Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавы крызіс паміж Расеяй і Украінай апошнімі днямі істотна пагоршыўся і пачаў наўпрост адбівацца на энэргетычнай бясьпецы Эўропы

Пастаўкі расейскага газу праз Украіну спыненьня прынамсі ў дзесяць эўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку Аўстрыю, Чэхію, Румынію, Славаччыну, Баўгарыю. Іншыя эўрапейскія краіны адчулі істотнае скарачэньне паставак – на дзьве траціны альбо болей. Расея і Украіна перакладаюць адна на адну адказнасьць за спыненьне паставак газу ў Эўропу.

Ад учорашняга дня тры з чатырох ліній магістральных газаправодаў, якія падаюць расейскі газ праз Украіну далей у Эўропу, былі спыненыя. Сёньня раніцай была спыненая апошняя лінія.

Намесьнік кіраўніка “Газпрому” Аляксандар Мядзьведзеў ахвяраваў калядным вечарам і спэцыяльна прыляцеў у Лёндан, каб зьвярнуцца да заходніх журналістаў:

“Мінулай ноччу у 2 гадзіны 30 хвілін украінцы ў аднабаковым парадку закрылі тры з чатырох экспартных газаправодаў. Бягучыя пастаўкі расейскага газу ў Эўропу праз Украіну скарочаныя прыблізна ў сем разоў у параўнаньні з нормай”.

Кіраўнік украінскай кампаніі “Нафтагаз” Алег Дубіна у той самы дзень, 6 студзеня, усклаў адказнасьць за гэта на Расею. Ён заявіў, што менавіта расейцы спынілі экспарт газу ў Эўропу праз Украіну:

“Пра гэта не было папярэджаньня з расейскага боку, але я сёньня магу сказаць, што хутчэй за ўсё яны вырашылі зусім спыніць пастаўкі газу ў Эўропу праз Украіну”.

5 студзеня, напярэдадні адключэньня першых трох экспартных газаправодаў, якія ідуць праз тэрыторыю Украіны, Першы канал расейскага тэлебачаньня паказаў урыўкі гутаркі прэм’ера Уладзімера Пуцін зь кіраўніком Газпрому Аляксеем Мілерам, у якой Пуцін, нібыта пашкадаваўшы людзей ва Ўкраіне, загадаў “Газпрому:

“Добра, згодны, скарачайце ад сёньняшняга дня”.

Цікава, што пры гэтым Аляксей Мілер мімаходзь сказаў, што Газпром будзе выходзіць на рынкі трэціх краін, каб закупіць газ для паставак у Эўропу.

Міхаіл Ганчар, аналітык з кіеўскага цэнтру “Стратэгія-1”, перакананы, што расейскі газ на ўкраінскай тэрыторыі ніхто не перакрываў, ён проста не пастаўляецца. І гэты канфлікт, і спыненьне паставак газу на экспарт у Эўропу спадар Ганчар тлумачыць праблемамі забесьпячэньня балянсу газу ў самой Расеі:

“Адначасова ім даводзіцца закрываць і свой унутраны балянс, забясьпечваць сваіх спажыўцоў і экспартныя пастаўкі. А тэмпэратура паніжаецца, спажываньне газу расьце. Таму яны вымушаныя перш за ўсё забясьпечваць свае ўнутраныя патрэбы і памяншаць пастаўкі за мяжу, спачатку за кошт Украіны, а цяпер відавочна сытуацыя стала больш сур'ёзнай. Але сам факт таго, што пастаўкі газу на экспарт прыпыненыя, беспрэцэдэнтны, гэта нонсэнс у расейскай пазыцыі”.

Міхаіл Ганчар зьвяртае ўвагу, што Эўропа імкнецца ня браць пад увагу палітычны кантэкст газавай спрэчкі паміж Украінай і Расеяй, памылкова разглядаючы яе як канфлікт дзьвюх камэрцыйных кампаніяў.

Украіна, якая застаецца без расейскага газу ад 1 студзеня, карыстаецца газам уласнай здабычы і запасамі са сховішчаў. Фактычна Украіна падрыхтавалася да гэтага канфлікту з Расеяй, газу ёй можа хапіць на некалькі месяцаў.

Не падрыхтаваная была Эўропа.

Краіны Эўразьвязу ў адзін голас патрабуюць ад Расеі і Ўкраіны спыніць варожасьць у двухбаковых дачыненьнях і аднавіць працу транзытных газаправодаў. У Эўропе вымушаныя абмяжоўваць спажываньне газу, адкрываць стратэгічныя рэзэрвы, пераходзіць на мазут і вугаль. Напрыклад, Вугоршчына абмежавала падачу газу заводам і фабрыкам, каб у першую чаргу забясьпечыць палівам жылыя будынкі.

Баўгарыя, якая цалкам залежыць ад паставак расейскага газу, калі паліва перастала прыходзіць, была вымушаная закрыць школы і офісы. Прэм’ер Баўгарыі Сяргей Станішаў выказаў занепакоенасьць, якую адчуваюць ужо ў многіх эўрапейскіх сталіцах:

“Стала зразумела, што практычна ўвесь Эўрапейскі зьвяз, асабліва краіны Паўднёва-Усходняй Эўропы, сталі закладнікамі канфлікту паміж “Газпромам” і Ўкраінай, якія ня могуць дасягнуць пагадненьня наконт кантракту аб пастаўках газу ў 2009 годзе. Гэта непрымальна для нас”.

Чэхія, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, праводзіць аднабаковыя перамовы з Масквой з мэтай пераключыцца на пастаўкі расейскага газу зь Ямалу па трубаправодзе, які ідзе празь Беларусь і Польшчу.

Расея і Ўкраіна зьбіраюцца аднавіць газавыя перамовы ў чацьвер 8 студзеня, але раздражненьне з абодвух бакоў паказвае, што ім будзе цяжка хутка дасягнуць дамоўленасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG