Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 7 студзеня, сераду.

Сьвята Раства Хрыстовага сёньня адзначаюць вернікі праваслаўнай царквы ў Беларусі. Пра Каляды, эканамічны крызіс і дэвальвацыю беларускага рубля — у выказваньнях слухачоў:

Надзея Міхайлаўна, Смаргонь: “Хачу выказаць падзяку прэзыдэнту і ўраду за падарунак да Раства. Народ гэтак верыў ураду, і гэтак урад яго падвёў”.

Спадар, Крычаў: “Беларусы ў 2009 годзе за дэвальвацыю рубля могуць кагосьці закідаць галёшамі паводле ірацкага сцэнару”.

Спадар: “Эканамічны крызіс Беларусі яшчэ не закрануў, а калі закране, то чакаецца абвал эканомікі і крах лукашызму. А пакуль лукашызм трымаецца на чатырох гнілых кітах: на крэдытах, калійных угнаеньнях, пнях ад зьнішчальнай высечкі лясоў і кабале беларускага народу”.

Віктар Канцавенка: “Лічу, неабходна тэрмінова стварыць камітэты, каб выйсьці з эканамічнага крызісу. Яны павінны быць складзеныя напалову з прадстаўнікоў адміністрацый выканкамаў, а напалову з чэсных, дзелавых, адукаваных, не заплямленых у хлусьні прадстаўнікоў народу”.

Спадар:

“Улада цішком „дабро“ дала
на абвал рубля.
Яна „дабро“ дае кожны мамэнт,
калі захоча прэзыдэнт”.


Спадарыня, Наваградак: “Прывітаньне, Радыё Свабода, віншую вас са сьвятам. Лукашэнка, адумайся, што ты робіш з народам, што ты зрабіў з нашым Наваградкам! Жах! Людзі ў шоку! Халадзільнік, які каштаваў мільён сто, цяпер каштуе мільён дзевяцьсот”.

Спадар: “Каляды для правакацыі апазыцыі проста ідэальныя. Цікава, дзе Севярынец?”

На пытаньне адказвае Павал Севярынец:

“Севярынец зараз у Менску. Канечне, сьвяткуем Каляды. Сьвята нараджэньня Хрыстовага — вялікае сьвята — у гэты час не працуем. Пасьля царквы, звычайна, ходзім да кагосьці ў госьці. Сьвяткуем”.

Міхась Чарнышоў, былы дырэктар Арэхаўскай школы: “Правільна я разумею ці не „Лінію Сталіна“? Я ўяўляю, што на гэтай лініі наверсе стаіць наш правадыр з клюшкай. У першых шэрагах ахова прэзыдэнта, далей ідзе дзьве палаты дэпутатаў, за імі спэцназ, АМАП, унутраныя войскі, міліцыя. Дык я хацеў задаць пытаньне спадару Арлову: „Лінія Сталіна“ пабудавана для таго, каб людзі ведалі, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка будзе кіраваць мэтадамі Сталіна?”

Адказвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

“Мне падаецца, што яшчэ больш страшна, чым АМАП і спэцназ, гэта тое, што “Лінію Сталіна”, пра якую вы, спадар Міхась, гаворыце, імкнуцца ўзьвесьці ў сьвядомасьці нашых суайчыньнікаў. Адказаць на гэта мы можам толькі тым, што нашых дзетак і нашых унукаў будзем выхоўваць у такім духу, што мы маем тысячагадовую гісторыю, у якой былі вялікія перамогі і славутыя палкаводцы. І нашую краіну называлі краінай замкаў, а не якіх-небудзь ліній. І калі мы выхаваем такое пакаленьне, то яму ня будуць страшныя ніякія “Лініі Сталіна”.

Спадарыня: “Дазвольце павіншаваць з днём нараджэньня Мікалая Аўтуховіча.

Душою, апаленай у Аўгане,
яны заўсёды на перадавой.
Вядуць, як ваяры і грамадзяне,
да лепшай Беларусі за сабой“.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG