Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да сябраў ініцыятыўнай групы, якая наладзіла кампанію супраць будаўніцтва АЭС, пачалі прыходзіць на працу й дадому прадстаўнікі мясцовай улады. Іх цікавіць грамадзянская пазыцыя актывістаў. Некаторыя людзі напалоханыя гэтымі візытамі.


Да Івана Жылецкага з Астраўца прыйшоў на працу чалавек у цывільным і высьвятляў, чаму той супраць будаўніцтва АЭС. Спадар Жылецкі кажа, што цягам жыцьця прывык казаць тое, што думае, і таму, не хаваючы, выказаў сваю пазыцыю:

“Яны пыталіся — чаму я не хачу гэтай АЭС. Я адказаў, што ня супраць АЭС, бо яны ёсьць ва ўсім сьвеце, але я не хачу, каб яе будавалі ў мяне на радзіме. Вось забрудзілі ўжо Гомельшчыну, хай там і будуюць. І чаму ўрэшце мы ўсе павінны згаджацца з тым, што нам прапануюць? Кожны чалавек мае свой погляд на рэчы”.

Большасьць сябраў ініцыятыўнай групы — людзі пэнсійнага веку. Пасьля размоў зь мясцовымі ўладамі яны казалі, што нідзе болей ня будуць ставіць свой подпіс.

Спадар: “Не хачу больш ні з чым зьвязвацца, бо ўсё гэта бяз сэнсу...”

Іван Крук
Астравецкі актывіст Іван Крук, які надалей працягвае зьбіраць у раёне подпісы супраць будаўніцтва АЭС, кажа наконт гэтага наступнае:

“Я ведаю, што мясцовыя ўлады ўжо паўсюль адрапартавалі, што ў раёне ўсе падтрымліваюць будаўніцтва АЭС. А тут знайшліся людзі, ужо сабрана 250 подпісаў, якія супраць. Значыцца, сытуацыя не такая, як яны дакладваюць наверх, таму й імкнуцца блякаваць нашу дзейнасьць”.

Мікола Ўласевіч
Кіраўнік ініцыятыўнай групы кампаніі “Астравецкая атамная — гэта злачынства” Мікола Ўласевіч напісаў у раённую газэту артыкул “Знак бяды, альбо Ўсе пажаданьні за ваш кошт”, у якім выклаў аргумэнты супраць будаўніцтва АЭС.

Артыкул ён аддаў у рэдакцыю пасьля таго, як на старонках раёнкі выступіў мясцовы прадпрымальнік і пералічыў толькі станоўчыя наступствы ад будаўніцтва АЭС. Спадару Ўласевічу, аднак, вярнулі артыкул назад:

“Адказ такі: артыкул утрымлівае зьнявагу службовых асобаў і іншых грамадзянаў, таму, маўляў, надрукаваны быць ня можа”.

Так патлумачыла адмову рэдактарка газэты. Праўда, на просьбу Ўласевіча ўдакладніць, у чым зьнявага “службовых асобаў і іншых грамадзянаў”, рабіць гэтага ня стала.

Сёньня спадар Уласевіч сказаў, што ягонай пазыцыяй супраць будаўніцтва АЭС зацікавілася дзяржаўная “Народная газета”. Адтуль тэлефанаваў журналіст і абяцаў, што днямі надрукуюць матэрыял на гэту тэму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG