Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская труба газавыя праблемы Эўропы ня вырашыць


Крупская кампрэсарная станцыя

Крупская кампрэсарная станцыя

Сёньня ўначы ў Маскве безвынікова скончылася спроба перамоваў у пытаньнях паставак расейскага газу ва Ўкраіну і далей у Заходнюю Эўропу. У другой палове дня 8 студзеня кіраўнікі “Газпрому” і “Нафтагазу Ўкраіны” працягнулі размову ў Брусэлі — ужо ў прысутнасьці прадстаўнікоў зацікаўленых структураў Эўразьвязу. Пра нейкія вынікі пакуль не паведамляецца, аднак пастаўкі газу праз Украіну не адноўленыя. Тым часам з газавай вайны Расеі і Ўкраіны карыстаецца Беларусь: ад пачатку году “Газпром” істотна павялічыў перапампоўваньне газу праз тэрыторыю краіны. Ці доўга Менск будзе зарабляць на сытуацыі, у якой перадусім цярпяць эўрапейскія спажыўцы?

Ад пачатку году “Газпром” павялічыў перапампоўваньне празь Беларусь на 26 мільёнаў кубамэтраў газу штосуткі. Аднак магутнасьці беларускай газатранспартнай сыстэмы абмежаваныя і ня могуць забясьпечыць неабходныя аб’ёмы паставак газу ў Эўропу. Гаворка перадусім пра далейшы транзыт у Польшчу, Нямеччыну, некаторыя іншыя краіны. Але шэраг дзяржаваў, сярод якіх Славаччына, Вугоршчына, Сэрбія, Босьнія і Герцагавіна, Румынія, Баўгарыя і г.д., цалкам залежаць ад украінскага транзыту. Сёньня ўрад Малдовы на экстранным пасяджэньні заявіў: газу засталося на 48 гадзінаў.

Ці можна прагназаваць, што ў выпадку выпрацоўкі агульнай пазыцыі паміж Масквой і Кіевам аб’ёмы транзыту газу празь Беларусь давядзецца зноў памяншаць? Гаворыць прадстаўнік “Белтрансгазу” Ўладзімер Чэкаў:

“Што тычыцца „Белтрансгазу“, мы сваю пазыцыю даводзім. Усё, што тычыцца нейкіх іншых аспэктаў, — то гэта справа аналітыкаў, спэцыялістаў, няхай яны тлумачаць. Гэта ж у Брусэлі нешта высьвятляюць, мы тут пры чым? Празь Беларусь транзыт ідзе ў Польшчу і далей, разумееце? Наш кавалак — тэрыторыя Беларусі, мы за яе адказваем. У тэхнічным пляне мы транзыт забясьпечваем”.

Карэспандэнт: “А што да той жа Славаччыны, Славеніі і г.д.?”

“З гэтым няхай яны самі там разьбіраюцца. Кожны адказвае за сваё. А чужога нам ня трэба”.

Карэспандэнт: “Тэхнічна на колькі яшчэ можна павялічыць транзыт празь Беларусь?”

“Ну, гэта будуць вырашаць тэхнічныя спэцыялісты. Усюды ёсьць якіясьці спэцыфічныя рэчы, якія ня ўсім нават агучваюцца. Пакуль мы цалкам выконваем заяўкі „Газпрому“. Як сказалі, так і робім. Што зьменіцца — зробім паведамленьне. Толькі афіцыйны пункт гледжаньня, толькі тое, што рэальна ёсьць — без „размышлізмаў“, чутак і г.д.”

Сёньня ў Брусэлі кіраўнік кампаніі “Нафтагаз Украіны” Алег Дубіна заклікаў “Газпром” аднавіць пастаўкі газу праз Украіну, гарантуючы 100-працэнтнае выкананьне кантрактных абавязкаў перад заходнімі спажыўцамі. Разам з тым адкрытым застаецца пытаньне цаны на газ для самой Украіны. У той час як Кіеў трымаецца 201 даляру за тысячу кубамэтраў, Расея настойвае на значна большай цане — апошні раз гаворка была пра 450 даляраў. У адсутнасьць кантракту “Газпром” з 1 студзеня спыніў пастаўкі газу ва Ўкраіну, а празь некалькі дзён — і транзыт у краіны Эўразьвязу. Ад газавага канфлікту ўжо пацярпелі 17 краінаў, дзе стаіць халоднае надвор’е.

Зрэшты, цана газу для Беларусі, нягледзячы на заявы пра пасьпяховыя перамовы беларускай дэлегацыі ў Маскве, дагэтуль так і не агучаная. Аляксандар Лукашэнка казаў, што цягам 2009 году кошты будуць карэктавацца, і ў выніку цана не нашмат перавысіць паказьнікі другога паўгодзьдзя 2008-га — тады Беларусь плаціла амаль 128 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Як кажа эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак, неразгалошваньне інфармацыі насамрэч сьведчыць пра тое, што канкрэтнага кошту няма дагэтуль:

“У апошнія дні мінулага году было заяўлена прадстаўніком „Газпрому“, што перамовы вядуцца ў плянавым парадку. Гэта відавочна, што пакуль бакі не ўзгаднілі свае пазыцыі, не знайшлі кампрамісу. То бок таксама ўсё праходзіць досыць складана. Але, у адрозьненьне ад Украіны, сытуацыя ў нас вызначаная, падпісаны кантракт, дамова на пастаўкі газу да 2011 году. І таму, як і казаў расейскі амбасадар спадар Сурыкаў, нягледзячы на тое, што дадатковы кантракт па міжурадавым пагадненьні пакуль што не падпісаны на 2009 год, усё ж ёсьць юрыдычная падстава ажыцьцяўляць пастаўкі. Потым, я так разумею, бакі будуць таргавацца, пакуль знойдуць нейкі кампраміс. Але ня так проста гэта таксама зрабіць”.



Беларуская газатранспартная сыстэма тэхналягічна зьвязаная з сыстэмамі суседніх краінаў і дазваляе ажыцьцяўляць транзыт расейскага прыроднага газу ў Польшчу, Украіну, Літву і Калінінградзкую вобласьць Расеі. Агульная працягласьць газаправодаў, задзейнічаных у перапампоўваньні газу ў краіны Эўропы, перавышае 2500 кілямэтраў. Апроч таго, “Белтрансгаз” выконвае апэратарскія функцыі эксплюатацыі магістральнага газаправоду “Ямал — Эўропа” працягласьцю 575 кілямэтраў, які знаходзіцца ва ўласнасьці канцэрну “Газпром”.
XS
SM
MD
LG