Лінкі ўнівэрсальнага доступу

а.Харытановіч: Каляндар — гэта ўмоўнасьць


айцец Віталь Харытановіч
айцец Віталь Харытановіч

Госьць “Начной Свабоды” — ярэй Сьвята-Петрапаўлаўскага сабору ў Менску айцец Віталь Харытановіч.


Ганна Соусь: Са сьвятам Божага нараджэньня, айцец Віталь. Найперш я папрасіла б вас зьвярнуцца да слухачоў “Свабоды” з нагоды аднаго з самых галоўных праваслаўных сьвятаў.

а. Харытановіч: Шаноўныя слухачы “Свабоды”, шчыра вас віншую з Раством нашага Збаўцы Госпада Ісуса Хрыста. Яго зьяўленьне ў нашым зямным грэшным сьвеце — гэта неверагодны для чалавечага розуму акт Божай міласьці. Міласьць у тым, што калі чалавек яшчэ ня быў падрыхтаваны, не чакаў збаўленьня, але пакутаваў у сьвеце ад унутранага прыгнёту, зьнешніх абставін, мітусьні, ад Госпада ён атрымаў такое выйсьце, такую аддушыну, што немагчыма сабе ўявіць. Гасподзь для нас падрыхтаваў тое, чаго вока ніколі ня бачыла, што на сэрца ніколі не прыходзіла. Ніякімі словамі не апісаць Божы дар, уся Божая міласьць уцялесьнілася ў выглядзе гэтага немаўляткі. Яго чалавек прымае ўсім сэрцам, толькі сваёю вераю. Бо розум шукае выйсьця ў зямных рэчах, мы спадзяемся на сябе, на іншых людзей. Зямныя рэчы — не сапраўдныя на сто адсоткаў. А вось Хрыстос дае самае галоўнае — нябеснае жыцьцё. Чалавек павінен мець вялікую веру ў Госпада, каб апынуцца ў выраі. Але гэты падарунак зьявіўся нечакана для многіх. Калі дзіцяці кажуць, што табе на Раство будзе вялікі падарунак, сюрпрыз — што можа чакаць дзіця? Цацку, як у сябра, рэч яскравую. А бацькі яму даюць тое, што яму пасьля спатрэбіцца ў жыцьці, нейкія акты, якія пасьля дадуць свой плён. А самае галоўнае для чалавека — быць у сям’і, быць з Богам. Гасподзь — наша галоўная каштоўнасьць. Я хачу пажадаць усім людзям, слухачам радыё “Свабода”, усім, хто шукае праўды — шукайце ў Госпадзе Ісусе Хрысьце. Перачытайце Эвангельле. Памаліцеся Госпаду, і вы ўбачыце, што там адказ.

Ганна Соўсь
Соўсь:
Мы ўсе ведаем пра нараджэньне Хрыстова і пра той пэрыяд, калі ён пачаў прапаведаваць у 30-гадовым узросьце. А што вядома пра Хрыста-падлетка?

а. Харытановіч: Вельмі шмат ёсьць розных паданьняў, апокрыфаў пра тое, як ён гуляецца зь дзецьмі, кагосьці ўхваляе, кагосьці карае. У Эвангельлі ад Лукі гаворыцца, як дванаццацігадовы Хрыстос быў прыведзены ў Ерусалімскі храм, размаўляў з настаўнікамі закону Божага, і ўсе зьдзіўляліся ягонай мудрасьці. Рэч у тым, што Хрыстос быў сталы духоўна ад самага свайго нараджэньня. Мяне часта ўражваюць палестынскія дзеці, якія ўжо ў 10 гадоў могуць браць зброю, могуць ваяваць, яны ўжо адказныя за сям’ю. Яны разумеюць, дзеля чаго жывуць, яны ўжо могуць загінуць за радзіму. Гэта сталасьць. Калі чалавек прымае Хрыста, ён перастае быць дзіцяткам, юнаком, ён хрысьціянін. І Хрыстос ад самага свайго нараджэньня больш, чым зараз я сказаў, ён Бог.

Соўсь: Царква адаптавала нейкія паганскія звычаі да веравучэньня, у тым ліку і да сьвятаў. Што да сьвята Нараджэньня Хрыстовага, то ці быў у яго нейкі паганскі адпаведнік?

а. Харытановіч: Царква карыстаецца тым, што ёсьць, мясцовымі дасягненьнямі навукі, мастацкай культуры, забабонамі, але гэта не паганства. Нараджэньне Хрыстова і Каляды наўпрост не зьвязаныя.

Соўсь: Існуе пэўная герархія сьвятаў у хрысьціянскіх канфэсіях. У каталікоў найгалаўнейшым сьвятам лічыцца Нараджэньне Хрыстова, а ў праваслаўных — Вялікдзень. Чаму?

а. Харытановіч: Заўсёды ва ўсіх хрысьціянскіх канфэсіях першае сьвята — Вялікдзень. Але на Захадзе Божае нараджэньне супадае з Новым годам. Гэта сацыяльны момант — людзі асацыююць Божае Нараджэньне з Новым годам. Што такое Новы год — ажыцьцяўленьне мараў, новае жыцьцё. Гэта момант не рэлігійны. А я ведаю, што ў нейкіх колах Нараджэньне Хрыстова забараняюць сьвяткаваць як хрысьціянскае сьвята. Гэтае сьвята становіцца зусім сьвецкім.

Соўсь: Як прайшлі сёлета калядныя служэньні ў Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы? Колькі прыйшло вернікаў? Ці ўсім хапіла месца?

а. Харытановіч: Сёньня вельмі шмат прыйшло людзей, больш, чым у мінулым, пазамінулым годзе. Можна сказаць, чаму гэта так, з чым гэта зьвязана. Можна пажартаваць, але ў кожным жарце ёсьць толькі частка жарту. Калі наступае момант крызісу, то людзі ідуць маліцца. Гэта сацыяльны момант.

Соўсь: Вы служыце ў Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы з 1996 году. На вашае ўражаньне, наколькі зьмянілася за гэты час колькасна і якасна паства вашага храму?

а. Харытановіч: Усё зьмяняецца, самае галоўнае — зьмяняемся мы. За 12 год я сам зьмяніўся і новым позіркам гляджу на тых самых людзей. У дзевяностыя было шмат людзей, якія прыходзілі ў царкву з рамантычных памкненьняў. Яны нечага чакалі ад царквы, ад Бога, былі ў рэлігійных пошуках. Зараз паства ў гэтым сэнсе больш сьціплая. Але ў кожнага чалавека свой духоўны рух. Ня хочацца казаць, што гэтыя перамены да прагматызму, але зьявілася стаўленьне да царквы як да паўсядзённасьці, як да таго, што носіш з сабою ў кішэні. Але, зь іншага боку, людзі сталі больш сьвядомыя ў сваёй веры, вызначылася такая плынь людзей, якія ходзяць на гутаркі, якія чытаюць Пісаньне разам са сьвятаром, больш згуртаванай моладзі. Усё блізіцца да другога прышэсьця. Сусьветная квашня кісьне, зьмяняецца сьвет. І гэта ўсё вядзе да неба, да царства Божага.

Соўсь: Пры канцы сьнежня завяршыўся першы этап рамонту фасаднай часткі вашага храму, аднаго з найстарэйшых у Менску. Калі чакаецца заканчэньне рамонту і ці дастаткова сродкаў?

а. Харытановіч: Вельмі хацелася б, каб гэта было як мага хутчэй. Але гэта цягнецца вельмі марудна, рамантуюцца адны часткі, пасьля пераскокваюць на іншыя. То рыштаваньні ёсьць, то іх няма. На сьвяты іх прыбралі. Вельмі прыгожы храм, адкрыліся росьпісы розных стагодзьдзяў. Здаецца, іх там чатыры слаі. Гэта сапраўды самы прыгожы і стары храм у Менску. Хутка будзе 400-годзьдзе нашага сабору. Можа, нешта будзе. Сродкі ёсьць. Але ж вы ведаеце, у нашым жыцьці ўсё хісткае.

Соўсь: Пры канцы студзеня будзе абраны новы патрыярх Рускай праваслаўнай царквы. На вашую думку, хто з прэтэндэнтаў на гэтую пасаду быў бы найлепшым для беларускіх вернікаў, для беларускіх сьвятароў?

а. Харытановіч: Для наш больш актуальна і важна, хто будзе нашым эпархіяльным архіярэем. А што да патрыярха, Бог ставіць таго, каго трэба. І загадваць тут я не магу. Мы молімся, зьбіраем сабор, вызначае ён кандыдатаў, потым архірэйскі сабор з гэтых кандыдатаў адбірае, і напрыканцы выбіраюць патрыярха. Але ня людзі выбіраюць — Гасподзь выбірае. Нават галасаваньнем. Як выбіралі патрыярха Ціхана, гэта была малітва, і цягнулі паперачку, старац цягнуў… Няважна як. Гэта Гасподзь выбірае. Ёсьць, вядома, у кожнага свае пажаданьні, але гэта вельмі асабістае.

Соўсь: Як вы лічыце, ці павінны каталікі і праваслаўныя сьвяткаваць сьвята Нараджэньня Хрыстовага паасобку ці ўсё ж у адзін дзень?

а. Харытановіч: Я хачу сказаць, што яны вельмі часта сьвяткуюць разам, ходзяць адзін да аднаго ў госьці. Дарэчы, праваслаўныя на Захадзе — у Грэцыі, напрыклад, — сьвяткуюць Божае Нараджэньне 25 сьнежня. Але гэта зусім не праблема. Хрыстос сваім уваскрэсеньнем пераадолеў усялякія зямныя ўмоўнасьці, якія патрэбныя дзеля збаўленьня. Хрыстос — вось умова. Калі чалавек прымае яго, ён становіцца вольны ад усякіх зямных альгарытмаў. Дата тут ня мае ніякага значэньня. Дзякуй Госпаду, што ён даў нам збаўленьне. Ня нейкую там кнігу, ня нейкую сыстэму, — ён даў нам Хрыста, Сьвяты Дух. А каляндар — гэта ўмоўнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG