Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 12 студзеня.

12-га студзеня прадпрымальнікі меліся правесьці ў Менску мітынг на знак пратэсту супраць пагаршэньня ўмоваў працы. Акцыя не адбылася — людзі на плошчу не прыйшлі. Тэлефанаваньне на гэтую тэму, атрыманае напярэдадні:

Фанкевіч Любоў Міхалаўна, Бабруйск: “Сёньня да мяне прыходзілі ўчастковыя з папярэджаньнем, каб я не выходзіла на акцыю пратэсту 12 студзеня 2009 году. Мной была напісаная заява 18 сьнежня і пасланая ў Менскі гарвыканкам. Адказу я не атрымала, але міліцыя мяне сёньня папярэдзіла. Але ў панядзелак я ўсё адно буду ў Менску”.

У Кіеве распачынае працу Міжнародная маніторынгававая камісія, створаная для кантролю за транзытам расейскага газу праз тэрыторыю Ўкраіны. На тэму расейска-ўкраінскага газавага канфлікту — наступныя выказваньні:

Спадар: “Газавыя войны — настолькі наіўна, што не ўкладаецца ні ў якія рамкі. Калі Расея прадала Ўкраіне газ — цялушку то бок, то цялушка належыць Украіне. І таму газ далей ідзе як ад Украіны. Калі б гэтыя войны і спыніліся, то схема павінна быць такая: на мяжы з Украінай купілі газ, далей газ украінскі. А калі ня так, то гэта спэкуляцыі, варыяцыі і палітычныя маніпуляцыі”.

Спадар:

“Расея з Украінай грошы за газ не маглі падзяліць.
Упэўнены, гэты капрыз спрыяе, каб Эўропу дужа разазьліць.
Яна можа купляць газ у краінах цэнтральнай Азіі.
І яго транспартаваць бокам ад Расеі і Ўкраіны”.


Зьніжэньне курсу беларускага рубля на 20% — тэма наступных тэлефанаваньняў:

Спадар: “Працаўнікоў гандлёвага дому “На Нямізе” начальства прымушае браць 5 дзён за свой кошт, матывуючы сацыяльна-побытавымі абставінамі, каб зэканоміць на выплаце заробку і прадэманстраваць, як эфэктыўна працуе прадпрыемства”.

Спадар: “Я для сябе вырашыў: лепей я падтрымаю амэрыканскую эканоміку, кожны месяц набываючы па сто даляраў, чым гэты існуючы рэжым. А гэты існуючы рэжым хай стаіць з працягнутай рукой па крэдыты ў МВФ, у Расеі”.

Ларыса, Менск: “Бярэм крэдыты і ў Расеі, і ў Эўразьвязе. І куды пойдуць гэтыя грошы? Няўжо будзем толькі разьлічвацца за энэрганосьбіты? Вось недальнабачная палітыка. Усе краіны завязаліся ў адзін вузел і ніяк ня могуць разблытацца, бо доўгі час адпачывалі на лаўрах і не шукалі іншых крыніцаў, толькі завязаліся на Расею”.

Спадар: “Наш сказаў: “Падумаеш, даляр падаражэў на нейкія 400 рублёў!” Тыя, у каго ў даляравым эквіваленце было 1000 даляраў, страцілі 400 тысяч рублёў. Нават болей. У каго было 10 тысяч даляраў, той страціў 4 мільёны. Вось і атрымліваецца, што страцілі ўсе, прычым ня толькі 20 адсоткаў у выніку дэвальвацыі, але і 20 адсоткаў у выніку падаражэньня камунальных паслуг — гэта ўжо 40 адсоткаў. Цэны, якія растуць з кожным днём. Атрымліваецца, наш народ пазбавіўся прыблізна 50 адсоткаў сваіх даходаў”.

Спадар: “Можа, крызіс — гэта выратаваньне для Беларусі? У дзяржавы ня будзе сродкаў для будаўніцтва АЭС. АЭС — гэта канчатковая гібель для Беларусі. Гэта гібель самых прыгожых мясьцін і яшчэ большая залежнасьць ад Расеі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадар: “Міколу зь Менску наконт расейскай мовы ў рускай праваслаўнай царкве. Мітрапаліт Філарэт — экзарх, а ня проста мітрапаліт, значыць, ён намесьнік рускай праваслаўнай царквы ў Беларускім намесьніцтве, або экзархаце. Ён гаворыць правільна, як ідзе служыць, так і гаворыць. А наконт мовы, каб абавязкова беларуская, то ў касьцёл трэба. Касьцёл каталіцкі — касьцёл усясьветны, там усе мовы роўныя”.

Спадар: “У Беларусі, па дадзеных статыстыкі, сьмяротнасьць на 30 тысяч перавышае нараджальнасьць. А Лукашэнка не знайшоў грошай, каб павялічыць дапамогу тым, хто рызыкнуў мець малое дзіця. Дажыліся, называецца. Вось як беларускі прэзыдэнт дбае пра беларускую нацыю. А пэнсіянэры моляцца на нашага кіраўніка — можа, пэнсію павысіць тысяч на пятнаццаць. Надышоў час маліцца, каб ня зьнікла наша нацыя, каб не сьпіліся зусім, каб нараджаліся маленькія беларусы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG