Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: прадпрымальнікі выйшлі да гарвыканкаму


Акцыя прадпрымальнікаў у Баранавічах

Акцыя прадпрымальнікаў у Баранавічах

Сёньня ў Баранавічах на плошчы перад будынкам гарвыканкаму адбылася акцыя прадпрымальнікаў. Яе ўдзельнікі выказваліся супраць павелічэньня ў некалькі разоў падаткаў і грашовай платы за арэнду гандлёвых месцаў на рынках гораду.


У Баранавічах на плошчы Леніна сабралася каля трыццаці індывідуальных прадпрымальнікаў. Арганізатары разьлічвалі на большую колькасьць. Агулам у горадзе налічваецца каля пяці тысяч прыватных гандляроў.

Як ацэньваюць акцыю арганізатары? Пытаюся пра гэта ў аднаго зь іх — Мікалая Чарнавуса:

“Увогуле, акцыя атрымалася крыху спантаннай, бо яна арганізоўвалася ў сьнежні, калі быў напал жарсьцяў.

Яшчэ замінае адзін нюанс. Навучаныя горкім досьведам перасьледу, людзі баяцца. Вось сюды зараз будуць накіроўвацца міліцыянты, фатаграфаваць, здымаць на відэа…”

Акцыя адбываецца побач з будынкам Баранавіцкага гарвыканкаму. Ніякай рэакцыі з боку ўлады няма. Толькі адзін раз падыходзіў міліцыянт, і яшчэ два міліцыянты пільнуюць непадалёку.

Сваё меркаваньне наконт сёньняшняй акцыі выказвае вядомы ў Баранавічах грамадзкі актывіст Віктар Сырыца:

“Канечне, гэтая акцыя не ўдалася. Яны ж індывідуальныя прадпрымальнікі. Самая галоўная бяда, што кожны сам за сябе, няма калектыўнага духу. Таму і не адбываецца гэтая акцыя пратэсту”.

Акцыя ў Баранавічах пачалася а 12-й і доўжылася ня больш як адну гадзіну.

XS
SM
MD
LG