Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэлефанаваньнях слухачы гавораць пра расейска-ўкраінскі газавы канфлікт, сьпяваюць калядкі, а таксама выказваюць сваё стаўленьне да ўладаў Беларусі.


Эўразьвяз адвёў Расеі і Ўкраіне 24 гадзіны, каб тыя знайшлі агульную мову і аднавілі пастаўкі газу ў Эўропу. Калі гэтага не адбудзецца, Эўразьвяз пагражае Маскве і Кіеву палітычнымі санкцыямі. Пастаўкі газу прыпыненыя 1 студзеня. Бяз паліва засталіся 10 краінаў Эўропы.

Спадар Андрэй, Асіповічы: “Праз ваша радыё хацеў бы зьвярнуцца да палітыкаў Эўразьвязу, якія пакінулі Ўкраіну. Украіна адвярнулася ад Расеі, павярнулася ў бок Захаду, дык мелі б хоць нейкае сумленьне і падтрымалі б яе. А тут пакінулі сам-насам з такім ворагам”.

7 студзеня праваслаўныя адзначылі сьвята Божага Нараджэньня. Радыё Свабода працягвае конкурс калядак. Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар Міхась, в. Карпілаўка:
“Каляда, Каляда,
Прычапілась к нам бяда.
І вось каторы ўжо год
Яна мучае народ.
Мілыя Калядкі,
Ганіце яе без аглядкі.
Каб яна ляцела
Аж да Вэнэсуэлы.
Скіньце яе ў мора,
Збаўце нас ад гора”.

Гэтымі днямі мы атрымліваем шмат тэлефанаваньняў, у якіх слухачы выказваюць сваё стаўленьне да кіраўніцтва краіны:

Спадарыня, Магілёў: “А пра Лукашэнку адно магу сказаць — ён ні пра што ня думае, нічога не прапануе, а думаюць за яго Эўразьвяз, ЗША, Расея і г.д. А Лукашэнка вырашае: выгадна — нявыгадна. Гэта адзінае, на што ён здольны. І хвалюе яго толькі асабістая незалежнасьць, а незалежнасьць Беларусі хвалюе ў большай ступені толькі Эўразьвяз ды ЗША”.

Спадар: “Наш цяперашні правадыр у 1994 годзе прыйшоў да ўлады дзякуючы сваім шматлікім папулісцкім лёзунгам і абяцанкам. Адным з абяцаньняў было вярнуць страчаныя ўклады. Як мы ўсе зараз бачым, цацанкі-абяцанкі — дурню радасьць. Нават падчас так званага беларускага эканамічнага цуду, калі, па афіцыйных дадзеных, штогадовы прырост складаў 10 і больш адсоткаў, правадыр ці то ня змог, ці то не захацеў выканаць абяцаньне. Зараз, у сувязі з сусьветным фінансавым крызісам, нам, відаць, прыйдзецца пра гэта забыць”.

Спадар: “Народ ужо не давярае ані ўраду, ані Лукашэнку. Лукашэнку хутка будзе труба, будзе крызіс на яго галаву”.

Спадар: “Чым мне падабаюцца тэлефанаваньні на “Свабоду? Сухі кароткі камэнтар — як сухі кароткі стрэл з рэвальвэра. Вось толькі што на адным зь дзяржаўных каналаў адышоў сэрыял “Доктар Хаўс-1”. Цяпер ідзе “Доктар Хаўс-2”. Вось я і лічу, што ў нас гэта ўжо 15 год цягнецца, толькі не сэрыял “Доктар Хаўс”, а рэаліці-шоў “Доктар Хаўс”. І вось гэты тэлесэрыял ці рэаліці-шоў пад назвай “Доктар Хаўс” будзе цягнуцца даўжэй за “Санта-Барбару”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG