Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас абмеркаваў пытаньне энэргабясьпекі Літвы з Эўракамісарам па зьнешніх сувязях Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Сустрэча адбылася ў Празе пад час нефармальнага паседжаньня рады Эўразьвязу па агульных справах.


На сустрэчы з Бэнітай Фэрэра-Вальднэр абмеркавныя пляны Беларусі па будаўніцтву атамнай электрастанцыі каля мяжы зь Літвой. Спадар Ушацкас адзначыў, што палітыкі і грамадзкасьць Літвы выказваюць вялікую занепакоенасьць гэтым праектам “з-за пытаньняў бясьпекі АЭС і яе ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе”.

Вігаўдас Ушацкас прапанаваў правесьці спэцыяльныя кансультацыі паміж Эўракамісіяй і Беларусьсю і падняць пытаньне пра выкананьне міжнародных канвэнцый ў галіне атамнай бясьпекі. А таксама пытаньне пра забесьпячэньне празрыстага і адкрытага працэсу па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

У прэсавай службе літоўскага міністэрства замежных спраў адзначаюць, што “ЭЗ ужо ня першы раз адзначаў, што далейшае разьвіцьцё стасункаў паміж ЭЗ і Беларусьсю будзе залежаць ад таго як Беларусь будзе выконваць міжнародныя абавязальніцтвы”.

Нагадаем, 29 сьнежня Вігаўдас Ушацкас наведаў зь візытам Менск. Пад час сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі Беларусі ён выказаў занепакоенасьць плянамі будаўніцтва беларускай АЭС.

Спадар Ушацкас адзначыў, што пад час сустрэчаў зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем было адзначана, што беларускі бок пакуль не прыняў тут “фінальнага палітычнага рашэньня і літоўскі бок тут будзе інфармаваны”.

А 19 сьнежня віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка на паседжаньні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях пацьвердзіў, што беларуская АЭС будзе пабудавана на Астравецкай пляцоўцы. Віцэ-прэм’ер паведаміў на паседжаньні Нацыянальнай рады, што 21 студзеня ў Астраўцы пачнецца будаўніцтва першых чатырох- і дзевяціпавярховых дамоў для будаўнікоў АЭС, а праз год пачнецца будаўніцтва прамысловай пляцоўкі ў раёне Астраўца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG