Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскіх абменьніках чэргі і дэфіцыт на даляры і эўра. Купіць даляры можна было па курсу да 2708 рублёў, а эўра да 3710 рублёў.

Ва ўнівэрмагу “Беларусь” — чэргі за бытавой тэхнікай і дыванамі. Тоўпіцца народ і ля банкаматаў і абменьнікаў. Людзі, якія здаюць даляры ці эўра праходзяць да абменьніка без чаргі, але звычайна мяняюць няшмат грошай. А вось тыя, хто хоча набыць патрэбныя сумы замежнай валюты, вымушаныя чакаць у чарзе. Валюта купляецца адразу, як толькі яе нехта здасьць. Адна бабуля папрасіла прапусьціць яе без чаргі, аднак жанчына, якая ўжо даўно стаяла першай, не пагадзілася. Спадарыня ў чарзе пералічвае беларускія рублі. Яна апавяла, што хоча набыць даляры:

“Я была ў ГУМе, у ЦУМе, і купіць немагчыма. І пужаюць гэтай дэнамінацыяй, што нібыта ў панядзелак будзе. Таму няхай тлумачаць недзе па тэлебачаньні, па радыё — будзе гэта ці не. Каб людзі не пужаліся, не баяліся. Што гэта такое? Няхай патлумачаць як сьлед. Тут спрэс такія чуткі ходзяць, што ўсе людзі грошы здымаюць з банкаў. Што ён хоча атрымаць? Каб у банках наогул не было грошай? Людзі ўсе здымаюць грошы, каб купіць валюту, бо баяцца дэнамінацыі”.

У абменьніках каля ЦУМу таксама цяжка набыць валюту. Што кажуць людзі, якія стаяць у чарзе?

“Шчыра кажучы, там стаяла дзьве гадзіны, сюды падышла — няма даляру нідзе, няма нідзе эўра купіць”.

Карэспандэнт: А навошта вам гэтыя даляры, эўра?

Спадарыня: “Я еду ў Эўропу. Мне трэба зараз эўра купіць, хаця б сто. І я не магу. А 4-й гадзіне пасьля працы выйшла і не магу купіць”.

Карэспандэнт: А чаму няма?

Спадарыня: “Вось вы мяне пытаецеся, а я ў іх. Яны нічога ня кажуць, міла усьміхаюцца. Кажуць: няма, здадуць — купіце. І вось мы чакаем, пакуль здадуць”.

Яшчэ адзін спадар у чарзе нарэшце набыў 600 даляраў. Але перад гэтым абышоў тры абменьнікі:

“Мне неяк пашанцавала. Перада мной чалавек пяць здавала. Я думаю, што курс будзе яшчэ расьці, нацыянальная валюта будзе падаць. Тэндэнцыя да таго, што нацыянальная валюта губляе свае капіталы. Рэзэрвы Нацбанку не гумавыя і рана ці позна скончацца”.

Пару дзён таму начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў, камэнтуючы карэспандэнту Свабоды сытуацыю адносна дэфіцыту валюты ў абменьніках, сказаў, што гэта ўсяго толькі часовая, тэхнічная праблема. Маўляў, падвязуць і яна будзе.

Аднак сёньня увечары на некаторых абменьніках зьявіліся аб’явы, што валюты няма. У іншых увялі абмежаваньне — паўтысячы ў адны рукі.
XS
SM
MD
LG