Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“14% - гэта проста сьмешна”


Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

Сёньня Нацыянальны банк павялічыў стаўку рэфінансаваньня да 14%. У Нацбанку мяркуюць, што гэтая мера будзе стымуляваць прыток зьберажэньняў у банкі.


Эканаміст Аляксандар Чубрык адзначыў:

“Стаўка рэфінансаваньня 14% - гэта проста сьмешна ва ўмовах, калі за адзін дзень адбываецца дэвальвацыя на 20%. Ну які павінен быць адсотак па рублёвых дэпазытах, каб гэта было прыбыткова для людзей? Гэта дакладна больш, чым 20% - пры такой дэвальвацыі. Прычым ня проста 20%, але 20% плюс адсоткавая стаўка па валютных дэпазытах. То бок гэта можа быць і 30%. Гэта ўсё зараз проста залежыць ад таго, наколькі простыя людзі адэкватна ацэньваюць сытуацыю”.

Аляксандар Чубрык мяркуе, што пасьля рэзкай дэвальвацыі рубля цяпер важна ўсім чакаць рэакцыі насельніцтва.

“Я думаю, што рэакцыя насельніцтва ўжо пачалася. Зараз людзі патрацяць тыя беларускія грошы, якія ў іх ёсьць, магчыма, валюту на спажывецкія тавары. То бок у першы месяц году ў нас будзе істотны эканамічны рост, рост унутранага попыту. Проста на тле ўсясьветнага эканамічнага крызысу, я думаю, Беларусь будзе лідэрам па тэмпах эканамічнага росту. А пасьля будзе істотны правал і я ня ведаю, як гэта будзе адлюстравана нацыянальнай статыстыкай.

Далей будзе залежыць, ці пойдуць людзі ў банкі па свае дэпазыты. Усё залежыць ад таго, ці хопіць у людзей вытрымкі дачакацца тэрмінаў сканчэньня іх дэпазытаў. То бок ці яны захочуць траціць адсоткі, якія назапасіліся ў іх на дэпазытах. Наколькі яны павераць Нацбанку пасьля таго, што ён зрабіў. Ці будзе ён надалей утрымліваць курс беларускага рубля да даляру прыкладна на цяперашнім узроўні. Я ня думаю, што нехта з грамадзянаў будзе разьбірацца, што такое “кошык валют”, а будуць проста глядзець на курс даляра. Так што мы проста чакаем рэакцыі людзей. І гэта будзе ступеньню даверу на банкаўскай сыстэмы, да Нацбанку”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG