Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры бізнэсоўцаў стаялі па розныя бакі плошчы


Сёньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску не адбыўся мітынг, на які заклікаў сабрацца старшыня каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Менску Алесь Макаеў. Дробныя бізнэсоўцы ня выйшлі на плошчу.


Напярэдадні акцыі на буйных рынках Менску распаўсюджваўся Бюлетэнь каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў. У ім зьмешчаны заклік выйсьці а 12 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу, бо прэзыдэнцкі ўказ № 703 “нясе ў сабе многа праблем, якія зробяць дзейнасьць бальшыні прадпрымальнікаў праблематычнай”.

Аднак на плошчу прыйшлі пераважна міліцыянты ў цывільным і журналісты. Прадпрымальнікаў былі адзінкі. Ініцыятар акцыі Алесь Макаеў, які прыйшоў на плошчу са спазьненьнем, патлумачыў:

Алесь Макаеў
“Можа, яшчэ не насьпеў час. Трэба пытацца ў нашых калегаў, бо шмат людзей ведала пра сёньняшнюю акцыю. Гэта паказчык сёньняшняга беларускага грамадзтва. Інфармацыя па рынках Менску распаўсюджвалася. Людзі ведаюць пра сёньняшні мітынг. Можа, паўплывала тое, што некаторыя структуры сказалі, што ніхто ня выйдзе, і ўсе падумалі, што будзе дутая акцыя. Можа, прадпрымальнікі вырашылі, што праблемы іх яшчэ не насьпелі, каб выходзіць на плошчу. Але наша тэза будзе — выходзіць на плошчу не тады, калі будзе горача. Выходзіць не на плошчу, а на перамоўныя пляцоўкі. У нас ёсьць свае прапановы да ўраду. Але праводзіць усё роўна трэба, бо праблемы малога бізнэсу насамрэч застаюцца”.

Гандляр з харчовага рынку “Ждановічы” мяркуе, што людзям няма калі хадзіць на акцыі:

Сяргей Каланцоў
“У Саюзе прадпрымальнікаў сядзяць анучнікі. Яны могуць накруціць 50—100%. І заплаціць ім 10% падаткаў — нічога не каштуе. Я гандлюю на гандлёвым доме “Ждановічы”. У нас максымальная нацэнка — 3%. Мы за кошт абароту працуем — ад 6 раніцы да 11 вечара. І з гэтых 3% гандлёвай нацэнкі я павінен заплаціць яшчэ 10% падаткаў. Гэта абсурд. Усе ў шоку, як гэта можа быць. Увесь свой заробак аддаць. І ўсе зараз проста адмотваюць свае касавыя апараты. Цяпер людзі занятыя гэтым, а ня мітынгам”.

Адзін з каардынатараў Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч таксама прыйшоў на плошчу. Але ён зьдзіўлены, што на плошчу не прыйшлі прадпрымальнікі:

Мікола Статкевіч
“Можа, не такі ўжо крызіс, мабыць, у іх. Бо ім гэты спрошчаны парадак пакінулі. Адзінае, што падатак паднялі. Дык яны гэты падатак перакладуць на нас, простых спажыўцоў, ды ўсё. Мабыць, ня так прыціснула. Ня так узяло за кішэнь. І гэта дзіўна — тут ёсьць журналісты, міліцыянты. А дзе тыя, чые правы я прыйшоў абараняць?”

Лідэр рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка назіраў за акцыяй цераз дарогу, з другога боку плошчы. Ягонае аб’яднаньне акцыю не падтрымала:

Анатоль Шумчанка
“Каб выходзіць на плошчу, трэба, каб гэта добра разумелі ўсе прадпрымальнікі. Самае галоўнае, калі яны самі разумеюць, што гэта трэба. На жаль, сёньня шмат хто разумее, але разумець і рабіць — гэта розныя рэчы. Праблемы ня вырашаныя, іх вельмі шмат, і ў нас усё наперадзе. Як кажуць у народзе — усяму свой час”.

Нагадаем, паводле ўказу № 703 улады пакінулі на няпэўны час льготныя ўмовы ўвозу тавараў з Расеі. Аднак істотна павялічылі стаўкі адзінага падатку. Чакаецца, што неўзабаве дэпутаты мясцовых саветаў зацьвердзяць новыя падатковыя стаўкі для дробных бізнэсоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG