Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую газавую трубу "разгрузяць"


Ад заўтрашняй раніцы Расея абяцае аднавіць пастаўкі газу ў Эўропу праз Украіну.


Напярэдадні ў Кіеве парафіравалі пратакол Эўракамісіі аб міжнародным маніторынгу газавага транзыту. Ці зьменяцца ў зьвязку з новым дакумэнтам умовы транзыту газу празь Беларусь? Нагадаем, што ад пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту “Газпром” істотна павялічыў аб’ёмы перапампоўваньня паліва празь Беларусь.

За першую дэкаду новага году транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі істотна рос. 1 студзеня кіраўніцтва “Белтрансгазу” паведаміла: у зьвязку з расейска-ўкраінскім канфліктам перапампоўваньне павялічылася на 26 мільёнаў кубамэтраў штосуткі. Паводле зьвестак на 10 студзеня, транзыт у напрамку Польшчы вырас на 35 мільёнаў і цяпер складае 117 мільёнаў кубамэтраў. Праўда, як кажуць спэцыялісты, беларускі бюджэт адчувае падвышэньне досыць умоўна: падача павялічаная перадусім праз газаправод “Ямал-Эўропа”, які знаходзіцца ва ўласнасьці “Газпрому”. Па сыстэме “Белтрансгазу” падвышэньне складае блізу 10 мільёнаў кубамэтраў.

Учора ў інтэрвію нямецкаму тэлеканалу ARD прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін патлумачыў расейскую пазыцыю ў пытаньнях паставак газу на прыкладзе Беларусі. Як заявіў Пуцін, Украіна на правах дзяржавы-транзытэра мае “вялізнае жаданьне атрымаць газ па коштах ніжэй за сусьветныя”. У сваю чаргу Пуцін заклікаў Эўразьвяз пракрэдытаваць стратную эканоміку Ўкраіны, як гэта зрабіла Расея ў дачыненьні да Беларусі:

Уладзімер Пуцін
“Калі не хапае рэсурсаў на сёньняшні дзень — эканоміка не гатовая, яна вельмі энэргастратная, іншыя сыстэмы не гатовыя — дайце ім крэдыт. Вось мы далі крэдыт Беларусі — 2 мільярды даляраў. І зь Беларусьсю, у сваю чаргу, мы таксама ў кантракце запісалі: цягам 3 гадоў перайсьці да эўрапейскага цэнаўтварэньня”.

Са сказанага Пуціным, як лічаць многія экспэрты, ускосна вынікае: неўзабаве ў ролі Ўкраіны можа апынуцца Беларусь, якая ў статусе дзяржавы-транзытэра сьледам за кіеўскім прыкладам гэтаксама будзе прэтэндаваць на танны газ.

Ужо заўтра транзыт газу праз Украіну можа аднавіцца. У Брусэлі чакаецца падпісаньне адпаведнага дакумэнта паміж усімі зацікаўленымі бакамі. Ва Ўкраіну і Расею ўжо прыбылі міжнародныя назіральнікі, якія гатовыя весьці маніторынг аб’ёмаў перапампоўваньня: ад газаразьмеркавальных станцый — да канчатковых спажыўцоў у Эўропе.

Ні ў “Газпроме”, ні ў “Белтрансгазе” пакуль не камэнтуюць, як аднаўленьне ўкраінскага транзыту адаб’ецца на магутнасьцях беларускай газатранспартнай сыстэмы. Аднак расейскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў “Газпроме” сьцьвярджаюць: усё вернецца ў ранейшы фармат, бо ня будзе ніякай неабходнасьці загружаць беларускую трубу на максымум.

Разам з тым афіцыйныя крыніцы па-ранейшаму не называюць кошт газу, па якім сёлета Беларусь яго набывае ў Расеі. Улады спадзяюцца, што па выніках году цана не перавысіць 140 даляраў за тысячу кубамэтраў (у другім паўгодзьдзі 2008-га было 128 даляраў). Аднак на пачатку году кошт істотна большы. Пра рэзкі рост сьведчыць пераход шэрагу электрастанцый і кацельняў на таньнейшае паліва — мазут. Ад дарагога газу на нейкі час адмовіліся Белаазёрская электрастанцыя, Берасьцейская і Баранавіцкая ТЭЦ.

Экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч схільны лічыць: вяртаньне да мазуту ў цяперашніх умовах апраўданае. Аднак, на думку спэцыяліста, колішні радыкальны пераход на газ разарваў “лягістычныя маршруты”, і забясьпечыць патрэбы прамысловасьці рэзэрвовым палівам досыць складана:

“Тое, што мазут на сёньня значна выгадней было б спажываць, дык гэта абсалютна зразумела. Праўда, я спрабаваў знайсьці кошты, па якіх мазут прадае Наваполацак, але інфармацыі няма. А вось расейскія заводы свае кошты паказваюць — яны вагаюцца ад 50 да 100 даляраў за тону. Што да мазуту, то ў яго значна большыя цеплатворныя здольнасьці. Канечне, ён горшы па экалягічных паказьніках, але ўсе нашы электрастанцыі маюць мазутныя гаспадаркі. Раней на мазуце працавалі і Лукомль, і Бярозаўская ГРЭС. Але цяпер тая мазутная лягістыка страчаная. Бо мазут не перапампуеш па трубаправодах, трэба мець адпаведныя цыстэрны. Дзе тыя эшалёны цяпер?.. Ад таго, што рэзка ад часоў Кебіча перайшлі на газ, мы атрымаліся цалкам прывязаныя да Расеі. Выходзіць, зусім не падумалі пра будучыню”.

Транзыт расейскага прыроднага газу празь Беларусь складае ў сярэднім 50 мільярдаў кубамэтраў штогод. Большая частка аб’ёму перапампоўваецца празь беларускі ўчастак газаправоду “Ямал-Эўропа”, які належыць канцэрну “Газпром” — 33 мільярды кубамэтраў на год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG