Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дробныя бізнэсоўцы – за нацыянальную валюту


Індывідуальныя прадпрымальнікі зьбіраюць подпісы супраць прывязкі ставак арэнднай платы і падаткаў да эўра. Яны занепакоеныя занадта высокімі падаткамі, якія іх чакаюць сёлета. Дробныя гандляры не выключаюць пратэстаў у Менску 12-га студзеня.

У найбліжэйшы час прадпрымальнікі мяркуюць сабраць да 70 тысяч подпісаў супраць вызначэньня ставак арэнднай платы і падаткаў у эўра. У заяве гаворыцца, што «прывязка плацяжоў да замежнай валюты – ганьба для любой сувэрэннай дзяржавы». Подпісы накіруюць адміністрацыі прэзыдэнта і прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму. Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў заявіў:

“Нацыянальная валюта мэтанакіравана зьнішчаецца ўрадам. Давайце прымусім урад паважаць уласныя грошы. І я думаю, тут нічога няма крымінальнага, калі мы – народ, які жыве ў Беларусі – запатрабуем паважаць сваю нацыянальную валюту. А ня зьдзекавацца зь яе. І найперш зь яе зьдзекуецца ўлада”.

Рэзкая дэвальвацыя беларускага рубля прывяла да значных стратаў у дробных бізнэсоўцаў. За адну ноч пераднавагодняя выручка паменшылася на 20%. Але са студзеня давядзецца плаціць больш высокую арэндную плату і адзіны падатак. Бо ён прывязаны да курсу эўра і аўтаматычна вырас на 20%.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў заявіў, што дробныя гандляры незадаволеныя прэзыдэнцкім указам №703. Ён не выключае, што ўжо 12 студзеня яны выйдуць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску:

“Указ №703 стварае глебу для пратэстаў. Указ №703 працягнуў нам дзейнасьць пасьля Новага году – гэта вельмі добра, гэта самае галоўнае, чаго мы дамагаліся. Але тут жа падводныя камяні зьнішчаюць зусім дзейнасьць прадпрымальнікаў. Дзяржава заганяе прадпрымальнікаў у шэрыя схемы. І таму будуць акцыі супраціву”.

Улады працягнулі на няпэўны час льготныя ўмовы ўвозу тавараў з Расеі. Аднак істотна павялічылі стаўкі адзінага падатку. Чакаецца, што ўжо ў студзені дэпутаты мясцовых саветаў зацьвердзяць новыя стаўкі падаткаў для дробных бізнэсоўцаў.

Паводле Алеся Макаева, цяпер на рынках у Беларусі працуе каля 60% прадпрымальнікаў. Нехта пайшоў у адпачынак ці часова прыпыніў дзейнасьць, нехта скарачае колькасьць сваіх гандлёвых кропак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG