Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Межы аб’яднанай Эўропы некалі будуць межамі з Расеяй"


Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Алесь Анціпенка. Яму 55 гадоў, нарадзіўся ў Слаўгарадзкім раёне. Кандыдат філязофскіх навук, працаваў у Інстытуце філязофіі і права Акадэміі навук, Нацыянальным цэнтры імя Ф.Скарыны, Беларускім Фондзе Сораса. Спадар Анціпенка – аўтар шматлікіх публікацыяў у айчынным і замежным друку, мэдыя-аналітык, каардынатар выпуску і рэдактар шматлікіх кніжак пра пэрспэктывы й надзённыя клопаты Беларусі. У яго дзьве працоўныя мовы – беларуская і ангельская. Алесь Анціпенка замовіў нашым журналістам падрыхтаваць перадачу на тэму: «Беларусь і Эўропа: пэрспэктывы стасункаў».

Уладзімер Мацкевіч: “Для беларусаў, як і для ўсіх эўрапейцаў, уласьцівы індывідуалізм”

У кнізе “Невядомая Беларусь”, якая толькі выйшла з друку, адзін з разьдзелаў называецца “Эўропа тут ужо была”. Аўтар даводзіць: да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі яна разьвівалася ў межах агульнаэўрапейскай традыцыі. Сувязі з заходнімі цэнтрамі інтэлектуальнага, культурніцкага і мастацкага жыцьця былі натуральныя і трывалыя. Ну а што сёньня лучыць беларусаў і эўрапейцаў? Чым яны падобныя і ў чым прычына гэтага падабенства?

Каб зразумець падабенства, трэба мець на ўвазе адрознае, кажа філёзаф Уладзімер Мацкевіч, разважаючы над агульнымі рысамі эўрапейцаў і беларусаў:

Уладзімер Мацкевіч
“Для беларусаў, як і для ўсіх эўрапейцаў, уласьцівы індывідуалізм, адрозны ад калектывізму. Прыватнасьць. Ахова прыватнага ўсяго. Апроч індывідуалізму – спадзяваньне на ўласныя сілы пры вырашэньні розных пытаньняў. Як бы ні выхоўваўся патэрналізм у беларусаў за савецкімі часамі, але гэта толькі на паверхні прыдалося. Але насамрэч усе ўласныя праблемы беларусы вырашаюць самі. Аднак жа схільнасьць разьлічваць толькі на сябе, не зважаючы на дзяржаву ды іншыя сацыяльныя інстытуты, мае адваротны бок. Сучасны эўрапеец, вырашаючы свае праблемы самастойна, тым ня менш схільны і да каапэрацыі, узаемадзеяньня, супрацоўніцтва зь іншымі. А беларус гэта робіць у больш архаічнай форме – у выглядзе натуральнай гаспадаркі”

Мэнталітэт эўрапейцаў і беларусаў лучыць агульная культура і гісторыя, мяркуе лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч:

“У нас шмат агульнага з эўрапейцамі, таму што мы ўласна ёсьць эўрапейцамі. У нас агульная гісторыя, у нас агульная культура, сярод беларусаў – вельмі шмат выбітнейшых гістарычных асобаў, якія сталі героямі ня толькі для Беларусі, але і для ўсёй Эўропы. Гэткія, як Францыск Скарына, Васіль Быкаў, Тадэвуш Касьцюшка, Адам Міцкевіч ды іншыя. А яшчэ сучасных беларусаў і сучасных эўрапейцаў яднае крызыс, які закрануў усіх”.

На думку хрысьціянскага палітыка Паўла Севярынца, падмуркам культуры і сфармаванага мэнталітэту ёсьць рэлігійнасьць Эўропы:

Павал Севярынец
“Галоўнае, што лучыць беларусаў з эўрапейцамі, і галоўнае, чаму беларусы ёсьць эўрапейцамі – гэта хрысьціянскі падмурак. Гэта наша гісторыя і культура, якая вырасла на грунце Эвангельля, на грунце ў першую чаргу Царквы і Касьцёлу, і мне здаецца, што гэтая незнішчальная аснова зь любоўю да чалавека, з павагай да чалавека, з свабодай чалавека – і ёсьць тым, што адрозьнівае нас ад Азіі ды Афрыкі”.

А літаратар, выдавец і мастак Адам Глобус лічыць агульным для Эўропы і Беларусі лацінскую мову:

Адам Глобус
“Традыцыйны погляд – што нас яднае ўнівэрсытэт. Адукацыйная сыстэма. А яшчэ нас яднае лацінская мова. Літаратура на лацінскай мове. І мне вельмі б хацелася, каб яе вярнулі ў школу. Прозьвішча ў мяне такое лацінскае – Глобус. І гэтая культура старажытная, сярэднявечная, якая трымалася на лацінскай мове, – яна наша родная, і яна аб’ядноўвае ўсю Эўропу. І яна яшчэ жыве, лацінская мова, жыве пакуль у мэдычных інстытутах у нашай мастацкай Акадэміі, калі мы вучы плястычную анатомію, гэта ня мёртвая мова. Усе ж памятаюць, што “чалавек чалавеку – воўк”!

Камэнтуе Алесь Анціпенка:

Калі падчас свайго рэдактарства на Свабодзе я разважаў пра пэрспэктывы стасункаў Беларусі і Эўразьвязу, дык казаў пра эўрапейскі код старажытнабеларускай (ліцьвінскай) культуры. Што гэта азначае?

А тое, што нашая культура разьвіваліся ня толькі ў межах хрысьціянскай традыцыі ды тых розных рэлігійных плыняў, што былі характэрныя для Эўропы, але і ў межах заходнеэўрапейскай рацыянальнасьці, права, дойлідзтва, мастацтва і сыстэмы адукацыі.

Напрыклад, практычна ўсе беларусы ведаюць, што скарынаўская Біблія была трэцім эўрапейскім выданьнем Сьвятой кнігі. Сёньня гэты факт падаецца нам трывіяльным. Але аднойчы я трапіў ў Ангельшчыну на курсы для выдаўцоў з краін былога сацыялістычнага блёку. Гаворка ішла тады пра выданьне перакладных кніжак з ангельскай мовы. Адна зь першых лекцыяў была прысьвечаная гісторыі кнігавыданьня. І калі гаворка зайшла пра першыя выданьні Бібліі, дык я быў шакаваны ня меней за лектара-ангельца. Я – з таго, што ён выдатна ведаў пра ўсе абставіны выданьня скарынаўскай Бібліі, а ён быў шакаваны з таго, што ўпершыню сустрэўся зь беларусам, спадкаемцам гэтай гісторыі і культуры.

Я ня буду надалей пералічваць тыя гістарычныя і культурніцкія здабыткі, якія ня толькі лучаць нас з Эўропай, але насамрэч ёсьць сьведчаньнямі нашай гістарычнай і культурнай неад’емнасьці ад эўрапейскай цывілізацыі. Шаноўныя слухачы Радыё Свабода іх добра ведаць. Хацеў бы толькі, каб мы задумаліся над сэнсам яшчэ аднаго гістарычнага факта, які, хоць і вядомы, але ня так шырока, як выданьне Бібліі на старажытнабеларускай мове.

Я маю на ўвазе Магдэбурскае права, гэта значыць эўрапейскую сыстэму самакіраваньня, якая была шырока распаўсюджаная на нашых землях. А зьліквідаваная яна была разам з усталяваньнем расейскай каляніяльнай адміністрацыі.

Гэтая сыстэма – правобраз сёньняшняй эўрапейскай дэмакратыі. І менавіта яна зьяўляецца падмуркам і адной з праяваў таго, што мы называем эўрапейскімі каштоўнасьцямі. А з пазыцый сёньняшняга дня гэта азначае нішто іншае, як тое што да канца 18 стагоддзя межамі Эўропы былі межы нашай старажытнай краіны з маскоўскай дзяржавай.


Юстас Палецкіс: “Да мінулага году у стасунках з Эўропай быў тупік. Цяперашняее пацяпленьне – паратунак”

7 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў “Закон аб ратыфікацыі пагадненьня паміж Беларусьсю і Эўракамісіяй аб заснаваньні, прывілеях й імунітэтах прадстаўніцтва Камісіі Эўрапейскіх супольнасьцяў у Рэспубліцы Беларусь”. А пры канцы сьнежня ў інтэрвію дзяржаўным СМІ Лкіраўнік краіны заявіў, што “Беларусь не імкнецца ўступаць ані ў Эўразьвяз, ані ў НАТО – Беларусь павінна быць нэўтральнай краінай”. Тым ня менш усе экспэрты і палітыкі адзначаюць пацяпленьне ў адносінах Захаду да Беларусі.

Палітоляг Андрэй Фёдараў, прааналізаваўшы мінулагодняе пацяпленьне адносінаў Эўразьвязу і Беларусі, падкрэсьліў, што тыя самыя санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні беларускіх чыноўнікаў былі зьнятыя не безумоўна, а тэрмінам на паўгода:

Андрэй Фёдараў
“І адзін, і другі бок могуць зрабіць яшчэ некалькі крокаў насустрач адзін аднаму. Беларускія ўлады могуць пайсьці на некаторыя дадатковыя паслабленьні (я ня ўпэўнены, што яны будуць дастаткова радыкальнымі), тым ня меней, Брусэль пагодзіцца не аднаўляць гэтыя санкцыі. На жаль, эканамічны крызіс можа ўнесьці ў гэты расклад, у гэтыя разважаньні даволі значныя карэктывы. Перш за ўсё, зыходзячы з таго, што Расея можа нейкім чынам націснуць на беларускі бок, каб ён паводзіў сябе ў накірунку, які больш прывабны для Масквы”.

У першую чаргу, гэта, на думку Андрэя Фёдарава, прызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Як беларускае кіраўніцтва будзе сябе паводзіць?

“Яно ў вельмі цяжкім стане, бо ціск даволі моцны. Хацелася б спадзявацца, што з дапамогай Эўразьвязу, з тымі захадамі, якія ўжо былі зробленыя, якія абяцаны, у тым ліку ў праграме Ўсходняга партнэрства, што тычыцца і Беларусі, што кіраўніцтва здолее вытрымаць гэты маскоўскі ціск”.

Дэпутат Эўрапарлямэнту, сябра Камітэту па міжнародных справах і падкамітэту па адносінах з Беларусьсю і Расеяй Юстас Палецкіс заўважыў, што ён па натуры аптыміст, таму можна спадзявацца на паляпшэньне стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю сёлета:

Юстас Палецкіс
“Таму што тое, што было да мінулага году – гэта быў тупік. А тупік не карысны ў першую чаргу для Беларусі. Ну і для Эўразьвязу таксама. Тое, што намецілася летась, – пэўнае пацяпленьне – можа разьвівацца, і патрэбны пэўныя крокі зь абодвух бакоў. І галоўнае, да чаго гэта павінна прывесьці, ня толькі палітыка, але і кантакты паміж людзьмі. Самае важнае, каб людзі маглі кантактаваць”.

Вялікае значэньне маюць эканамічныя стасункі, таму тут вельмі важны фактар – Расея, кажа Юстас Палецкіс:

“Расея – гэта таксама партнэр Эўразьвязу. Тут якраз на пачатку году ўзьніклі складанасьці. Тут таксама могуць быць нейкія зрухі ў лепшы бок. І менавіта праз Расею могуць адбыцца зрухі ў станоўчы бок”.

Расейскі экспэрт, намесьнік дырэктара Інстытуту СНД Уладзімер Жарыхін ацэньвае ролю Расеі, як міратворца паміж Беларусьсю і Захадам:

“Адносіны Беларусі з Эўразьвязам зьяўляюцца ў надзвычай пэўнай ступені, а, магчыма, і вызначальнай вытворчай адносінаў паміж Эўразьвязам і Расеяй. Цалкам відавочна, што ва ўмовах усясьветнага фінансавага і ўжо эканамічнага крызісу той самы Эўразьвяз будзе ў максымальнай ступені зацікаўлены ў тым, каб прынамсі адносіны з Расеяй не пагаршаліся. А гэта азначае, што будуць паляпшацца і адносіны Эўразьвязу зь Беларусьсю”.

Зараз інтрыгай для ўсіх зьяўляецца, ці атрымае Аляксандар Лукашэнка запрашэньне на саміт Усходняга партнэрства, які адбудзецца ўвесну. У Эўразьвязе зараз старшынюе Чэхія, і кіраўнік МЗС Карэл Шварцэнбэрг тыдзень таму ў інтэрвію чэскай газэце “Lidove noviny” заявіў, што запрашэньне кіраўніка Беларусі на саміт Усходняга партнэрства ў Прагу “у значнай ступені залежыць ад яго самога”.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс выказаў такое меркаваньне:

“Улічваючы асаблівасьці рэжыму ў Беларусі, канечне, ад аднаго чалавека многае залежыць. Хацелася, каб гэта залежала не ад аднаго чалавека, а ад большасьці жыхароў Беларусі. Калі гэтыя зрухі, якія зараз адбываюцца, будуць заўважныя і стануць дастатковымі для запрашэньня на саміт і для размарожваньня кантактаў”

Зь ім цалкам пагаджаецца і беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў:

“У нас фактычна ўсе асноўныя накірункі дзейнасьці, асноўныя дзеяньні кіраўніцтва фактычна вызначае адзін чалавек. Напэўна, там ёсьць нейкія групы ўплыву, якія спрабуюць схіліць яго ў той ці іншы бок, але канчатковае рашэньне застаецца за гэтым адным чалавекам. Так што мне падаецца, што перабольшваньня тут няма”.

Камэнтуе Алесь Анціпенка:

У наладжваньні нармальных стасункаў нашай краіны з Эўрапейскім Зьвязам ёсьць новы шанец. Замест “дванаццаці умоваў”, якія аказаліся непрымальнымі для афіцыйнага Менску, аб’яднананая Эўропа запрапанавала значна больш лёгкі варыянт нармалізацыі стасункаў.

І гэты шанец палягае перадусім у тым, якімі будуць дзеяньні нашых уладаў у галіне правоў чалавека, сфэры мэдыяў, лібэралізацыі і дэцэнтралізацыі самой сыстэмы ўлады. Відавочна, што прагрэс тут ня будзе хуткім. Але рэальныя крокі ў гэтых кірунках Эўрапейскі Зьвяз якраз і будзе разглядаць у якасьці падставы для нармалізацыі і разьвіцьця стасункаў зь Беларусьсю.

Валянцін Акудовіч неяк адзначыў, што ў сваім паўсядзённым жыцьці беларусы ўжо даўно зрабілі выбар на карысьць заходняй цывілізацыі. Па вуліцах Менску езьдзяць ня “Волгі” і “Масквічы”, а пераважна “Volvo”, BMV, “Рэно” і “Пэжо”. Аднак хто зь беларусаў задумваецца пра тое, што за высакаякаснымі заходнімі прамысловымі, і ня толькі прамысловымі, прадуктамі стаіць цалкам адрозная ад беларускай эканоміка, адрозная сыстэма арганізацыі працы, кіраваньня і, тым больш, цалкам адрозная ад беларускай сыстэма палітычная ўлада.

У гэтым сэнсе беларускаму грамадзтву яшчэ толькі наканавана зрабіць выбар. А палягае гэты выбар у тым: КУДЫ яно, грамадзтва, хоча рушыць?

Юры Істомін: “Людзі, якія езьдзяць за мяжу, перакананыя: Беларусь трэба ўключаць у Эўразьвяз”

Шмат у чым гэты грамадзкі выбар вызначаецца рэальнай жыцьцёвай практыкай. Апошнім часам беларусы атрымалі хай шмат у чым і абмежаваную, але – магчымасьць на свае вочы пераканацца ў перавагах і хібах айчыннай і эўрапейскай сыстэмаў. І найперш гэта тычыцца жыхароў памежных рэгіёнаў.

Гарадзенец Віктар Сазонаў паходзіць з Гальшанаў, зь мяжы зь Літвой. Яму добра вядомае жыцьцё памежжа. Ён назіраў за масавым ў апошнія гады памежным гандлем, за дробнымі кантрабандыстамі і друкаваў у беластоцкай беларускай газэце “Ніва” “Запіскі кантрабандыста”, якія пазьней выйшлі ў Польшчы асобнай кнігай. Што ён думае пра імкненьне беларусаў да Эўропы?

Віктар Сазонаў, Юры Істомін
“Беларусы заўсёды імкнуліся ў Эўропу, яны мелі прыблізна такую ж дзяржаўную сыстэму, яны мелі Магдэбурскае права. Беларусы шмат што бралі з Эўропы, і яны імкнуліся туды. Сёньняшні беларус ня ёсьць выключэньнем, таму што гэта эўрапейская нацыя, гэта эўрапейскі генатып і эўрапейскае мысьленьне.

Людзі туды імкнуцца, хаця доўгія гады акупацыі, савецкай прапаганды і прапаганды апошніх гадоў не маглі прайсьці проста так – безумоўна, яны адбіліся ў сьвядомасьці вельмі многіх людзей, якія абмежаваныя ў атрыманьні альтэрнатыўнай інфармацыі. Гэта больш старэйшае пакаленьне, каторае баіцца пераменаў. Яны атрымліваюць пэнсію, яны нават зь візай могуць зьезьдзіць у Польшчу і купіць таньнейшай рыбы, прывезьці нейкія чаравікі, зарабіць адзін даляр на гэтым і лічаць, што ім хопіць. Але моладзь, іншыя людзі, якія маюць доступ да інтэрнэту, маюць сяброў за мяжой, – яны гавораць адназначна: будучыня Беларусі ў Эўропе, менавіта там мы павінны шукаць сваіх саюзьнікаў”.

У спадара Сазонава мноства знаёмых і сяброў сярод польскіх беларусаў, якія цяпер жывуць разам з усімі грамадзянамі Польшчы ў Эўразьвязе.

Сазонаў: “Яны выпускаюць сваю газэту, яны — частка агульнага беларускага этнасу. Ім вельмі падабаецца ў Эўропе. Безумоўна, яны па-свойму глядзяць на нейкія праблемы, але як усе эўрапейцы, гатовыя вырашаць іх шляхам галасаваньня, шляхам дэмакратычнага выбару. Таму нават на іх прыкладзе можна сказаць, што беларусы як шукалі, так і будуць шукаць свайго месца ў садружнасьці эўрапейскіх народаў”.

На меркаваньне беларусаў адносна Эўропы, эўрапейскага шляху вельмі ўплывае прапаганда. Але каб улады зьмянілі яе напрамак, ці засталася б у людзей прапагандуемая непрыязь да Эўропы?

Сазонаў: “Беларусы – вельмі законапаслухмяная нацыя, яны слухаюць тое, што сказана зьверху: маўляў, там займаюцца рознымі праблемамі і лепш ведаюць. І ў беларусаў у крыві ёсьць такое, і каб сапраўды ўлада сказала —што гэта наш шлях і ў Эўропе нам будзе лепей, то гэты працэс быў бы масавым”.

Нярэдка бывае за мяжой гарадзенец Юры Істомін, юрыст, кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ці баяцца гарадзенцы эўрапейцаў? Ягонае меркаваньне:

“Я адразу хацеў бы сказаць, што ёсьць вялікая прапаганда аб адсутнасьці каштоўнасьцяў эўрапейскіх у беларусаў, гэта прапаганда дзеючай улады. Таму большасьць тых, хто жыве на Гарадзеншчыне, яны проста ня ведаюць, якія абставіны на самой справе ў Эўропе, якія ўмовы жыцьця. З другога боку, ёсьць пэўная група людзей, якая перасякае памежжа, езьдзіць у Эўропу і бачыць, што там і кошты меншыя, і заробкі большыя, і культура трохі іншая. І таму тут ёсьць грунт для супрацоўніцтва з Эўропай.

Тыя людзі, якія езьдзяць за мяжу, яны ведаюць, што Беларусь трэба ўключаць у Эўразьвяз. Таму я думаю, калі будзе нармальная інфармацыйная кампанія з боку Эўразьвязу, калі будуць захады для паляпшэньня ўмоваў паездак туды, калі будуць таньнець візы, калі будуць спрошчаныя візавыя працэдуры, большасьць людзей менавіта Гарадзеншчыны будуць за тое, каб жыць у адзінай Эўропе”.

Камэнтуе Алесь Анціпенка:

Эўропа – гэта таксама і павага да правоў меншасьцяў. І ня проста павага, а абавязак дзяржавы падтрымліваць разьвіцьцё моваў і культураў нацыянальных меншасьцяў. А, каб зразумець, што такое рэальная Эўропа, давайце ўявім сабе сытуацыю, калі сёньняшнія беларускія ўлады фінансава падтрымліваюць выданьне “Нашай нівы”ці адзіную беларускамоўную сярэднеадукацыйную ўстанову “Беларускі ліцэй”. Гэта мажліва? То тады –калі?

Вядома, беларусы ня мусяць быць меншасьцю ў сваёй краіне. А там, дзе яны меншасьцю ёсьць – у Польшчы ці Летуве, там неабходнасьць падтрымкі падобных праектаў сумневу не выклікае.

“Дванаццаць умоваў”, якія Эўропа вылучыла беларускаму рэжыму, гэта не ўльтыматум, а напамін пра каштоўнасьці самой Эўропы. Іх можна прыняць, а можна і адкінуць. Але калі адкінуць, то адзіны шлях, які застаецца, гэта шлях у Расейскую Фэдэрацыю. Ня варта цешыць сябе ілюзіямі, што мы зможам застацца ў цэнтры Эўропы, не зрабіўшы гэапалітычнага выбару. І выбар гэты, насамрэч, мае быць выбарам на карысьць нашай беларускай і эўрапейскай суб’ектнасьці. У гэтым сэнсе Смаленская вобласьць заўсёды будзе толькі пэрыфэрыйнай часткай РФ. А межы аб’яднанай Эўропы некалі будуць межамі з Расейскай Фэдэрацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG