Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньняшняга дня стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі падвышаная да 14% гадавых замест 12%. Нацыянальны банк афіцыйна паведамляе, што гэта мера ўваходзіць у “дадатковыя захады для забесьпячэньня стабільнасьці беларускага рубля”.

“Павелічэньне стаўкі рэфінансаваньня, а, адпаведна, і працэнтных ставак па ўкладах стане мерай, якая будзе стымуляваць прыток зьберажэньняў у банкі”, – гаворыцца ў прэсавым рэлізе Нацыянальнага банку.

Падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня – сыгнал для камэрцыйных банкаў. Цяпер яны могуць узьняць працэнтную стаўку для сваіх укладчыкаў. Але рост тут звычайна невысокі. Прыкладам, чалавек, які пакладзе сёньня ў ашчадную касу мільён беларускіх рублёў, будзе штомесяц атрымліваць прыбытку ўсяго на нейкія дзьве тысячы болей, чым чалавек, які паклаў той жа мільён летась.

Таму кіраўнік навукова-дасьсьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназуе: людзі ня кінуцца несьці свае грошы ў ашчадныя банкі:

“Яны не разумеюць, што такое працэнтная стаўка. Але яны вельмі добра лічаць, колькі яны згубілі з-за таго, што курс рубля да даляра апусьціўся.

Афіцыйнай гадавой лічбы інфляцыі пакуль няма. Але яна будзе дзесьці за 15%. Таму людзі на сваіх укладах не заробяць, яны проста згубяць менш. І я думаю, што падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня не прывядзе да таго, каб людзі супакоіліся”.

Звычайна адразу пасьля падвышэньня стаўкі рэфінансаваньня колькасьць укладчыкаў даволі значна павялічваецца. Такая тэндэнцыя, прынамсі, асабліва адчувалася ў апошнія тры-чатыры гады. І гэта зразумела: кожны спадзяецца мець ад укладзеных грошай нейкі прыбытак.

Аднак фінансавы абвал рэзка зьмяняе сытуацыю. Цяпер банкам трэба больш дбаць пра тое, як захаваць старых укладчыкаў, а не пра тое, як шукаць новых, адзначае Яраслаў Раманчук. Ён думае, што ўзьнікне новая тэндэнцыя: не ўкладаць грошы ў банкі, а забіраць іх:

“Не пакрыху, а актыўна будуць забіраць грошы, калі ўрад і нацыянальны банк укладчыкам гэта дазволяць. Гэта адна з самых галоўных небясьпек студзеня і лютага. Калі нават 5% укладаў банкаўскай сыстэма краіны згубіць, то гэта будзе мець значна горшыя наступствы параўнальна з неатрыманьнем крэдыту МВФ”.

Між тым, рэагуючы на фінансавы крызіс, заходнія краіны не падвышаюць, а наадварот – зьніжаюць стаўкі рэфінансаваньня. Чаму Беларусь робіць наадварот? Міністар эканомікі Мікалай Зайчанка, якому задалі гэта пытаньне на апошнім паседжаньні Палаты прадстаўнікоў (19 сьнежня 2008 году), даў дэпутатам такое тлумачэньне:

“Справа ў тым, што ў гэтых краінах ёсьць агромністыя рэзэрвы для таго, каб “падсілкоўваць” і банкаўскі, і рэальны сэктар эканомікі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG