Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае філёзаф Алесь Анціпенка.

Homo soveticus (чалавек савецкі) – прадукт камуністычнай таталітарнай сыстэмы. Гэта чалавек, пазбаўлены ўнутранай свабоды. Замбаваны камуністычнай ідэалёгіяй, ён вырозьніваўся ірацыянальнай верай у сьвятасьць камуністычных правадыроў, перамогу камунізму ва ўсім сьвеце, а таксама нянавісьцю да ворагаў народу і сацыялізму.

Homo soveticus – новы чалавек, пазьней -- будаўнік сьветлай будучыні для ўсяго чалавецтва. Сфармаваўся ў СССР да сярэдзіны 1930-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Генэтычна і эвалюцыйна зьвязаны з расейскай патрыярхальнай сьвядомасьцю, саборнасьцю і абшчынным уладкаваньнем расейскага грамадзтва. На нерасейскіх тэрыторыях былога СССР “савок” найбольш яскрава выявіўся там, дзе нацыянальныя адметнасьці карэнных народаў былі найбольш нівеляваныя.
***


Вячаслаў Ракіцкі
Ракіцкі:
А ці няма супярэчнасьці паміж такімі вызначэньнямі? Вы лічыце, што ў аснове “саўка” ляжыць расейская мэнтальнасьць?

Анціпенка: Прататыпам савецкага чалавека зьяўляецца абшчынны чалавек. У аснове савецкай мэнтальнасьці ляжаць некаторыя вельмі істотныя для расейскай гісторыі падмуркі. А менавіта: гаворка ідзе пра патрыярхальную абшчынную сьвядомасьць і пра веру ў справядлівага цара. За савецкім часам бальшавікі аднавілі тую самую мадэль уладкаваньня грамадзтва, якая фактычна існавала ў ХІХ стагодзьдзі ў Расеі.

Ракіцкі: Што такое расейская мэнтальнасьць, зразумець няцяжка. Кожная нацыя мае ўласьцівую ёй мэнтальнасьць. У аснове савецкасьці, паводле вызначэньня, не магла ляжаць нацыянальная прыкмета, хоць камуністы і гаварылі пра савецкую супольнасьць, якая ў пэрспэктыве мусіла замяніць нацыянальнасьць. Што ўласьціва савецкай мэнтальнасьці, якая прыходзіла на зьмену нацыянальнай?

Алесь Анціпенка
Анціпенка:
Гэта мэнтальнасьць чалавека, уштукаванага ў савецкую сыстэму, падпарадкаванага ўладзе. Узгадайма “Сабачае сэрца” Міхаіла Булгакава. Вобразы Швондэра і Шарыкава – гэта вобразы ўласна савецкіх людзей. Савецкі чалавек – гэта перадусім хам, які зьявіўся на палітычнай авансцэне. Гэта чалавек, які пазбаўлены нават самага малога пачуцьця адказнасьці. Гэта чалавек, які прэтэндуе на тое, каб усё паставіць пад свой кантроль.

Ракіцкі: На якім падмурку фармавалася савецкая мэнтальнасьць? Як хутка сфармаваўся савецкі чалавек?
Савецкі чалавек – гэта чалавек без традыцыяў, без апірышча. Гэта чалавек, якім лёгка маніпуляваць.

Анціпенка:
Савецкі чалавек адбыўся ўжо да сярэдзіны 1930-х гадоў. І сярод інструмэнтаў, якія фармавалі савецкага чалавека, у першую чаргу былі страх і сыстэма пакараньня, якую мы ведаем у выглядзе ГУЛАГу. Камуністы імкнуліся кантраляваць сям’ю, рэлігію, мову – усе тыя сфэры, дзе магла выявіцца чалавечая індывідуальнасьць. Падмуркам быў і радыкальны разрыў з культурнай традыцыяй. На загад Леніна былі пагружаныя на баржу і выпраўленыя ў эміграцыю расейскія інтэлектуалы. Савецкі чалавек – гэта чалавек без традыцыяў, без апірышча. Гэта чалавек, якім лёгка маніпуляваць.

Ракіцкі: Як цягам дзесяцігодзьдзяў савецкай гісторыі зьмяняўся ці эвалюцыянаваў Homo soveticus?

Анціпенка: На самым пачатку эвалюцыі савецкага чалавека Мікалай Бярдзяеў, які быў сярод тых, каго выслалі з савецкай Расеі, вызначаў савецкага чалавека як новага антрапалягічнага тыпа, мілітарнага тыпа, які выйшаў з вайны. Гэта чалавек бяз палавых прыкметаў. На самым пачатку камуністы нават выступалі супраць шлюбаў. Усе тыя выгоды, якія былі натуральным прадуктам чалавечай цывілізацыі, часта лічыліся буржуазнымі перажыткамі. Гэты чалавек мусіў быць самаахвярным і адданым камуністычнай ідэі. Савецкі чалавек пазьней ужо ўсяго баяўся. Гэта быў цынік з падвоенай сьвядомасьцю. Ларыса Геніюш у Празе напрыканцы вайны, калі сустрэлася з савецкімі людзьмі, пісала: “Мы вельмі расчароўваліся ў гэтак званых савецкіх людзях, беларусах. Яны ішлі ўсімі падманамі сваіх шкурных мэтаў, ня ведаючы ніякай этыкі, былі спрытнымі і хітрымі. Іх мэтады часам былі страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякай дабрыні і міласэрнасьці. І ніякай граніцы для зла. Гутарка зь імі не акрыляла, а насьцярожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людзкасьці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцьця ўжо даўно забілі ў іх розныя ідэалы, акрамя тых, якія ў дадзены момант аплачваліся”.

Ракіцкі: Цынізм, эгацэнтрызм, невуцтва і хамства – рысы, якія зьяўляюцца самаразбуральнымі. Ці не да самазьнішчэньня ў выніку эвалюцыянаваў савецкі чалавек?

Анціпенка: Эвалюцыя савецкага чалавека і савецкай мэнтальнасьці завяршылася тупіком. У позьні пэрыяд сацыялізму, у брэжнеўскі пэрыяд, савецкі чалавек вызначаўся падвойным мысьленьнем. З аднаго боку, ён казаў, што падтрымлівае камуністычныя ідэалы, усімі сіламі імкнуўся ўступіць у камуністычную партыю. З другога – у той жа самы час шукаў “буржуазнага” дэфіцыту, калі ў савецкіх крамах нельга было купіць ні фінскіх боцікаў, ні крымпленавую марынарку. Для савецкіх мужчын і жанчын ідэалам спажываньня аказаліся не савецкія тавары, а прадукты таго “гнілога” Захаду.

Ракіцкі: Ці ёсьць адрозьненьні паміж савецкім чалавекам, які жыў у Расеі, і савецкім чалавекам у нацыянальных рэспубліках былога СССР?

Анціпенка: Безумоўна, ёсьць. Таму што савецкая мэнтальнасьць сфармавалася, абапіраючыся на шэраг важных міталягемаў расейскай
Распад Савецкага Саюзу пачаўся з адраджэньня нацыянальных ідэалёгіяў.
мэнтальнасьці – саборнасьці, якая была замененая калектывізмам, расейскага мэсіянізму, які ў савецкім варыянце быў верай у перамогу камунізму ва ўсім сьвеце, самаўладзьдзі, замененым на адданасьць камуністычнай партыі і згуртаванасьці вакол аднаго лідэра, што выявілася ў кульце асобы. Дзіўная рэч: за ўсю гісторыю савецкай ўлады не было ніводнага выпадку, каб паводле абвінавачваньня ў нацыяналізьме асудзілі хоць бы аднаго рускага чалавека. Затое ў іншых савецкіх рэспубліках, прыкладам у Беларусі ці Ўкраіне, дзесяткі тысяч людзей былі асуджаныя да ссылак і расстрэлаў за гэтак званую нацдэмаўшчыну. Пасьля другой усясьветнай вайны паводле тых жа самых абвінавачваньняў цэлымі эшалёнамі вывозілі ў Сыбір літоўцаў, латышоў, эстонцаў. Гэта быў канвэер зьнішчэньня ўсяго, што магло супрацьстаяць савецкай мэнтальнасьці, бо якраз нацыянальная прыналежнасьць – адна з прыкметаў самавызначэньня чалавека як індывідуальнасьці. Невыпадкова, што распад Савецкага Саюзу пачаўся з адраджэньня нацыянальных ідэалёгіяў.

Ракіцкі: У паняцьці “савецкі чалавек, што ёсьць рэальнасьцю, а што – мітам?

Анціпенка: Савецкі чалавек увогуле жыў мітамі. І ўся гісторыя, якую мы ведаем як гісторыю КПСС ці гісторыю СССР – гэта гісторыя мітаў. Індустрыялізацыя: тыя гераічныя высілкі былі зусім непатрэбныя, каб стварыць эфэктыўную прамысловасьць. І непатрэбная была тая калектывізацыя. Паралельна ў тыя ж самыя часы ў заходніх краінах і прамысловасьць, і сельская гаспадарка разьвіваліся натуральным чынам і больш эфэктыўна. Саўковая мэнтальнасьць збудаваная з адных мітаў.

Ракіцкі: Сканаў Савецкі Саюз. Ці пашыраны такі тып чалавека савецкага чалавека ў сучасным постсавецкім беларускім грамадзтве?

Анціпенка: Савецкі чалавек паступова сыходзіць са сцэны, але ў Беларусі ён быў і яшчэ застаецца даволі распаўсюджанай зьявай. Зусім невыпадкова першы беларускі прэзыдэнт пачынаў сваю дзейнасьць з апэляцыі да савецкіх мітаў савецкай гісторыі.

Ракіцкі: Што адмоўнага і што станоўчага нясе беларускаму грамадзтву савецкі чалавек?

Анціпенка: Гаворка ўвогуле ня можа весьціся пра нешта пазытыўнае. А адмоўных наступстваў той нашай савецкай гісторыі зашмат. Найперш, савецкія людзі ня мелі ніякага пачуцьця адказнасьці і ўсяляк уцякаюць ад гэтай адказнасьці. І гэтыя людзі ня хочуць прыняць адказнасьці за тыя наступствы, якія прынесла акурат адсутнасьць адказнасьці. Пры сацыялізьме ідэя працы фактычна была замененая ідэяй разьмеркаваньня. Савецкі чалавек – гэта чалавек, які гатовы выяўляць працоўны гераізм, але зусім ня хоча працаваць. Працоўны гераізм і эфэктыўная праца – гэта зусім розныя рэчы.

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што тое, што сёньня Беларусь знаходзіцца на ўзбочыне Эўропы, ёсьць таксама і вынікам захаваньня савецкасьці ў гэтай краіне?

Анціпенка: Гэта абсалютна адназначна, і кансэрвацыя гэтай савецкасьці, што адбылася адразу пасьля распаду СССР, а кансэрвацыяй гэтай савецкасьці займаўся сучасны беларускі рэжым, ёсьць адной з прычынаў таго, што мы знаходзімся на той фазе разьвіцьця, якую шэраг былых савецкіх рэспублік ужо прайшоў. Прычынай імклівай эвалюцыі былых савецкіх балтыйскіх рэспублік зьяўляецца разбурэньне савецкай мэнтальнасьці. Хаця, трэба прызнаць, гэта павольны працэс. Калі вы сёньня прыедзеце ў Вільню, то вам можа пашчасьціць сустрэцца з саўком нават у сталіцы краіны Эўрапейскага Зьвязу.

Ракіцкі: Мне падаецца, што апошнім часам беларускія ўлады, улучна з Аляксандрам Лукашэнкам, усё меней і меней апэлююць да савецкасьці. Ці гэта так? І чаму?

Анціпенка: Гэта так. Таму што савецкасьць сыходзіць разам са старэйшымі генэрацыямі. Маладыя людзі ўжо ня маюць досьведу тых савецкіх часоў. Яны ўжо не былі ні акцябратамі, ні піянэрамі. Іх не вучылі адданасьці камуністычнай партыі. Яны не сьпявалі песень, што яны – “дзеці рабочых”. Да таго ж шмат хто зь іх і нарадзіўся ў горадзе. Шмат хто выхаваны на зусім іншых кнігах, песьнях, музыцы. Натуральна, што камуністычнасьць, савецкасьць, саўковасьць гістарычна павінны зьнікнуць.

Ракіцкі: Дык калі зьнікне савецкі чалавек і адначасна міт пра яго?
Савецкі чалавек зьнікне тады, калі людзі будуць мець прыватную маёмасьць.

Анціпенка: Савецкі чалавек зьнікне тады, калі людзі будуць мець прыватную маёмасьць, і калі права на валоданьне ёй будзе замацаванае ў законе, калі не цьмяныя нейкія ідэалы, а менавіта пісаныя законы будуць грунтам грамадзкага жыцьця, калі ўлада будзе абмежаваная, калі мы пазбавімся аўтарытарных і таталітарных мэтадаў кіраваньня. Тады савецкасьць зьнікне абсалютна натуральным чынам, бо зьнікне тая база, на якой яна была збудаваная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG