Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма працы? Едзьце ў Шклоў


Пётар Руднік

Пётар Руднік

На Шклоўскім заводзе газэтнай паперы нестае рабочых. Каб выправіць сытуацыю, новы старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік прапануе накіроўваць туды людзей з прадпрыемстваў абласнога цэнтру.


Паводле Рудніка, некаторыя магілёўскія заводы згортваюць вытворчасьць праз страту рынкаў збыту прадукцыі, і працоўная сіла застаецца незапатрабаванай.

Нястача працоўнай сілы на шклоўскім заводзе не дазваляе загрузіць на поўную магутнасьць папераробную машыну.

“Я рэкамэндаваў зьвярнуць увагу на прадпрыемствы Магілёва, у прыватнасьці, на “Магілёўхімвалакно”. Там на сёньня, на жаль, праз звужэньне рынкаў збыту прадукцыі калектыў працуе не на поўную магутнасьць. З тым, каб гэтыя кадры вобласьці мы маглі пераразьмеркаваць, да прыкладу, на завод газэтнай паперы ў Шклоў”, — распавёў, пазнаёміўшыся з заводам, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік.

Завод газэтнай паперы пачалі будаваць на загад Аляксандра Лукашэнкі ў 2005 годзе. Наконт месца разьмяшчэньня прадпрыемства існавалі розныя прапановы, аднак выбар быў спынены менавіта на Шклове, хоць ужо тады было зразумела, што ў невялікім райцэнтры няма адпаведных кваліфікаваных рабочых. Будоўля абышлася дзяржаўнаму бюджэту больш як у шэсьцьдзесят мільёнаў даляраў. На набыцьцё абсталяваньня патрацілі яшчэ каля трыццаці пяці мільёнаў. Закуплялі яго ў розных краінах — Расеі, Аўстрыі і іншых. Праз праблемы з наладкай папераробнай машыны пуск заводу адкладаўся некалькі разоў.

Першую пробную партыю сваёй паперы прадпрыемства выпусьціла ў лютым 2008 году.

Абяцаюць, што ад сьнежня 2010 году прадпрыемства будзе вырабляць за год да сарака тысяч тон газэтнай і лёгкамелаванай паперы. Абяцаюць таксама, што на шклоўскай паперы будуць друкавацца ўсе беларускія газэты.

XS
SM
MD
LG