Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крызісу ў краіне няма. Усё залежыць ад нас. І мы зробім усё для таго, каб мы былі моцнымі і багатымі», - заявіў Аляксандар Лукашэнка 7 студзеня падчас наведваньня Сьвята-Духава Катэдральнага Сабору ў Менску. У якой танальнасьці была вытрыманая прамова ў храме кіраўніка дзяржавы? Наколькі пераканаўча прагучалі заявы Лукашэнкі пра тое, што «мы ня будзем вам хлусіць»? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў
: «Што вам падалося найбольш істотным у выступе Аляксандра Лукашэнкі? У якой танальнасьці прагучалі ягоныя словы ў сьвяточны дзень Раства?»

Класкоўскі: «Што да танальнасьці, то адразу адзначу, што голас Лукашэнкі быў зусім не мэталічным, як гэта бывала на сэлектарных нарадах. І паколькі я глядзеў тэлевізійны сюжэт, то дадам, што і па вонкавым выглядзе прэзыдэнта відавочна, што і краіна, і ён перажываюць не найлепшыя часы.

Лукашэнка, праўда, «па інэрцыі» казаў, што крызісу ў нас няма. Пры гэтым тэлеаб'ектыў паказаў твары намэнклятурных дзеячоў, што стаялі ў храме, -- каб было зразумела, што гэтыя словы адрасаваныя менавіта ім. Маўляў, спуску ня будзе, спаганяць буду строга за ўсе паказчыкі.

Зноў прагучала, што крызіс ня наш, і гэта відавочнае дыстанцыяваньне ад тых непазьбежных нэгатыўных зьяваў у эканоміцы Беларусі, якія мы ўжо назіраем»

Цыганкоў: “Мне асабіста найбольш кінуліся ў вочы наступныя словы Лукашэнкі: «Мы ня будзем вам хлусіць, і я перш за ўсё. Мы будзем гаварыць і горкую праўду, нават калі яна горкая...» Як бы вы ацанілі гэты пасаж? Чаго ў ім больш – жаданьня пераканаць людзей у гэтым, ці падсьвядомага прабачэньня за тую хлусьню, якая ўжо прагучала?”

Класкоўскі
: “Гэта, на мой погляд, сапраўды выглядае як своеасаблівае пасыпаньне галавы попелам. Таму што навагоднюю дэвальвацыю народ успрыняў як “кідалава”. Мы ж памятаем, што раней Лукашэнка неаднойчы прысягаў, што ніякага абвалу ня будзе. А цяпер тыя дробныя чыноўнікі, якія спрабуюць гэтую дэвальвацыю неяк патлумачыць, выглядаюць недарэчна.

Высокае ж кіраўніцтва адчувае гэтую віну, таму гучаць такія ноткі замаскаванага пакаяньня. І нават тая фраза, што царква можа нас паправіць, укажа нам на нашы памылкі, -- яна таксама ў гэтым кантэксьце паказальная.

Таксама я б адзначыў тое, што фактычна Лукашэнка настройвае людзей на горшы сцэнар. Ён кажа, маўляў, хай мы на ўсялякі выпадак будзем трымаць у галаве горшы варыянт разьвіцьця падзеяў – калі ж будзе лепшы, то дзякуй Богу. Заўважце – жорсткі аўтарытарны кіраўнік кажа пра тое, што Госпад не абыдзе і гэтым разам Беларусь, дапаможа ў цяжкую хвіліну. Ён апэлюе да вышэйшых сілаў. Гэта сымптом таго, што цяпер адбываюцца працэсы, непадуладныя гэтай жорсткай і здавалася б, непахіснай уладзе”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG