Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці не пакрыўдзяцца ўкраінцы на беларусаў?


7 студзеня Расея спыніла пастаўкі газу праз тэрыторыю Ўкраіны ў Эўропу. У “Газпроме” заяўляюць, што ў халоднае надвор’е гэта можа прывесьці да значных тэхнічных непаладак у газатранспартнай сыстэме. Што выйграла Беларусь падчас газавай спрэчкі паміж Украінай і Расеяй?

У прэсавай службе “Газпрому” паведамілі, што нітка “Ямал — Эўропа”, якая ідзе праз тэрыторыю Беларусі, запоўненая “пад завязку”. Паводле намесьніка старшыні праўленьня канцэрну Аляксандра Мядзьведзева, “Газпром” робіць усё магчымае, каб пастаўкі газу па газаправодзе “Ямал — Эўропа”, па беларускай экспартнай сыстэме працягваліся ня толькі ў нармальным рэжыме, але і з выкарыстаньнем усіх рэзэрваў. Ён ня выключыў павелічэньня транзыту яшчэ прыкладна на 10 мільёнаў кубамэтраў.

Прадстаўнік “Белтрансгазу” Ўладзімер Чэкаў нагадаў, што ад 1 студзеня “Газпром” ужо павялічыў транзыт газу празь Беларусь у Эўропу.

Ніякіх аварый мы не павінны дапусьціць. Цьфу, цьфу, цьфу.
“Мы зараз дадалі 26 мільёнаў кубамэтраў у суткі. Гэта аб’явіў наш генэральны дырэктар. Больш я нічога дадаць не магу. 20 — па трубе “Ямал — Эўропа”, уласьнікам якой зьяўляецца “Газпром”, а мы апэратарам на гэтай трубе. І шэсьць мільёнаў — гэта празь беларускую сыстэму трубаправодаў. Мы выконваем поўнасьцю пакуль заяўкі “Газпрому”.

Ці можа такая рэзкая загрузка магутнасьцяў на тэрыторыі Беларусі прывесьці да аварый на нітках?

“Гэта наша справа. Ніякіх аварый мы не павінны дапусьціць. Цьфу, цьфу, цьфу”.

Паводле былога супрацоўніка Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў “Белтрансгазу” Алеся Меха, тыя аб’ёмы газу, якія ішлі ў Эўропу праз Украіну, немагчыма прапампаваць празь Беларусь. У асноўным на эўрапейскі транзыт разьлічана нітка “Ямал — Эўропа”.

“Сетка „Белтрансгазу“ не дазваляе шмат газу прапампаваць за мяжу.
Сетка „Белтрансгазу“ не дазваляе шмат газу прапампаваць за мяжу.
Гэта тэхнічныя магчымасьці. Яна накіроўвала асноўны аб’ём на Ўкраіну. Каб скарыстаць магчымасьці таго, што засталося ва ўласнасьці „Белтрансгазу“, найперш трэба было пераарыентаваць напрамак газаправодаў. Аб’ём газу, які прапампоўваецца праз Украіну, нельга скампэнсаваць празь Беларусь. Украіна мае рацыю ў спрэчцы з Расеяй. Я мяркую, што Ўкраіна пераможа. Тое, што цяпер няма цаны на газ для Беларусі — гэта вынік расейска-ўкраінскага канфлікту. Цана на газ — гэта палітычная цана, у першую чаргу. І для Беларусі будзе адна цана, а для Ўкраіны зусім іншая”.

Паводле дырэктара “Белтрансгазу” Ўладзімера Маёрава, беларускі бок плянуе цягам студзеня падпісаць дадатковае пагадненьне па цане на газ у гэтым годзе. Асноўныя палажэньні па цэнаўтварэньні былі замацаваныя падчас сустрэчы кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Хаця цаны на газ няма, але пастаўкі газу ў Беларусь адбываюцца ў поўным аб’ёме.

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў:

“У абставінах, калі ў Расеі ёсьць канфлікт з Украінай наконт газу, ёй ужо неяк нязручна ўступаць у канфлікт зь Беларусьсю. Таму мы можам разьлічваць на нейкія саступкі.
Нешта дадасца ад павелічэньня транзыту, але гэта капейкі зусім.
Невядома, як Масква сябе будзе паводзіць, але з агульных меркаваньняў можна на гэта разьлічваць. Яшчэ нешта дадасца ад павелічэньня транзыту, але гэта капейкі зусім. Але пры гэтым мы можам сапсаваць стасункі з той жа Ўкраінай. Калі Масква будзе гнаць свой газ празь „Ямал — Эўропа“, тут ад нас нічога не залежыць. Калі гэта празь Белтрансгаз яшчэ ідзе, і гэта наша ініцыятыва будзе, Украіна можа пакрыўдзіцца, што мы карыстаемся зь яе цяжкага становішча на сваю карысьць”.

Нагадаем, расейскі газ празь Беларусь паступае ў Польшчу і ў Нямеччыну. Міністар эканомікі Нямеччыны Міхаэль Глёс пасьля сустрэчы з намесьнікам старшыні праўленьня “Газпрому” Аляксандрам Мядзьведзевым адзначыў, што выйсьцем з сытуацыі ёсьць паскораная пракладка газаправоду Nord Stream з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора ў абыход усіх краін-транзытэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG