Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш набыць даляры? Пабегай па горадзе і пастой у чэргах


У абменных пунктах Менску па-ранейшаму падвышаны попыт на замежную валюту. У многіх банках памяняць рублі на даляры і эўра немагчыма.

Неабходную колькасьць пэўнай валюты людзі мусяць шукаць у розных канцах гораду.

У абменным пункце “Белзьнешэканамбанку” на праспэкце Незалежнасьці — чарга зь некалькіх чалавек. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: “Ці ўпершыню вы ў банку? Ці спрабавалі ўжо набыць ці здаць валюту? Дарэчы, вы тут зараз стаіце чаму?”

Сталы спадар: “Не, ня здаць, а каб набыць. Жонка назьбірала, нахавала ад мяне, а зараз кажа — ідзі мяняй. Напалохалі. Сорам сказаць, але напалохалі. Усе бягуць, мяняюць. Што рабіць!”

Карэспандэнтка: “Ці вы ўжо спрабавалі набываць валюту?”

Спадарыня: “Спрабавала. Немагчыма набыць — 500 эўра паперчыны, а іншых няма. Калі толькі хто здасьць. Эўра няма, даляраў таксама. Складана набыць”.

Карэспандэнтка: “Чаму вы набываеце валюту?”

Спадарыня: “Самі ведаеце чаму. Страшна. Было ж ужо такое, калі былі ў людзей грошы ў банках і прапалі”.

Адзін з абменных пунктаў “Белінвэстбанку” месьціцца ў будынку крамы. Людзі ў чарзе стаяць на вуліцы, значная частка зь іх — сталага веку:

Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, чаму вы прыйшлі ў абменны пункт?”

Сталая спадарыня: “Валюту хацела набыць, але я так зразумела, што яе тут няма. Я ўжо ня ў першы банк зьвяртаюся, але валюты няма. Прычым ніякай: ні даляраў, ні эўра”.

Карэспандэнтка: “А чаму вы спрабуеце набываць?”

Спадарыня: “Бо беларускі рубель абсалютна абясцэніўся адносна нашай валюты. Зусім упаў. Таму і трэба пераводзіць грошы, каб хоць так захаваць на сьмерць. Хоць нешта, але і гэтак не атрымоўваецца. Бачыце — нельга купіць нават і па вялікім курсе”.

Многія людзі шукаюць пэўную валюту: даляры, эўра ці расейскія рублі. Вось што казалі наведнікі абменнага пункту “Беларусбанку”:

Спадарыня: “Вы ведаеце, я прыехала зь вёскі. Учора ўвогуле нельга было даступіцца — 20 даляраў за ўвесь дзень купіла. Эўра я не набывала, бо дорага, а сёньня — 200 даляраў купіла на запас. Няхай ляжаць 200 — ці мала на што спатрэбіцца”.

Карэспандэнтка: “Якую валюту вы шукалі і ці доўга?”

Спадар: “Эўра, даляры шукаў. Шмат банкаў абышоў, але вось і знайшоў”.

Карэспандэнтка: “Чаму вы купляеце валюту, зь якой мэтай?”

Іншы спадар: “Я хачу расейскіх рублёў узяць — яны хоць забясьпечаныя. А што такое даляр? Увядуць у Амэрыцы новую валюту, а яе ўвядуць зь месяца на месяц — і ўсё абваліцца. Таму — альбо эўра, альбо рубель”.

Карэспандэнтка: “А ці лёгка набыць?”

Спадар: “Ні ўчора, ні сёньня — няма нідзе. Я ўжо аб’ехаў тры банкі і вось пакуль матляюся. Быў у расейскім банку, дык у іх нават рублёў сваіх няма. Кажуць: мы рублі на вашыя фанцікі не мяняем”.

Супрацоўнікі банкаў неахвотна камэнтуюць становішча з купляй і продажам валюты. Аднак і яны прызнаюць, што недахоп валюты ёсьць. Вось што сказаў супрацоўнік аднаго зь іх, які не пажадаў называць свайго імя:

Карэспандэнтка: “Звычайна людзі валюту набываюць ці прадаюць?”

Спадар: “Набываюць. Даляры, эўра. Але тут цэнтар гораду, шмат замежнікаў — здаюць, каму трэба”.

Карэспандэнтка: “Ці хапае вам валюты на ўвесь дзень?”

Спадар: “Ну, не на ўвесь. Але калі ёсьць патрэба, то мы падмацоўваемся”.

Тым часам Нацыянальны банк Беларусі даў камерцыйным банкам указанне забяспечваць абменныя пункты валютай на працягу ўсяго гандлёвага дня. Але ў рэальнасьці гэта патрабаваньне выконваецца ня ўсюды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG