Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымаць акцыю пратэсту: кожны вырашае асабіста


Сёньня а дванаццатай гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прадпрымальнікі плянуюць правесьці мітынг.


Паводле старшыні каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, яго ўдзельнікі будуць пратэставаць супраць прэзыдэнцкага ўказу №703. Ён, на думку арганізатараў акцыі пратэсту, прывядзе да масавых банкруцтваў дробных бізнэсоўцаў.

Ці падтрымаюць сваіх калегаў у Менску прадпрымальнікі Магілёўшчыны і чым канкрэтна пагражае ім прэзыдэнцкі ўказ №703?

Прадпрымальніца з Горак спадарыня Ірына гандлюе айчынным абуткам. Свой бізнэс яна распачала пяць гадоў таму. Летась, згодна з прэзыдэнцкім ўказам № 760, ёй давялося звольніць найманага работніка – прадаўца. Цяпер 703-і ўказ, цьвердзіць прадпрымальніца, прывядзе яе бізнэс да банкруцтва:
Я праз паўгода разаруся.

“Паколькі я гандлюю айчынным таварам стопрацэнтным з нацэнкай да трыццаці працэнтаў, у мяне круглы год зьніжкі – зімой на лета, улетку на зіму, пры канцы сэзону таксама зьніжкі – таму ў мяне нават трыццаці працэнтаў не атрымліваецца. Забраць у мяне з валу дзесяць працэнтаў – гэта рабаўніцтва. Я праз паўгода разаруся”, – зазначае спадарыня Ірына.

Дзесяць працэнтаў, пра якія кажа прадпрымальніца, яна мусіць даплаціць у выпадку, калі прадала тавару на суму, што у дваццаць разоў перавышае суму адзінага падатку. Гэтага патрабуе ўказ №703. Сума адзінага падатку ў прадпрымальніцы – тры мільёны:
Пакуль я буду выплачваць падаткі, апусьцеюць мае прылаўкі.

“Паколькі ў мяне тавар дарагі, я часам гэтыя тры мільёны раблю за паўдня. У мяне забіраюць грошы з абаротных сродкаў. Пакуль я буду выплачваць падаткі, апусьцеюць мае прылаўкі, я не змагу асартымэнт трымаць. У выніку, прапрацаваўшы крыху, я разаруся. За пяць гадоў у мяне семдзесят мільёнаў у абароце атрымалася, калі іх узяць на сёньняшні дзень, то я б сорак мільёнаў аддала дзяржаве”, – даводзіць спадарыня Ірына.

Паводле яе ў падатковай інспэкцыі, куды яна зьвярнулася па тлумачэньні ўказу, пэўнай інфармацыі як ён будзе дзейнічаць не далі. Сказалі, што паведамяць пазьней.

Указ №703 закране інтарэсы не адной тысячы прадпрымальнікаў Магілёўшчыны. Ці падтрымаюць яны акцыю пратэсту сваіх калегаў зь Менску?

Месяц таму, 10 сьнежня, бабруйскія прадпрымальнікі выступілі супраць увядзеньня новых правілаў гандлю, якія абавязвалі іх мець дакумэнты на набыты за мяжой тавар. Сёньня ж мітынгаваць яны не зьбіраюцца:

“Паловы людзей няма. Усе ў адпачынках. Цяпер вывесьці на плошчу нерэальна. Адзіную стаўку нам яшчэ не ўстанавілі. Аблвыканкам будзе ўстанаўліваць адзіную стаўку ў лютым. У сакавіку мы будзем плаціць па новаму. Якая там будзе стаўка – мы яшчэ ня ведаем. Я думаю, што не малая”, – паведамляе бабруйская прадпрымальніца Алена Мядзьведзева.

10 сьнежня страйкавалі прадпрымальнікі і ў Магілёве. Указам №703 магілёўскія бізнэсоўцы незадаволеныя. Як ён будзе дзейнічаць – яны яшчэ ня ведаюць:

“Людзі не працуюць у асноўным. Плянаў на люты адносна працы ніхто ня мае”, – зазначае ўдзельнік сьнежаньскага страйку прадпрымальнік Алег.

Што да падтрымкі акцыі пратэсту ў Менску, то спадар Алег паведаміў, што кожны прадпрымальнік будзе вырашаць гэта асабіста. Арганізаванага выступу не плянуецца.

***

Указ №703 Аляксандар Лукашэнка падпісаў 24 сьнежня 2008 году. Ён уступіў у сілу ад 1 студзеня. З афіцыйных камэнтароў вядома, што ён распрацаваны для ўраўнаважаньня падатковага цяжару прадпрымальнікаў і арганізацыяў. Указ скасаваў палажэньне, якое сталася нагодай для прадпрымальніцкага страйку 10 сьнежня. Згодна зь ім прадпрымальнікі абавязаныя былі мець на тавар набыты за мяжой адпаведную дакумэнтацыю. Ва ўказ аднак увялі норму, якую прадпрымальнікі называюць дыскрымінацыйнай. Калі грашовая выручка перавышае 20-кратную суму адзінага падатку, то прадпрымальнік мусіць даплаціць дзесяць працэнтаў ад сумы гэтай выручкі. Акрамя таго значна ўзрастуць і іншыя падаткі, а таксама арэндная плата.

XS
SM
MD
LG