Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школе я быў з тых вучняў, пра якіх настаўнікі кажуць: можа, але ня хоча.

Увогуле школу ледзьве ўдалося скончыць не “з даведкай”, а з атэстатам. Пасьля ўсё пайшло па-іншаму. Але тады, у школе, побач было шмат тых, хто і мог і хацеў, хто вучыўся на выдатна й выдатна ведаў, куды паступіць і кім будзе, хто быў адораны й каму ўсё давалася лёгка, хлопчыкі-мажоры, дзевачкі-прыпевачкі, будучыня якіх уяўлялася ўзорнай, яснай і пасьпяховай...

Вось ён, самы першы жыцьцёвы парадокс, спазнаны на ўласным досьведзе: куды яны ўсе падзяваліся? І самая першая выснова: школа – гэта яшчэ ня тое месца, дзе ты робіш сябе сам. А ўсе гэтыя кніжкі й фільмы на школьную тэматыку, дзе вучань “выяўляе характар” – фантомы, як і само праяўленьне характару, бо ў школе табой неразьдзельна валодае сытуацыя, і калі ты пачаў сваё самастойнае жыцьцё яшчэ ў школе, гэта зусім ня значыць, што зь цябе нешта атрымаецца ў далейшым жыцьці. Бо ты пачаў адбывацца ня ў час.

У свой час

Ня ў час – самая галоўная прычына, каб не адбыцца. І наадварот, першая перадумова адбыцца – своечасова.

Калі школа засталася ззаду і ты ўжо паўнавартасны фігурант гэтага жыцьця, пачынае дзейнічаць навука чужога досьведу: не адкладай на заўтра, рабі да канца. Спартоўцы й артысты кажуць, што трэба своечасова сысьці, пэнсіянэры цешацца, калі пэнсія “воўрамя”.

Літаратурны прыклад. Калі б Багдановіч напісаў столькі, колькі Купала, а Купала столькі, колькі Багдановіч, мы напэўна ня мелі б у асобе Багдановіча любімага, а ў асобе Купалы вялікага паэтаў нацыі, як акрэсьліў іх А.Глёбус.

Расстраляныя ў 1937-м паэты, хоць іх кніжкі й пачалі выходзіць зноў у 1960-я гады, так і не вярнуліся ў той іпастасі, у якой меліся адбыцца. Ня будзь тых расстрэлаў, па-іншаму выглядала б карціна беларускае літаратуры сёньня. Тыя, каго не расстрэльвалі, апынуліся б на іншых месцах.

Адбыцца – гэта гульня з часам (каб у час) і з сабою, калі пачатае мусіш дарабіць да канца.

Да канца

Знаёмы студэнт сыходзіць з трэцяга курсу ў трэцім унівэрсытэце. Захапіўся – пагас, захапіўся – пагас. Кім, Грыша, ты хочаш быць? Касманаўтам – кажа расьсеяна, як расьсеянае ягонае жыцьцё. Ужо ня слуп сьвятла, а сяйво. З гэткім пагаслым позіркам ён ужо ніколі ня будзе нікім. Дакладней, намінальна будзе, але сутнасна не. Ну што ж, харошы чалавек, як у нас кажуць, гэта самае галоўнае. Каб чалавек быў харошы.

Адбываецца сьпісаньне Грышы ў фон, туды, куды раней сьпісаліся мае хлопчыкі-мажоры й дзевачкі-прыпевачкі, якія даўно не дзярзаюць і даўно махнулі рукой на той найвялікшы падарунак, якім адарыў іх Божанька – на жыцьцё. Яны даўно не жывуць, а дажываюць. Шкада.

Правільна, большасьць сканчае свой першы ўнівэрсытэт і таксама не становіцца нікім. Але ў іх болей шанцаў, бо сьпіраль іхнага жыцьця зрабіла першы поўны абарот. Іхнаю воляй. І цяпер ёсьць надзея, што зробіць другі, трэці, чацьвёрты...

Прыдумаў – зрабі

Ідэі перапаўняюць розумы маіх суайчыньнікаў. Але большасьць мяркуе, што гэтыя ідэі павінен увасобіць нехта іншы. Гэта нармальна. У структураваным заходнім грамадзтве людзям і плацяць – за ідэю. Ідэя – гэта ўжо завершаны прадукт. Але наша грамадзтва ў такім сэнсе не структураванае. Хочаш гэта рабіць? – рабі.

Мне шкада сяброў, якія проста фантануюць ідэямі. А давай, каб БНФ зрабіў... А няхай бы Мілінкевіч пайшоў... А вось бы кніжку выдаць, не, лепш аўдыёальбом... На адным сайце нават прыдумалі апытанку – пра што пісаць песьні Вольскаму? Дзясяткі людзей гатовыя раздаваць ідэі. Толькі нічога ад гэтага ня робіцца (і песьні Вольскага ад гэтага не нараджаюцца).

Але й гэта не канец. Прыдумай ідэю, рэалізуй яе і (цяпер трэцяя стадыя) давядзі да канца. Паступіў (ой, не туды!) – давучыся. Пачаў “праект” – дарабі, а не хапайся за іншае. Да-ра-бі. Няміла табе? Але калі ты браўся за гэта – душа сьпявала, праўда? Дык дай ёй дапяяць (моцна раздражняюць у радыё абрэзаныя песьні – нават не таму, што яны табе да душы, але калі іх табе прапануюць у якасьці ілюстрацыі, дык як іх зразумець без апошняга куплету?).

Нацыянальная ідэя

І вось – нацыянальная ідэя. Ідэя – рэалізацыя – вынік. Ці хто-небудзь ішоў такім шляхам? Паводле выніку можна меркаваць, што не.

Калісьці мне здавалася, што ўсе людзі таленавітыя, як травінкі, і “талент заўжды праб’ецца”. А яно так і ня так. Хтосьці падказаў, нехта падтрымаў, грашыма ці добрым словам... А калі не?

Калі не, трэба самому быць супэргероем...

Колькі ўсіх не адбылося, не адбываецца й не адбудзецца!.. Патэнцыйна – лепшых за тых, хто сёньня на топе.

Кажуць вось, Сыс адбыўся. Сам. Але гэта рэдкае выключэньне.

Між тым, ствараюць такіх супэргерояў сотні людзей, не настолькі публічных, па ўсёй краіне. І не адбыцьцё Сыса робіць Беларусь сабою. А адбыцьцё гэтых соцень і тысяч, якія, зламаўшыся на нейкім этапе свайго жыцьця, пакорліва сышлі ў фон. Хоць, па ідэі, ніякага фону не павінна быць. Мусіць быць ня фон, не насельніцтва, ня маса, а народ, у якім кожны відзён, кожны штодня адбываецца (у час і да канца). Тады адбываецца ўся нацыя.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG