Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск заяўляе, што гатовы да дыялёгу


Сёньня ў Менск прыбывае група парлямэнтараў з Паўночнай Рады. Сярод іх дэпутаты са Швэцыі, Фінляндыі ды некаторых іншых дзяржаваў.

Гэты візыт мае як найменей дзьве адметнасьці. Па-першае, ён адкрывае для беларускіх палітыкаў новы, 2009, міжнародны год. Па-другое, ранейшыя дзьве сустрэчы такога рангу адбываліся за межамі Беларусі – у Вільні.

У плянах паўночных парлямэнтароў сустрэчы як са сваімі калегамі з Нацыянальнага сходу, так і з апазыцыйнымі палітыкамі ды прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька быў на абодвух пасяджэньнях у Вільні. Ён атрымаў запрашэньне і на сёньняшнюю сустрэчу:

“Тэмы тут бяруцца, так бы мовіць, больш рыхлыя, менш палітызаваныя. Да прыкладу, экалёгія, будаўніцтва АЭС. Але разам зь імі і палітычныя ўстаўляюцца – тое ж правядзеньне выбараў. Гэта такая пляцоўка для ўстанаўленьня камунікацыяў паміж рознымі структурамі ў Беларусі”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня, сябра міжнароднай камісіі Валянціна Лявоненка таксама плянуе сустрэцца з парлямэнтарамі паўночных краінаў. Вось яе камэнтар “Свабодзе”:

“Дыялёг заўжды карысны. Ён дапамагае высьветліць пытаньні, якія могуць стаяць як праблема. Таму такія візыты заўжды карысныя з пункту гледжаньня агульнага падыходу і ацэнкі.

І, канечна, гэты канкрэтны візыт будзе карысным, паколькі бакі змогуць пачуць адзін другога. І кожны бок паспрабуе данесьці сваё бачаньне праблемаў”.

Вінцук Вячорка, адказны ў Палітрадзе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў за міжнародныя дачыненьні, прагназуе, што падобных візытаў у Беларусь будзе шмат:

“15 лютага ў Менск прыедзе дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Яна загадзя заявіла пра жаданьне сустрэцца як з прадстаўнікамі ўладаў, так і кіраўніцтва АДС. Мы спадзяемся, што гэта той фармат, якога будуць прытрымлівацца і іншыя дэлегацыі. Прынамсі Эўрапейскага парлямэнту. Ну, і іншыя міжпарлямэнцкія структуры, пэўна, таксама ў апошнія тры месяцы так званага выпрабаваўчага пэрыяду захочуць наведаць Беларусь”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG