Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча экспартаваць газ без пасярэднікаў

  • БелаПАН

Будаўніцтва другой галіны нафтаправоду празь Беларусь пакуль што немэтазгоднае, заявіў прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін, адказваючы ў Маскве на пытаньні замежных журналістаў.

“Сёньня гаварыць пра будаўніцтва яшчэ адной ніткі ня бачым мэтазгоднасьці”, – цытуе Пуціна агенцтва “РИА Новости”. Разам з тым Пуцін не выключае магчымасьці вяртаньня да гэтага пытаньня: “Тэарэтычна ўсё магчыма – у залежнасьці ад аб'ёмаў спажываньня”.

Кіраўнік расейскага ўраду лічыць важным дабудаваць Nord Stream (“Паўночны паток”): “Мы дабудуем той, які мы зьбіраемся збудаваць па дне Балтыйскага мора. Прычым гэта не таму, што мы хочам абыйсьці Польшчу або Беларусь. Гэта без транзытных краінаў – непасрэдны ўваход з Расеі, ад вытворцы, да спажыўцоў – у Заходнюю Эўропу”.

Паводле Пуціна, будаўніцтва газаправоду дазволіць пазбавіцца ад рызыкаў транзытных краінаў. “Што тут незразумелага? І што тут для каго крыўднага? Гэта стварае больш узважаную, больш устойлівую сыстэму энэргазабесьпячэньня нашых асноўных эўрапейскіх спажыўцоў”, – сказаў расейскі прэм'ер.

Ніжэйшую цану на газ для Беларусі ў параўнаньні з цаной для Ўкраіны кіраўнік расейскага ўраду растлумачыў тым, што Расея набыла 50% беларускай газатранспартнай сеткі (акцыі “Белтрансгазу”). “Гэта форма разьлікаў”, – сказаў Пуцін. Апрача таго, пяводле яго, у цане на газ для Беларусі ня ўлічваюцца мытныя пошліны, бо ў абедзьвюх краін існуе асаблівы эканамічны рэжым у гандлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG