Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым выклікана паніка сярод насельніцтва?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 9 студзеня

Пасьля дэвальвацыі беларускага рубля краіну ахопліваюць панічныя настроі. Чым патлумачыць ажыятажны попыт у крамах? Чаму людзі імкнуцца набыць валюту? Чаму гарады ахопліваюць розныя чуткі пра новую дэвальвацыю, дэнамінацыю?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Ажыятажны попыт у крамах

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Незалежныя інфармацыйныя агенцтвы поўняцца зьвесткамі пра панічныя настроі сярод грамадзян. Тое, што адбываецца сёньня, — гэта дакладная ілюстрацыя да высновы, што чалавечая псыхалёгія — моцны рухавік сацыяльна-эканамічных працэсаў. Найперш, у першыя дні новага году пачаўся ажыятажны попыт у крамах, людзі пачалі скупляць дарагія тавары. Чым вы гэта патлумачыце?”

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў: “Гэта зразумелая рэакцыя. Пакуль цэны не павялічыліся, людзі купляюць тавары, бо лічаць, што хутка яны падаражэюць. Гэта найперш тычыцца імпартных тавараў. А што тычыцца айчынных тавараў, то цэны на іх будуць расьці паступова, цягам 2-3 месяцаў , таму так ужо сьпяшацца ня трэба”.

Аляксандар Чубрык
Аляксандр Чубрык: “З-за вялікага спажывецкага попыту ў студзені статыстыка пакажа рост эканамічных паказчыкаў. Але, думаю, шмат хто панабываў ня вельмі патрэбныя тавары. Таму ў наступныя месяцы продаж тавараў істотна зьменшыцца. Да таго ж колькасьць грошай у людзей зьменшыцца”.

Чаму людзі імкнуцца набыць валюту?

Карбалевіч “Калі ажыятажны попыт у крамах можна лічыць рацыянальнай рэакцыяй насельніцтва на дэвальвацыю, то іншыя дзеяньні людзей тлумачацца хутчэй панічнымі настроямі. Вось чэргі каля абменных пунктаў, каб купіць валюту. Дзеля чаго людзі ахвяруюць сваім часам, а магчыма, і здароў’ем, улічваючы марознае надвор’е? І, дарэчы, чаму ўзьнік дэфіцыт валюты? Здаецца, пасьля дэвальвацыі напружанасьць з валютай павінна была зьменшыцца”.

Злотнікаў: “Па-першае, відавочна, што дэвальвацыя аказалася не такой вялікай, як павінна была быць.
Чэргі па валюту азначаюць недавер насельніцтва да беларускага рубля.
Трэба было праводзіць яе паступова, з дапамогай рынкавых мэханізмаў, каб усталявалася натуральная раўнавага паміж попытам на валюту і прапановай. А Нацбанк вызначае валютны курс адміністрацыйна, на ўвесь год, з калідорам у 5%. Гэта неразумная, саманадзейная палітыка.

Чэргі па валюту азначаюць недавер насельніцтва да беларускага рубля. А адсутнасьць валюты толькі падагравае панічныя настроі. Я дапускаю, што наяўнай валюты ў абменных пунктах не хапае з тэхнічных прычын. Нават калі на рахунках банкаў і ёсьць валюта, то гэта ня значыць, што хапае наяўных грошай, бо яны ж у нас не друкуюцца“.

Страта даверу да Нацбанку

Чубрык: “Ня згодзен, што імкненьне купіць валюты — гэта нерацыянальныя паводзіны. Калі адбылася такая нечаканая дэвальвацыя, то людзі лічаць, што яна будзе адбывацца і далей. Таму і сьпяшаюцца набыць валюту.

Узьнікае іншая праблема. Вось зьявілася інфармацыя, што на рынках прадпрымальнікі сталі прадаваць тавар па курсе 3000 рублёў за даляр. Гэта азначае, што рэальна ўжо існуе не адзін курс рубля, а яшчэ нейкі ценевы. І па-другое,
Калі няма валюты ў абменных пунктах, то людзі пачнуць шукаць яе ў іншых месцах.
калі няма валюты ў абменных пунктах, то людзі пачнуць шукаць яе ў іншых месцах. А існаваньне некалькіх курсаў, як гэта было да 2000 году, разбурае эканоміку.

Думаю, што недахоп валюты ў абменьніках — гэта не тэхнічная прычына, а сьвядомая палітыка Нацбанку. Бо каб задаволіць попыт у валюце, Нацбанку трэба было б траціць свае золатавалютныя рэзэрвы, якіх няшмат. Таму Нацыянальны банк хоча паглядзець на рэакцыю насельніцтва, а потым прымаць рашэньне пра тое, што рабіць далей з курсам.

Нацбанк сваёй навагодняй дэвальвацыяй пахаваў давер да сваёй палітыкі. І цяпер у яго няма такой колькасьці валюты, каб гэты давер вярнуць. А калі так, то ня варта і старацца“.

Чуткі пра новую дэвальвацыю, дэнамінацыю

Карбалевіч: “Яшчэ большай прыкметай панічных настрояў сталі чуткі, якія з хуткасьцю маланкі распаўсюджваюцца па Менску. Нібыта вось-вось адбудзецца новая дэвальвацыя ці дэнамінацыя, або нават пераход на расейскія рублі. Кажуць, што нават цягнікі прыйшлі з Санкт-Пецярбургу з новымі грашыма. Якая прырода гэтых чутак? Ці ёсьць у іх нейкае рацыянальнае зерне?”

Злотнікаў: “Чуткі і паніка могуць узьнікнуць увогуле на пустым месцы. Пару гадоў таму ў Расеі была паніка без сур’ёзных прычын, калі людзі куплялі соль, крупы і інш.

А ў нашым выпадку пэўныя падставы для ажыятажу ёсьць. Маю на ўвазе інфармацыю пра сусьветны крызіс, складанае эканамічнае становішча ў Беларусі. У дзяржавы няма столькі грошай, каб утрымаць валютны курс, заробкі, эканамічную стабільнасьць. І замежныя крэдыты поўнасьцю гэтага не забясьпечваюць.
Магчыма, чуткі ўзьніклі ад элемэнтарнай непісьменнасьці.
Усё гэта спараджае няўпэўненасьць у людзей. А тут яшчэ гэтая дэвальвацыя, якая падарвала давер людзей“.

Што тычыцца дэнамінацыі. Нядаўна я сутыкнуўся з фактам, што частка студэнтаў у групе, дзе я выкладаю, не адрозьніваюць паняткі “дэвальвацыя” і “дэнамінацыя”. Што ўжо казаць пра ўсё астатняе насельніцтва! Магчыма, чуткі ўзьніклі ад элемэнтарнай непісьменнасьці.

Ня думаю, каб цяпер урад пайшоў на дэнамінацыю, то бок адкіданьне нулёў у грошах. Бо гэта нічога не мяняе ў макраэканамічнай сытуацыі, а толькі напружвае насельніцтва“.

Дэвальвацыя, але не дэнамінацыя

Чубрык: “Ці шмат вы бачылі ў сваім жыцьці вагонаў з грашыма? Зразумела, гэта толькі чуткі. Былі выказваньні паважаных эканамістаў пра дэнамінацыю і расейскі рубель. Падаецца, што за такія рэчы ім трэба было б паадбіваць рукі. Бо навошта падаграваць чуткі?

Я ўзгадваю, што калі на мяжы 2006-2007 гадоў людзі ў паніцы пачалі скупляць валюту, таксама ўзьніклі чуткі пра дэнамінацыю і дэвальвацыю. У Беларусі дэнамінацыя была ў 1994 годзе, калі інфляцыя складала больш за 2000%, і ў 2000 годзе, калі таксама была высокая інфляцыя. То бок людзі зьвязваюць дэнамінацыю з кепскімі падзеямі ў грашовай сфэры.

Чаму дэнамінацыю зьвязваюць зь пераходам на расейскі рубель?
Што тычыцца чаканьня дэвальвацыі, то яно можа цалкам спраўдзіцца.
Таму што Расея дала нам крэдыт з умовай выкарыстоўваць расейскі рубель у гандлі энэргарэсурсамі. Потым Беларусь зьвярнулася да Масквы па новы крэдыт, які можа быць выдзелены на невядомых умовах. Адсюль і такія чуткі.

Сапраўды, дэнамінацыя ў цяперашніх умовах была б неразумным крокам, толькі дадала б панічных настрояў. Людзі б думалі, што калі Нацбанк скідае два нулі, то, значыць, рыхтуецца да вялікай інфляцыі, у выніку якой гэтыя нулі зноў зьявяцца на грашах.

А што тычыцца чаканьня дэвальвацыі, то яно можа цалкам спраўдзіцца. Бо ажыятажны попыт у чаканьні дэвальвацыі можа як раз і падштурхнуць яе”.

Чым пагражае страта даверу насельніцтва да ўлады?

Карбалевіч: “Мусіць, невыпадкова, што гэтыя чуткі ўзьніклі адразу пасьля навагодняй дэвальвацыі, ажыцьцёўленай такім брутальным чынам. Людзі проста перасталі давяраць уладзе, лічаць, што яна здольная да розных непрыемных для людзей дзеяньняў. А ўсялякія афіцыйныя абвяржэньні хутчэй толькі ўзмацняюць паніку. Страта даверу насельніцтва да ўлады становіцца ўжо эканамічным чыньнікам. Чым гэта пагражае краіне?”

Злотнікаў: “Гэта можа прывесьці да зьмяншэньня паступленьня грошай насельніцтва ў банкі на дэпазыты. Калі паніка будзе разьвівацца, то людзі могуць пачаць здымаць свае грошы ня толькі з рублёвых, але і з валютных дэпазытаў. Вось гэта можа абрынуць усю банкаўскую сыстэму”.

Чубрык: “Страта даверу ўскладніць выхад з крызісу. Сапраўды, гэта можа прывесьці да страты даверу ня толькі да Нацбанку, але і да банкаўскай сыстэмы ўвогуле. Калі ў абменных пунктах ня зьявіцца валюта, калі Нацбанк будзе працягваць дэвальвацыю, то, сапраўды, людзі пачнуць забіраць з банкаў ня толькі рублі, але і валюту. Вось тады беларускай эканоміцы давядзецца пачынаць амаль з нуля. Страта даверу сур’ёзна абмежавала магчымасьці Нацбанку ўтрымліваць сытуацыю пад кантролем”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG