будзе прыпыненая, бо не хапае доказаў — нават няма дастаткова сьведак”.

Паводле міліцыянта, справа аб вандалізьме не закрытая зусім і ў любы момант можа аднавіцца. “Такое ў нас часта бывае”, — сказаў сьледчы. Палітычныя матывы прыпыненьня справы сьледчы адмаўляе цалкам.

Ці сапраўды сьледзтву не хапіла сьведак здарэньня, якое адбылося 1 лістапада ў Курапатах?

Нагадаем, у той вечар актывісты КХП-БНФ Аляксандар Макаў і Алег Сьвірыдаў рабілі абыход Курапацкага лесу.

Курапацкі вандал
А 22 гадзіне пачулі, як нехта ламае крыжы на алеі, што вядзе на курган з мэмарыяльным каменем. Аляксандар Макаў і Алег Сьвірыдаў пабеглі на гук і празь некалькі хвілін на месцы здарэньня затрымалі двух маладзёнаў, якія былі ў нецьвярозым стане. Алег Сьвірыдаў перакананы, што менавіта гэтыя вандалы паламалі некалькі памятных крыжоў. Пра гэта ён сьведчыў у міліцыі, як і ягоны сябра Аляксандр Макаў. Некаторыя дзеяньні сьледчых актывіст патлумачыць ня можа:

“Па-першае, не была праведзеная экспэртыза на наяўнасьць алькаголя ў крыві хуліганаў, хаця мы казалі, што гэта трэба. І па-другое, мае паказаньні фактычна не былі ўлічаныя — на сьледчы экспэрымэнт мяне не запрасілі, у ім удзельнічаў толькі Аляксандар Макаў”.

Алег Сьвірыдаў перакананы, што сьледчыя выканалі пэўны загад кіраўніцтва: не выказваць актыўнасьці ў пошуках доказаў віны вандалаў і тым самым разваліць справу.

Юрась Беленькі
Гэтак мяркуе і выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. Палітык прыехаў на месца здарэньня неўзабаве пасьля затрыманьня хуліганаў. Спадар Беленькі на свае вочы бачыў зламаныя крыжы і тое, як адказна міліцыянты ўзяліся за расьсьледаваньне справы. “Тады не было сумневу, што ў гэтай справе ўсё зразумела і вінаватыя будуць прыцягнутыя да суду”, — кажа Юрась Беленькі. Палітык мяркуе, што справа пра вандалізм у Курапатах на гэтым ня скончыцца.

“Грамадзтва павінна ўсё зрабіць, каб злачынцы, якія вінаватыя ў гэтым вандалізьме, апынуліся на лаве падсудных. Грамадзтва мусіць усё зрабіць, каб людзі, адказныя за расьсьледаваньне, панесьлі службовую ці, можа, больш сур’ёзную адказнасьць, калі выявіцца, што яны недапрацавалі ці наўмысна ня выканалі свае абавязкі”.

Паводле Юрася Беленькага, дзеяньні сьледчых зь Менскай управы міліцыі будуць абскарджаныя праз пракуратуру.

Толькі за апошнія тры гады гэта трэцяя справа аб вандалізьме ў Курапатах. Падобнае было ўжо ў сьнежні 2005 году і ў сакавіку 2008-га. Усе тры справы скончыліся нічым. Гэтым разам актывістам упершыню ўдалося затрымаць вандалаў на месцы злачынства, але і гэта не дапамагло сьледчым давесьці справу пра вандалізм у Курапатах да суду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG