Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі заяўляюць пра новыя акцыі пратэсту


Актывісты прадпрымальніцкага руху, незадаволеныя новымі ўмовамі працы, рыхтуюць акцыі пратэсту. Пра канкрэтныя намеры ў рэгіёнах даведваліся сёньня карэспандэнты “Свабоды”.


БАРАНАВІЧЫ

Сёньня ў Баранавічах актывісты прадпрымальніцкага руху і палітычных партыяў абмяркоўвалі тэрміны чарговай акцыі пратэсту.

“Страсянем мы іх 12-га. Выйдзем на плошчу”
Пра вынікі паседжаньня “Свабоду” інфармаваў палітык і прадпрымальнік Мікалай Чарнавус:

“Страсянем мы іх 12-га студзеня. Паглядзім на рэакцыю. Чалавек 200 зьбяром. Выйдзем на плошчу. Няхай улада ведае, што прадпрымальнікі нязгодныя. А то нібыта атрымліваецца, што ўказ падпісаны і ўсё нармальна, нібыта ўсе пагадзіліся працаваць ва ўмовах, як загадана. Аднак не! Ня ўсе пагадзіліся”.

Са словаў Мікалая Чарнавуса, указ № 703, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 сьнежня, ня ўлічвае патрабаваньняў, якія гучалі на акцыях пратэсту 10 і 15 сьнежня.

ГОРАДНЯ

Што ж канкрэтна не задавальняе цяпер прадпрымальнікаў?

Гандляр Аляксандар: “Плаціць давядзецца больш. Курс эўра падвышаны, і адпаведна вырастуць сумы і за месца, і НДС, і падатак павялічваецца”.

“Яшчэ ня ведаю, ці варта плаціць падаткі. Буду бачыць, куды хіліцца сытуацыя”.
Карэспандэнт: “Колькі прыблізна давядзецца плаціць?”

Спадар: “Я ня ведаю, ці варта плаціць. Буду бачыць, куды хіліцца сытуацыя…”

ГОМЕЛЬ

Рэчавыя рынкі ў Гомелі сёньня — напаўпустыя. Меркаваньне пра сытуацыю выказвае прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых:

“Людзей на рынках стала мала. Калі што бяруць, дык гэта найперш да сьвятаў прадукты харчаваньня. Я гандлюю адзеньнем, дык немагчыма працаваць. Па-першае, дазволілі стаўкі адзінага падатку падняць з 25 да 110 эўра. Апрача таго, каэфіцыент на імпартныя тавары павялічыўся з паўтара да двух. Людзі ў шоку.

“Хакеіст будаваў лёдавыя палацы, а не заводы і фабрыкі”
У эканамічным заняпадзе суразмоўца вінаваціць Аляксандра Лукашэнку:

“Замест таго, каб будаваць сучасныя заводы й фабрыкі, пятнаццаць гадоў будавалі лядовыя палацы. Дакладней, ня мы — у нас ёсьць хакеіст, які ўсё будаваў лядовыя палацы”.

І яшчэ адзін прадпрымальнік скардзіцца:

“Я першы дзень сёньня выйшаў — і нічога не прадаў. Прапалі грошы, што аддаў за гэтыя дзесяць дзён на падаткі, за месца. Лепей бы я дома сядзеў і ня рыпаўся”.

“Сытуацыя змушае пратэставаць і кансалідавацца”
Камэнтуе сытуацыю ў рэгіёнах Беларусі старшыня грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (афіцыйна зарэгістраванае ва Ўкраіне) Віктар Гарбачоў:

“Па нашых падліках, у рэгіёнах не працуюць ад 30 да 40 і больш працэнтаў прыватных прадпрымальнікаў. Яшчэ зараз будзе падвышэньне адзінага падатку. Давядзецца плаціць дадаткова за студзень. Людзі, як гаворыцца, пачнуць локці кусаць. Гэта змусіць пратэставаць і кансалідавацца”.

Сяргей Астраўцоў, Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода (Гомель).


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG